12.06.2019 / 10:45

Сацыёлаг: Беларусы ганарацца сваёй дзяржавай, хочуць адраджэння мовы і рынкавых рэформаў 9

Госьць «Інтэрвію тыдня» на «Радыё Свабода» Дар’я Урбан — сацыёляг Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту (МП). Яна паведамляе, наколькі рынкавымі сталі беларусы за апошнія гады, тлумачыць, як спалучаецца высокі ўзровень гордасьці за сваю краіну і жаданьне эміграваць, а таксама адказвае на пытаньне, ці перарасло беларускае грамадзтва ў сваёй прагрэсіўнасьці і рынкавасьці цяперашнюю ўладу.

Дар'я Урбан

Беларусы цяпер нашмат болей схіляюцца да рынкавых рэформаў

— Дасьледчы цэнтар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту (ІПМ) правёў маштабнае дасьледаваньне каштоўнасьцяў насельніцтва Беларусі. У ім даволі шмат лічбаў, і ўсе іх мы ня зможам закрануць у нашай размове. Дар’я, ці можна вылучыць нейкую сфэру, у якой найбольш ярка назіраецца зьмена ў каштоўнасьцях беларусаў за апошнія гады?

— Можна параўноўваць дадзеныя толькі ў тым выпадку, калі супадае мэтадалёгія. Таму я не магу ацаніць усе сфэры, якія мы вывучалі — культурныя каштоўнасьці, рэлігійныя, сямейныя, давер, пачуцьцё бясьпекі і шмат чаго іншага. Паколькі мы не праводзілі раней дасьледаваньне менавіта гэтых каштоўнасьцяў, то параўноўваць тут я не магу.

Але мы параўноўвалі эканамічныя каштоўнасьці, стаўленьне да рынкавай эканомікі. І тут назіраецца прыкметнае адрозьненьне ад таго, што было ў 2008—10 годзе. Мы бачым, што беларусы нашмат болей цяпер схіляюцца да рынку. Адначасова з гэтым яны нашмат меней схіляюцца да каштоўнасьцяў дзяржаўнага рэгуляваньня эканомікі.

— Я прачытаў у вашым дасьледаваньні, што ўсё больш беларусаў аддаюць перавагу ў якасьці найлепшай працы недзяржаўным беларускім і замежным прадпрыемствам, «рэйтынг» дзяржаўных прадпрыемстваў моцна ўпаў.

— Тут розныя прычыны. Розьніца заробкаў, умовы працы (на дзяржаўных трэба «адседзець» на працы 8 гадзін, на прыватных больш гнуткі графік). Шмат якія дзяржаўныя цяпер у заняпадзе, людзям камфортней працаваць у больш пасьпяховых сфэрах. Але нейкага рэзкага скачка перавагаў не назіраецца. І шмат чаго залежыць ад рэгіёну. У Гомельскай вобласьці, прыкладам, дагэтуль найбольш прывабныя для насельніцтва дзяржаўныя прадпрыемствы.

Выбар робіцца не на аснове таго, дзяржаўнае ці не, — а на аснове таго, дзе цікавей і лепш працаваць, дзе лепш заплацяць.

— Узрост і даходы — тая мяжа, па якой беларусы дзеляцца ў сваіх ацэнках рынкавай эканомікі. Чым маладзейшыя і чым большы даход — тым болей яны падзяляюць рынкавыя каштоўнасьці, тым меней у іх патэрналізму. Ці дае гэта вам пэўны аптымізм?

— Думаю, так, гэта станоўчая тэндэнцыя. Па ўсім дасьледаваньні відаць, што чым маладзейшыя людзі, тым болей шырокія і сучасныя ў іх погляды. Гэта можа быць зьвязана з шырокім распаўсюдам інфармацыі з розных крыніцаў. Але, зноў-такі, ні ў якіх пытаньнях у нас не назіраецца вельмі драматычнай розьніцы.

— Для вас як грамадзяніна і сацыёляга якая лічба была найбольш нечаканай і сэнсацыйнай?

— У кожнай тэме ёсьць вынік, які моцна зьдзіўляе. Для мяне вельмі важны быў вынік, як насельніцтва ацэньвае ўзровень бясьпекі. У цэлым — даволі высока, але мы назіраем вялікую розьніцу ў тым, як адказваюць мужчыны і жанчыны. 55 працэнтаў мужчын адчуваюць сябе ў бясьпецы. І толькі 28 працэнтаў жанчын.

Цікавыя вынікі атрымаліся ў тым, якія якасьці трэба выхоўваць у дзецях. У прыярытэце аказаліся традыцыйныя якасьці — працавітасьць, паслухмянасьць, адказнасьць. А вось свабода думкі, ініцыятыўнасьць, уяўленьне набралі менш балаў.

Цікава, як людзі ставяцца да працы. Тут прыярытэт — высокая аплата, а не цікавасьць працы.

Узровень гонару за сваю краіну вельмі высокі

— Мяне даволі ўразіў адказ рэспандэнтаў на пытаньне, ці ганарацца яны Беларусьсю. І станоўча адказала 85 працэнтаў. Але вы ня бачыце тут ніякай сэнсацыйнасьці і нечаканасьці?

— Гэта даволі складанае пытаньне, яго асобна разглядаць ня варта. Калі пытаесься «ў лоб», ці ганарыцеся вы краінай — то людзі адказваюць «так». Так што трэба параўноўваць яго зь іншымі пытаньнямі. Напрыклад, з тым, ці будзеце вы змагацца за сваю краіну, калі будзе вайна. Тыя ж 85 працэнтаў адказалі, што гатовыя змагацца за сваю краіну. Пры гэтым мы бачым, што ня так шмат людзей размаўляюць на беларускай мове.

— Як сказана ў вашым дасьледаваньні, 86 працэнтаў лічаць, што беларуская мова — «гэта найважнейшая частка нашай культуры, якая павінна захавацца».

— Так і ёсьць. У цэлым узровень ляяльнасьці людзей да Беларусі вельмі высокі. Узровень гонару за сваю краіну таксама вельмі высокі.

— У вашым дасьледаваньні няма пытаньня пра міграцыю. Але вы, напэўна, бачылі вынікі іншых сацыялягічных цэнтраў, паводле якіх даволі значны працэнт беларусаў заяўляе, што яны хацелі б эміграваць. Як гэта стасуецца з вашымі дадзенымі пра патрыятызм і гонар за краіну?

— Гэта тыя рэчы, якія цалкам ужываюцца адна з адной. Бо гордасьць за краіну — гэта ня толькі гонар за нейкія палітычныя і эканамічныя дасягненьні, гэта ў цэлым гордасьць за свой дом. Мы задавалі адкрытае пытаньне, з чым у вас асацыюецца Беларусь. І там самая частая асацыяцыя — гэта дом. Асацыюючы Беларусь з домам і радзімай, яны ганарацца перш за ўсё гэтым.

Што тычыцца таго, чаму яны хочуць зьехаць… Можна колькі заўгодна ганарыцца, але калі тут няма працы… Напрыклад, нанахімік. У Беларусі няма лябараторыі нанахіміі — і ён вымушаны шукаць працу недзе яшчэ. Можа быць шмат чыньнікаў, якія ўплываюць на жаданьне зьехаць. І, як вы ведаеце, можна любіць радзіму на адлегласьці.

— Грамадзтва можа мець свае каштоўнасьці, але цяперашняя ўлада праводзіць сваю лінію, якая часам можа не супадаць з настроямі людзей. Ваша ды іншыя дасьледаваньні, а таксама аналіз таго, што адбываецца ў эканоміцы і палітыцы — ці можна зрабіць выснову, што беларускае грамадзтва ў сваёй прагрэсіўнасьці і рынкавасьці перарасло ўладу? Ці ўсё-ткі дзеяньні ўлады пакуль адпавядаюць настроям большасьці беларусаў?

— Складанае пытаньне, і адказ на яго вельмі моцна залежыць ад таго, пра каго мы гаворым. Калі мы кажам пра сельскіх жыхароў, адказ будзе адзін. Маладыя людзі — іншы адказ, жыхары Менску — яшчэ адзін. У многіх буйных гарадах зьяўляецца такая тэндэнцыя, калі людзі самі сабе арганізуюць тое, чаго ім не хапае, чаго ўлады не забясьпечваюць. Самі сабе адкрываюць школы, ладзяць выставы, лекцыі.

У нейкім сэнсе цяпер існуюць два паралельныя сьветы. У адным — звычайныя школы, у іншым — прыватныя. Мы бачым, як моцна разьвіваецца ўся гэтая недзяржаўная інфраструктура. Людзі гатовыя ісьці наперад і робяць гэта. Калі ж справа тычыцца нейкіх дзяржаўных ініцыятываў — яны ёсьць. Але яны іншага характару. Таму мне здаецца, што ёсьць разрыў паміж тым, чаго людзі чакаюць ад дзяржавы, і тым, што дзяржава робіць — і гэта паказала наша апытаньне.

Палітыка і эканоміка аказваюць моцны ўплыў на каштоўнасьці. Зьмены могуць адбывацца зьверху, калі эліты вырашаюць зьмяніць сытуацыю. Але могуць адбывацца і зьнізу, калі людзі самі дарасьлі да таго, што памянялася іхняя каштоўнасная сыстэма. І яны пачынаюць рухацца ня ў тым кірунку, у якім ідзе палітычная сыстэма.

Цяпер у нас, як мне падаецца, адбываецца нешта такое, калі значная частка насельніцтва разумее, што так быць не павінна, павінна быць па-іншаму, і пачынае сама сабе ствараць гэтае «па-іншаму».

9
borname / Адказаць
12.06.2019 / 10:58
Вядома, што любы нармальны чалавек павінен ганарыцца сваёй мовай, культурай і нацыянальнай прыналежнасцю. Не робяць у нас гэта толькі акупанты або дурні
3
LitvinM / Адказаць
12.06.2019 / 11:17
Ну і добра калі так
7
Яуген78 / Адказаць
12.06.2019 / 13:05
З ранiцы наткнууся на кнiгу Севярынца "Нацыянальная iдэя", - вельмi моцна, ведаеце, за душу кранае...
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру