11.06.2019 / 20:29

Працу камісіі па прыёмцы акумулятарнага завода пад Брэстам працягнулі

Брэсцкі акумулятарны завод праходзіць працэдуру прыёмкі аб'екта ў эксплуатацыю, паведамляе БелТА. Усе будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы на прадпрыемстве былі завершаны 29 сакавіка. Зараз ідзе здача аб'екта ў эксплуатацыю, працуе спецыяльная міжведамасная камісія. Тэрмін заканчэння яе працы неаднаразова пераносілі для атрымання дадатковага пацвярджэння экалагічнай службы. Так, праца камісіі падоўжаная да 21 чэрвеня.

Цяпер не пацверджаны праектныя паказчыкі нарматываў дапушчальных выкідаў у дачыненні да дзвюх з 30 нармаваных крыніц — гэта газаачышчальныя ўстаноўкі на ўчастку вытворчасці свінцовага парашка (крыніца ад плавільных катлоў) і на лініі пастанамазкі. Калі змадэляваць іх рэжым працы зараз, то сумарнае перавышэнне выкіду свінцу за год можа скласці 120 г.

Заключэнне з Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Мінпрыроды на прадпрыемстве чакаюць 14 чэрвеня. Калі яно будзе станоўчым, Дзяржбуднагляд выдасць фінальнае заключэнне на ўвод аб'екта ў эксплуатацыю. У выпадку адмоўнага адказу ў ТАА «АйПаўэр» пачнуць працэдуру карэкціроўкі праектных рашэнняў у адпаведнасці з заканадаўствам.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру