12.06.2019 / 16:33

«Збіраем па два ўраджаі»: фермеры Берасцейшчыны мяняюць спецыялізацыю 19

Цэны на клубніцы апусціліся да гістарычнага мінімуму. У сялян аптавікі скупляюць іх па 20 капеек за кілаграм. Гэта не выпадкова: многія фермеры Берасцейшчыны пераарыентаваліся на клубніцы з малін, і рынак перасыціўся. Прадпрымальныя сяляне шукаюць цяпер іншыя нішы.

Маліны расчаравалі берасцейскіх сялян. Мінскія аптавікі купляюць танна, а на рынкі Масквы і Піцера цяжка прабіцца і даехаць. Маліны — тавар капрызны, зусім не ляжаць. 

Фермер Вадзім Ллойд з Драгічынскага раёна расказаў «Нашай Ніве», што многія яго калегі проста адмовіліся ад вырошчвання малін:

«Многа хто на гэты год заараў свае плантацыі. Я пакуль трымаюся, але трывога ўсё ж ёсць. У Беларусі недастае тых, хто займаецца перапрацоўкай маліны. Існуюць адзінкавыя дзяржаўныя кансервавыя заводы, але яны прапаноўваюць такую мізерную закупачнаю цану, што прасцей сапраўды выкінуць тую ягаду», — кажа Вадзім Ллойд.

Большая частка ўраджаю накіроўваецца ў Расію. Але «сёлета на мяжы з Расіяй ёсць пэўныя праблемы.

Цяпер расійскі бок патрабуе фіта-санітарнае пасведчанне, а не ўсе фермеры паспелі яго аформіць. Таму на мяжы чарга. А наш тавар вельмі далікатны.

Напрыклад, калі пойдуць дажджы, маліны робяцца вадзяністыя. Некалькі гадзін — і яны пакрываюцца цвіллю. Даязджаюць да купца, ён глядзіць на ўсё гэта, і, вядома, адмаўляецца. Хаця за малінамі прасцей даглядаць, чым за клубніцай. Было б каму прадаваць. У розніцу таксама няма сэнсу гэтым займацца. Ну колькі ты той ягады паспееш прадаць?» — расказвае фермер.

Фермер Ллойд мае сёлета 4 гектары клубніц і 5 — малін.

Фермеры вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна ад малін таксама пераважна адмовіліся. Перайшлі на клубніцы — у закрытым грунце, раннія. А таксама дурніцы.

Растуць плантацыі дурніц і ў Івацэвіцкім, Брэсцкім раёнах. Дурніцы лёжкія і — на сёння — паплатныя. Але іх можа сабе дазволіць той, хто мае абаротныя сродкі: пройдзе некалькі гадоў, перш чым кусцікі пачынаюць паўнаварта радзіць. Агратэхніка іх спецыфічная — яны любіць кіслыя глебы — але не складаная. Праўда, яны патрабуюць дадатковага паліву, фермеры адразу ставяць палівальныя сістэмы.

Іншая фермерка з Драгічынскага раёна Наталля Кот таксама заклапочаная сітуацыяй, але на ўнутраным рынку краіны.

«Я не працую з Расіяй, таму не ведаю, што там у іх на мяжы, але па сабе адчула, што сёлета як ніколі цяжка здаць клубніцы мясцовым закупшчыкам. Цэны падаюць штодзень. Праўда, я першы год бачу, што рынак настолькі перапоўнены клубніцамі». 

Што датычыцца малінаў, то фермерка пацвярджае, што многія, сапраўды, заворваюць маліннікі. 

«Нявыгадна. Маліну то заліе, то яна выгарыць.

Замест маліны мы садзім раннюю бульбу. Вось за чым будучыня фермерскіх гаспадарак Беларусі. Пасля таго як яе ўраджай прыбіраем, на гэтыя палі высаджваем пекінскую капусту. Такім чынам, збіраем па два ўраджаі з аднаго поля на год», — дзеліцца Наталля Кот. 

Фермеры Берасцейшчыны паспяхова забяспечваюць Беларусь ягадамі і гароднінай, частка прадукцыі ідзе на расійскі рынак. Гэта ўжо даўно не дробныя гаспадаркі з ручной працай. Сяляне пераймаюць тэхналогіі ў палякаў і немцаў, працуюць з найлепшымі еўрапейскімі сартамі.

Фермерская гападарка «ШульжыкАгра» з вёскі Вулька Драгічынскага раёна садзіць 30 гектараў клубніц, 15 га малін, займаецца таксама дурніцамі.

Многія раней гадавалі жывёлу. Цяпер адракліся: у гэтай сферы вялікія КСУПы (калектыўныя сельскагаспадарчыя унітарныя прадпрыемствы) больш эфектыўныя. А вось гародніна і ягады застаюцца сегментам, дзе фермерскія гаспадаркі дэманструюць выдатную прыстасавальнасць і гнуткасць.

Наталля Тур, фота shulzhikagro.by

0
Васіль / Адказаць
12.06.2019 / 16:40
Малайцы, што скажаш. Цяжка робяць, але ж жывуць!
2
Мордехай В. / Адказаць
12.06.2019 / 17:07
Цiкава... Няўжо ў Беларусi нiхто не марозiць ягаду? Нi дзярж кансервы, нi прыватныя марожаншчыкi?
2
Ліцьвін металіст / Адказаць
12.06.2019 / 17:08
Будуйце вытворчасьці, рабіце сочыва, кансэрвуйце, за прамысловай апрацоўкай будучыня, ці хочаце сыравіну як ў сярэдневеччы прадаваць.
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру