У аўторак у інстаграме спевака з’явілася відэа, у якім Лявон Вольскі з маленькімі кацяняткамі ў руках запрашае на свой канцэрт.
Подпіс пад відэа тлумачыў, што гэта калабарацыя з зоаабаронцамі. Кацянят нехта здаў у прытулак, зоаабаронцы іх адтуль забралі і везлі ў часовы дом, каб пасля знайсці новых гаспадароў. Аднак карцінка напалохала прыхільнікаў спевака.
«Навошта вы іх так трасеце?», «Белы яшчэ жывы?», «Што з белым коцікам?», «Белы ўжо здох замучаны», — пісалі карыстальнікі інстаграма ў каментарыях.
Лявон Вольскі запэўніў, што ніводная жывёла не пацярпела. Але гнеўных каментароў было столькі, што спявак быў вымушаны дадаць яшчэ адно фота з тлумачэннямі таго, што з кацянятамі ўсё ў парадку.