12.06.2019 / 11:43

Як здавалі ЦТ па беларускай мове

Учарашні дзень атрымаўся гарачы ва ўсіх сэнсах: у 30-градусную спёку ў Беларусі стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне. Нябесная канцылярыя аказалася да абітурыентаў нялітасцівай… Беларускую мову (а менавіта з тэста па роднай мове і распачаўся экзаменацыйны марафон) сёлета пажадала здаваць больш як 22 тысячы абітурыентаў. Для параўнання: на рускую мову зарэгістравалася амаль 63 тысячы чалавек.

Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт — адзін з 40 пунктаў правядзення ЦТ у нашай краіне. Учора ў шасці яго аўдыторыях павінны былі пісаць тэст 452 чалавекі, але, як заўсёды, пэўны працэнт з тых, хто зарэгістраваўся, на экзамен не прыйшлі. Рускую мову ў БДМУ будуць здаваць 798 чалавек, для іх давялося «браніраваць» ужо 11 аўдыторый.

Заблытацца ў калідорах медуніверсітэта немагчыма. Уся лагістыка добра прадуманая, паўсюль размешчаны паказальнікі-падказкі. На ўваходзе ўсе абітурыенты праходзяць строгі фэйс-кантроль: арганізатары супастаўляюць фота ў дакументах, так бы мовіць, з «арыгіналам». З ксеракопіяй пашпарта абітурыентаў не прапусцяць, як і з вадзіцельскім пасведчаннем. Перад аўдыторыяй абітурыенты праходзяць яшчэ адзін пашпартны кантроль і цягнуць нумар свайго месца ў аўдыторыі. Ад яго будзе залежаць варыянт тэста.

Высвятляецца, што адна з абітурыентак прыйшла на экзамен з даведкай з органаў унутраных спраў замест пашпарта, але паколькі фатаграфіі ў гэтым дакуменце няма, яе на экзамен прапусціць не могуць — раяць пазней звярнуцца з «правільнай даведкай» у дзяржкамісію, каб быць дапушчанай да ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень.

— Шчыра кажучы, легкадумнасць абітурыентаў, якія здаюць пашпарт для адкрыцця візы ў час правядзення ЦТ ці для нейкіх іншых працэдур, нас здзіўляе. Няўжо для іх гэта больш важнае, чым прыёмная кампанія і паступленне? — заўважае сакратар арганізацыйнай камісіі па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання на базе БДМУ Яўген Чарнавус. — Мы маем права прапусціць абітурыента на ЦТ толькі з арыгіналам пашпарта, даведкай з відам на жыхарства або даведкай з органаў МУС устаноўленай формы, якая сведчыць аб страце галоўнага дакумента.

Мінчанка Аксана Спічакова, Кірыл Каляга з Докшыц, Дар'я Ярашэвіч з Ганцавіцкага раёна і Мікіта Еўстаф'еў з гарадскога пасёлка Гарадзея Нясвіжскага раёна пазнаёміліся і пасябравалі на падрыхтоўчым аддзяленні БДМУ. Ніхто з іх не сумняваўся, якую мову ім здаваць на ЦТ, — вядома, беларускую!

Склад арганізацыйнай камісіі па правядзенні ЦТ у медуніверсітэце застаецца стабільным шмат гадоў. У ВНУ склалася сапраўдная каманда, дзе ўсе адно аднаму давяраюць і ў кожнага ёсць свая зона адказнасці. Усе працэдурныя моманты і маршруты перамяшчэння па будынку ўніверсітэта добра прадуманы. Пакінуць недзе па дарозе ў экзаменацыйную аўдыторыю шпаргалкі ці тэхнічныя прылады, каб потым імі скарыстацца, у абітурыентаў не атрымаецца. А вось спробы скарыстацца сучаснымі ўстройствамі падчас напісання тэста ў аўдыторыях раней фіксаваліся.

— Колькі гадоў таму быў выпадак, калі малады чалавек адмаўляўся зняць на час экзамену сваю «шчаслівую кепку», але галаўны ўбор закрываў палову яго твару. І яму ўсё ж такі давялося гэта зрабіць, — расказвае Яўген Чарнавус. — Між іншым, у БДМУ ва ўсіх аўдыторыях, дзе праходзіць ЦТ, вядзецца відэаназіранне. Здараюцца і ўвогуле сітуацыі, якія ні ў адным дакуменце не прапішаш. На тэст да нас прыйшоў з дзяжурства супрацоўнік органаў унутраных спраў з… табельнай зброяй. Здаць яе на час экзамену ён не меў права, а мы, у сваю чаргу, не маглі дапусціць яго на экзамен, бо пералік прадметаў, якія можна браць з сабой у аўдыторыю, дакладна прапісаны. Выклікалі яго калег, каб тыя забралі табельную зброю.

Рэдкі год абыходзіцца без казусных сітуацый. І парушальнікі правілаў правядзення ЦТ, на жаль, выяўляюцца кожны год. Члены арганізацыйнай камісіі прыгадалі выпадак з дзяўчынай — пакуль яна пісала тэст, ніякіх прэтэнзій да яе паводзін не было. А вось калі абітурыентка ўжо здавала сваю экзаменацыйную работу, з яе пашпарта выпала шпаргалка. Ці карысталася яна ёй, невядома. Але правілы ёсць правілы. За такія паводзіны абітурыенты заўсёды адхіляюцца ад экзамену і вынікі іх тэста анулююцца. Таксама не мае значэння, ці карыстаўся ты мабільным тэлефонам. Але калі яго ў цябе знойдуць, ты імгненна будзеш выстаўлены з экзаменацыйнай аўдыторыі.

— Некаторыя абітурыенты быццам бы свядома выпрабоўваюць сістэму ЦТ на трываласць. Напрыклад, прыносяць на экзамен ручку з зялёным, чырвоным і сінім чарнілам, хоць мы заўсёды тлумачым ім, што чорная гелевая ручка патрабуецца для таго, каб сканер затым мог максімальна дакладна і карэктна распазнаць вашы адказы, — падкрэслівае Яўген Чарнавус. — Мы нават гатовы даць ім запасныя ручкі, якія ў нас заўсёды ёсць у запасе. Іх забаранілі трымаць у аўдыторыях, каб не было аніякіх падазрэнняў, што хтосьці з арганізатараў можа паўплываць на вынікі экзамену, але калі такая неабходнасць узнікае, мы можам перадаць ручку непасрэдна абітурыенту, які мае ў ёй патрэбу. І ўсё роўна кожны год бачым тэставыя работы, запоўненыя рознакаляровым чарнілам. Ёсць абітурыенты, для якіх тэставы экзамен — гэта спорт: яны запаўняюць бланк адказаў за лічаныя хвіліны, прычым метадам прыгожага малюнку. А раптам пашанцуе? Увогуле мы ставімся да абітурыентаў вельмі лаяльна, дазваляем ім праносіць з сабой пітную ваду, хоць яна ў кожнай аўдыторыі абавязкова стаіць на асобным століку.

У медпункце заступілі на вахту маладыя ўрачы-кардыёлагі Мікіта ВОЛКАЎ і Віталь ВАРАБ'ЁЎ. Ім знайшлася работа яшчэ да пачатку экзамену. Адна з дзяўчат перахвалявалася і звярнулася па дапамогу, але хлопцы хутка вярнулі яе ў строй. Рэктар БДМУ Анатоль СІКОРСКІ кажа: «Здараецца, што медыцынская дапамога патрабуецца не толькі абітурыентам, але і іх бацькам, якія чакаюць на вуліцы. Яны хвалююцца нават больш за сваіх дзяцей». Абітурыентам карысна ведаць: у тым выпадку, калі самаадчуванне рэзка пагоршыцца падчас экзамену, гэты факт абавязкова павінен засведчыць медыцынскі работнік. З медыцынскай даведкай будзе дадзена магчымасць пераздаць гэту дысцыпліну ў рэзервовы дзень. Але падоўжыць тэрмін выканання тэставай работы арганізатары, якія прысутнічаюць у аўдыторыі, не маюць права.

А палове адзінаццатай на вачах у журналістаў арганізацыйная камісія разам з прадстаўнікамі Камітэта дзяржкантролю адчыніла сейф, куды ў 7 гадзін раніцы былі змешчаны матэрыялы цэнтралізаванага тэсціравання. Іх дастаўкай па краіне займаюцца кур'еры фельд'егерскай службы. Матэрыялы ЦТ дастаўляюцца ў апламбаваных сумках накшталт інкасатарскіх.

Для дастаўкі тэстаў ва ўсе аўдыторыі, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, рыхтуюцца спецыяльныя пакеты з сакрэтнай стужкай, якія проста немагчыма ўскрыць непрыкметна, скажам, на шляху ад сейфа да аўдыторыі. Як толькі цэласць стужкі парушаецца, на ёй праступаюць схаваныя ад вачэй сімвалы. Да таго ж на кожным пакеце ёсць ярлычок, дзе нанесены нумар і штрых-код, што дазваляе ідэнтыфікаваць пакеты пры іх вяртанні з пунктаў тэсціравання ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

На кожную аўдыторыю запаўняецца акт, у якім пазначана не толькі колькасць бланкаў, але і іх нумары, таму чужыя бланкі апынуцца ў пакеце не могуць. Да таго ж і арганізатары ЦТ у аўдыторыі пацвярджаюць сваім подпісам, што менавіта гэты бланк знаходзіўся ў экзаменацыйнай аўдыторыі.

Да прыёмнай кампаніі прыцягнута па краіне больш як 250 супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, якія павінны адсочваць усе яе ключавыя моманты: ад правядзення тэставых выпрабаванняў да падачы дакументаў у прыёмныя камісіі і залічэння. Іх «вахта» закончыцца толькі пасля завяршэння залічэння ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Супрацоўнікі камітэта па ўсёй краіне дапамагаюць забяспечваць захаванасць пакетаў з тэставымі заданнямі і бланкаў адказаў. У іх суправаджэнні ажыццяўляецца транспарціроўка сумак з Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў у пункты правядзення тэсціравання. Разам з імі прадстаўнікі арганізацыйных камісій па ўсёй краіне ўскрывалі ўчора апячатаныя сейфы, дзе захоўваліся пакеты са згаданымі паперамі і г. д.

— Наша задача — забяспечыць кантроль за тым, каб роўныя магчымасці пры паступленні былі для ўсіх, — падкрэслівае кіраўнік рабочай групы Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў, начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Павел Пінчук. — Для аператыўнага рэагавання на звароты абітурыентаў і іх бацькоў па пытаннях уступных іспытаў працуе тэлефон «гарачай лініі» рабочай групы ў Мінску (8 017 327 66 80). Але звяртацца ў штаб-кватэру можна і для асабістага прыёму. Я б параіў абітурыентам быць больш уважлівымі і сканцэнтраванымі і падчас азнаямлення з педагагічнымі тэстамі, і падчас іх рашэння, і падчас унясення сваіх варыянтаў у бланк адказаў. Уважлівасць патрабуецца нават пры запаўненні вобласці рэгістрацыі. Літаральна ўсе нюансы маюць значэнне. Пастарайцеся захоўваць спакой, хоць гэта і няпроста.

У 10.45 пакеты з бланкамі адказаў і тэставымі заданнямі дастаўляюцца ў экзаменацыйныя аўдыторыі. Градус напружання расце. Абітурыентам даюць апошнія кансультацыі: што рабіць, калі раптам яны адчуюць сабе дрэнна, або калі скончыцца папера для чарнавіка… Удзельнікам ЦТ забараняецца мяняцца месцамі, выкарыстоўваць чужую дапамогу пры выкананні тэставых заданняў, размаўляць з іншымі ўдзельнікамі ЦТ, карыстацца любымі сродкамі сувязі. Абітурыент, які парушыў патрабаванні, адхіляецца ад удзелу ў ЦТ. Яго бланк адказаў пагашаецца, а ў пропуску робіцца пазнака «Выдалены за парушэнні».

У 11.00 пакет з бланкамі адказаў ускрываецца, а затым і з тэставымі заданнямі. Пасля ўскрыцця пакета з педагагічнымі тэстамі абітурыенты ў аўдыторыю ўжо не дапускаюцца. Адлік часу пайшоў…

Напрыканцы дня стала вядома, што падчас правядзення ў краіне ЦТ па беларускай мове парушальнікаў у аўдыторыях не выяўлена. На экзамен не прыйшлі 977 чалавек, якія зарэгістраваліся на тэсціраванне. І чатыры абітурыенты не змаглі дапісаць тэст па медыцынскіх паказаннях. Яны змогуць гэта зрабіць у рэзервовы дзень.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру