Эканоміка1111

«Пахавальная» ў паштовай скрыні: новы гулец з Расіі захоплівае рытуальны рынак Мінска

Мінчане сталі знаходзіць у паштовых скрынях буклеты з прапановай дапамогі ў арганізацыі пахавання, піша Еўрарадыё​.

У іх падрабязна распісана, як трэба дзейнічаць, калі хто-небудзь са сваякоў памёр дома або ў бальніцы. Праўда, усе рэкамендацыі пачынаюцца са слоў «Патэлефануйце па нумары…, далей паказаны нумар сотавага тэлефона. Таксама ва ўлётцы ёсць карысныя парады накшталт такой: «Не рэкамендуем звязвацца з агентамі, якія чакаюць вас каля морга».

Буклет выглядае як рассылка ад дзяржаўнай арганізацыі. У дызайне выкарыстаны колеры дзяржаўнага сцяга; на вокладцы — Траецкае прадмесце; ўнутры парада ў выпадку чаго тэлефанаваць у міліцыю. Ды і назва рэкламаванай кампаніі — «Гарадская Рытуальная Служба» — схіляе да таго, каб прыняць яе за дзяржаўную.

Як удалося даведацца Еўрарадыё, ТАА «Гарадская Рытуальная Служба» зарэгістравана ў лютым 2019 года. Гэта новы гулец на беларускім рынку пахавальных паслуг. І астатнім ён вельмі не падабаецца.

За новай службай стаіць расійскі капітал?

«Па-першае, няма ніякай гарадской рытуальнай службы. Яны прыехалі з Расіі і спрабуюць захапіць цалкам рынак, называючы сябе так. А дзяржаўная арганізацыя ў нас толькі адна — Спецкамбінат КБА на Альшэўскага, — абураецца дырэктар кампаніі «Рытуал Бюро» Андрэй. — Раскідваць дадзеныя ўлёткі ў паштовыя скрыні жывым людзям — верх непрафесіяналізму. У дадатак яны спамяць колькасцю сваіх сайтаў, перабіваючы здаровую канкурэнцыю. Гэта абсалютна несумленна».

Андрэй расказвае, што адразу некалькі рытуальных бюро рыхтуюць лісты ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю — індывідуальныя і адзін калектыўны зварот. «Калі гэтым людзям можна так рабіць, прыедуць іншыя, якія таксама будуць раскідваць улёткі, — кажа ён. — У выніку ў паштовай скрыні большасць улётак будзе не ад супермаркетаў, а ад пахавальных службаў. Думаю, гэта нядобра».

Генеральны дырэктар пахавальнага бюро Memento Mori Дзмітрый таксама расказвае Еўрарадыё, што за «Гарадской Рытуальнай Службай», якая адкрылася ў Мінску, стаіць расійскі капітал:

«Гэта 25-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі, у якога заможныя бацькі. Яны далі яму грошай на развіццё бізнесу і сказалі: вось, едзь у Мінск, забаўляйся. Але ніякага ўяўлення пра тое, як у нас працуюць рытуальныя паслугі, ён не мае. Прыехаў сюды, адкрыў краму, укладвае грошы ў такую ​​своеасаблівую рэкламу. А арганізацыяй пахавання займаюцца рытуальныя агенты — за 20 % ад кошту заказу. Катафалк і грузчыкаў арандуюць у іншых прыватных арганізацый, якія даўно ў гэтай сферы. А самі выступаюць у якасці пасярэднікаў».

Дзмітрый чакае адказу на свой зварот у МАРГ. Калі санкцый у дачыненні да «Гарадской Рытуальнай Службы» не будзе, ён мае намер узяць на ўзбраенне падобныя маркетынгавыя прыёмы: рассылку па паштовых скрынях, афармленне ў колерах дзяржаўнага сцяга і г. д.

«Нічога больш у галаву не прыйшло, як дадаць «Гарадская»

Еўрарадыё звязалася з заснавальнікам ТАА «Гарадская Рытуальная Служба» Яўгенам Казловым. Ён расказаў, што з'яўляецца грамадзянінам Беларусі. Паводле яго слоў, некалькі гадоў кампанія працавала ў Барысаве. Затым спецыялісты набылі вопыт у Еўропе і Расіі і вырашылі ўжыць яго ў Мінску.

«Што датычыцца Расіі — гэта чуткі. Мы сутыкаемся з нападкамі, таму што выйшлі на рынак з рэальна добрымі намерамі. Званкі з абурэннем з нагоды буклетаў паступаюць да нас у асноўным ад канкурэнтаў. Людзі нават не знаходзяць часу папрасіць у каго-небудзь тэлефон, тэлефануюць са сваіх нумароў, мы прабівалі праз Google. Чаму? Ды таму што яны сядзяць на адным і тым жа месцы і не хочуць працаваць празрыста.

Мы прыйшлі на рынак з новым прадуктам. У нас распрацавана платформа, якая выключае падман кліента як такі. Усе кошты фіксаваныя. Распрацавана сістэма, якая накіроўвае да чалавека, які звярнуўся па дапамогу, найбліжэйшага нашага супрацоўніка. Нас ужо закрывалі, нам адмовілі ў арэндзе памяшкання. Нас перакрываюць усімі магчымымі метадамі. Пакуль не атрымліваецца, таму што ў нас усё максімальна адкрыта».

Буклеты, якія мінчане знаходзяць у паштовых скрынях, Яўген называе інфармацыйнымі. Ён не лічыць, што з іх дапамогай навязваюцца якія-небудзь паслугі: «Гэта не рэклама. У рэкламе было б: «Купі тры труны па цане дзвюх». Чалавек мае права нам патэлефанаваць і атрымаць кансультацыю. У нас працуе кругласутачная дыспетчарская. Калі чалавек звяртаецца па тэлефон могілак, морга, іншай неабходнай інстанцыі, ён яго атрымлівае абсалютна бясплатна. Таксама паказаны наш сайт — для азнаямлення. Чалавек мае права выбіраць, звяртацца да нас ці не. Гэта справа кожнага».​

Ёсць тлумачэнне і выбару для кампаніі назвы са словам «гарадская», і выкарыстання ў буклетах колераў дзяржаўнага сцяга:

«У Барысаве мы называліся і працавалі больш за пяць гадоў проста як «Рытуальная служба». Адпаведна, калі мы звярнуліся па новую назву, нічога больш у галаву не прыйшло, як дадаць «Гарадская». Гэтага слова ні ў якім класіфікатары абмежаванняў няма. Што датычыцца колераў у афармленні ўлётак і сайта, мы ўкладваемся ў маркетынг — у тое, у што ніхто ніколі не ўкладваўся ў Беларусі. Мы ставім задачу, далей працуюць маркетолагі. Можа, у каго-небудзь штосьці пераклікаецца, але гэта проста афармленне».

Дырэктар Спецкамбіната КБА вельмі незадаволены: «Не ведаю, што рабіць далей. Трэба прыцягнуць іх»

Яўген кажа, што спрабуе выбудаваць адносіны са Спецкамбінатам КБА — дзяржаўнай службай на рынку рытуальных паслуг. Для дырэктара прадпрыемства гатовая прэзентацыя: «Мы гатовыя прапанаваць выйсці на новы ўзровень. Я прывязу яму прапанову стварыць цэнтральную дыспетчарскую службу. Гэта дазволіць зрабіць рынак белым і максімальна адкрытым, каб можна было заказваць крэмацыю, пахаванні па фіксаваных цэнах. Вывесці удзельнікаў рынку ў адкрытае прававое поле і бачыць, хто і колькі аказвае пахаванняў і ў якой меры. Прэзентацыя ў нас гатовая. Наколькі нас пачуюць — гэта пытанне іншае».

Аднак дырэктар КУП «Спецкамбінат КБА» Мікалай Ракевіч пакуль што не ў захапленні ад новых суседзяў па рынку. Буклеты «Гарадской Рытуальнай Службы» трапілі і ў паштовыя скрыні дома ва Уруччы, дзе жыве Ракевіч. Жыхары дома прачыталі назву кампаніі і падумалі, што рэкламу раскідвае Спецкамбінат КБА!

«Да мяне суседзі прыходзяць і пытаюцца: што вы робіце? Людзі абураныя. Навошта ім нагадваюць пра гора, з якім яны не думаюць сутыкацца? Не ведаю, што рабіць далей. Трэба прыцягнуць іх ці што… Для мяне гэта вельмі сур'ёзнае пытанне, — расказвае Еўрарадыё Мікалай Ракевіч. — Да нас прыйшло пяць ці шэсць скаргаў, дзе людзі абураюцца гэтымі ўлёткамі. Я ім кажу, што гэта не мае. Яны амаль ва ўсе паштовыя скрыні па ўсім Мінску раскідваюць гэтыя аб'явы».

Мікалай Ракевіч звяртаўся з прэтэнзіяй у Мінгарвыканкам: маўляў, чаму зарэгістравалі фірму, якая сваёй назвай уводзіць людзей у зман? Аднак у юрыдычным аддзеле толькі развялі рукамі: падавайце ў суд. «Я параіўся з юрыстам — ён кажа, што марна падаваць у суд. Тут у прынцыпе яны нічога не парушылі», — прызнае дырэктар Спецкамбінат КБА.

Дзейнасць ТАА «Гарадскія Рытуальныя Паслугі» ляжыць у кампетэнцыі першага намесніка міністра МАРГ Артура Карповіча. У размове з Еўрарадыё ён паабяцаў вывучыць тэму і ва ўсім разабрацца.

«Гарадская Рытуальная Служба» ў Мінску ці «Маскоўская гарадская рытуальная служба»?

Нумары канкурэнтаў Яўген Казлоў прабівае праз Google. Мы вырашылі прабіць па інтэрнэце даныя самога Яўгена Казлова. Партрэт рытуальнага агента з такім імем размешчаны на сайце «Маскоўскай гарадской рытуальнай службы» (ritual.ru), які падобны на сайт «Гарадской Рытуальнай Службы» (ritual.by) не толькі назвай і URL, але і дызайнам.

Па стане на сакавік 2018 года «Маскоўская гарадская рытуальная служба» кантралявала 25 % працэнтаў рынку рытуальных паслуг у сталіцы Расіі. Ritual.ru нават засвяціўся ў «рытуальным» антыкарупцыйным расследаванні журналіста «Медузы» Івана Галунова. Аб гэтай арганізацыі там напісана, у прыватнасці, наступнае: «У пачатку 2015 года дырэктарам «Рытуала» быў прызначаны старшы оперупаўнаважаны Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні карупцыі і эканамічнай бяспецы МУС Расіі Арцём Якімаў, які заявіў, што яго задача — ачысціць галіну ад крыміналу».

Прыблізна з такім жа меседжам — зрабіць рынак рытуальных паслуг адкрытым і празрыстым — выходзіць на мінскі рынак заснавальнік ТАА «Гарадская Рытуальная Служба» Яўген Казлоў.

Каментары11

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 13,5 года зняволення18

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 13,5 года зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Зніклы на вайне серыйны рабаўнік з Беларусі знайшоўся ва ўкраінскім палоне

«Белпол» патлумачыў, з чым могуць быць звязаныя праверкі на мяжы Беларусі і Расіі3

Праз два тыдні ў Мінску пачнуць адключаць гарачую ваду. Глядзіце адрасы

У Польшчы затрымалі беларуса з пісталетам — ён сказаў, што едзе ваяваць у Беларусь2

Стала вядома асоба беларуса, якога падазраваюць у выбуху ў Ханты-Мансійску2

Эканаміст Дзмітрый Крук дае песімістычны прагноз для беларускага бізнэсу. У прадпрымальнікаў тры варыянты

Каго прымуць у ЕС у найбліжэйшыя гады?1

Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі хочуць прызнаць «тэрарыстычнай арганізацыяй»1

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 13,5 года зняволення18

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 13,5 года зняволення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць