13.06.2019 / 18:40

Беларускі стартап стварыў першую ў свеце інтуітыўную клавіятуру ВІДЭА 2

Беларускі стартап Clevetura завяршыў стварэнне інтуітыўнай клавіятурнай сістэмы — тэхналогіі, якая аб'ядноўвае клавіятуру, тачпад і мыш. Першая ў свеце інтуітыўная клавіятура Click & Touch з'явіцца на рынку пад брэндам Prestigio пры канцы жніўня.

Па тэхналогіі Clevetura сэнсары ўбудаваныя ў кнопкі. Гэта кардынальна адрозніваецца ад прынцыпу работы ноўтбукаў альбо клавіятуры з вынесенай сэнсарнай панэллю. Клавішы рэагуюць на дотыкі і жэсты, як тачпад або мыш. Не змяняючы становішча рук, можна надрукаваць тэкст, пракруціць старонку або пасунуць курсор.

Што важна, пераход паміж рэжымамі аўтаматычны. Убудаваны мікракантролер імгненна распазнае і апрацоўвае кожны дотык і націск. Сістэма вызначае характар ​​дзеянняў, а карыстальнік можа не задумвацца, у якім рэжыме працуе. У гэтым і заключаецца ўнікальнасць сістэмы, якая забяспечвае інтуітыўнае ўзаемадзеянне з прыладай і новы карыстальніцкі досвед.

Тэхналогія дае магчымасць апрацоўкі мноства адначасовых націскаў, дотыкаў і жэстаў. Тым самым можна выкарыстоўваць усе звыклыя спосабы ўзаемадзеяння: зум, пераход паміж працоўнымі сталамі змахваннем і скрол дотыкам двух пальцаў.

Сістэма дазваляе працаваць хутчэй, асабліва калі патрабуецца адначасова выкарыстоўваць клавіятуру і мыш. Простая сітуацыя: пакуль карыстальнік піша важны ліст, яму тэлефануюць па Skype. Каб скінуць званок мышшу ці тачпадам, трэба перанесці руку, перасунуць курсор, націснуць кнопку адмены выкліку, выбраць акно паведамлення і г.д. З Clevetura можна адхіліць непатрэбны дыялог адным жэстам. Такі спосаб узаемадзеяння называецца бясшоўным, паколькі дазваляе не задумвацца аб прыладзе ўводу.

Правы на тэхналогію належаць Clevetura. Беларускі стартап апошнія гады працуе як рэзідэнт Парку высокіх тэхналогій. Інвестарам выступіў Сяргей Касцевіч, заснавальнік холдынгу ASBIS і брэнда Prestigio. Ад ідэі да камерцыйнага прататыпа прайшло каля трох гадоў. Распрацоўшчыкі чакаюць атрымання патэнта.

Вытворчасць прылад па тэхналогіі Clevetura пачнецца ў ліпені гэтага года. У продажы клавіятура Click&Touch пад брэндам Prestigio з'явіцца пры канцы жніўня. У планах на гэты год — выпуск каля 100 тысяч гаджэтаў.

Да клавіятуры можна адначасова падключыць да пяці прылад: па трох Bluetooth-каналах, з дапамогай USB-прыёмніка і кабеля Type-C. Яна таксама дазваляе змяніць гучнасць або пераматаць відэа, калі правесці налева і направа па паверхні клавіш верхняга шэрагу. Для наладкі і абнаўлення прадугледжаны мабільны дадатак. Корпус у клавіятуры лёгкі і эрганамічны — з адмысловымі паглыбленнямі для рук.

2
Яўген Знарок / Адказаць
13.06.2019 / 21:29
Крутая ідэя і, здаецца, рэалізацыя. Хочацца, каб Беларусь ведалі па такіх справах
0
Элтон Макс / Адказаць
14.06.2019 / 02:13
Кому продадут очередную беларусскую технологию?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру