З тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Званец» у літоўскі рэзерват «Жувінтас» пераселяць 50 птушанят вяртлявай чарацянкі, паведамілі БелТА менеджары праекта ПРААН-ГЭФ «Ветландс».

Мерапрыемства па кіраванні папуляцыямі вяртлявай чарацянкі рэалізуецца па праграме Life, якая фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Транслакацыя (перасяленне) птушанят гэтага віду з беларускага балота «Званец» у літоўскі рэзерват «Жувінтас» для захавання сусветнай папуляцыі вяртлявай чарацянкі - адзін з вынікаў сумеснай дзейнасці праекта «Стварэнне сеткі ключавых месцапражыванняў для забеспячэння доўгатэрміновага спрыяльнага ахоўнага статусу вяртлявай чарацянкі ў Літве» і праекта «Ветландс».

Беларуская экспедыцыя арнітолагаў і валанцёраў прыбыла ў «Званец» 29 мая. У задачы групы ўваходзілі пошук на балоце гнёздаў вяртлявай чарацянкі, узяцце птушанят і іх утрыманне да перавозкі. «Гэта вельмі карпатлівая работа. Бывае, на пошукі аднаго гнязда можа спатрэбіцца цэлы дзень. Птушанят бяруць зусім маленькімі - ва ўзросце 6-8 дзён з масай каля 8 г. Праз кожныя 10-12 хвілін іх трэба карміць. Харчуюцца яны насякомымі, адлоў якіх таксама ўваходзіць у нашы абавязкі», - расказаў дырэктар заказніка Віталь Шкапіч.

Чакаецца, што на новае месца жыхарства падрослыя птушаняты вяртлявай чарацянкі адправяцца ўжо сёння. Беларускія вучоныя перададуць птушак літоўскім калегам, якія прыбылі напярэдадні ў заказнік. На ўсіх 50 птушанят аформлены спецыяльныя «загранпашпарты» (неабходныя мытныя дакументы). У ліпені каардынатары праекта «Ветландс» плануюць паездку ў рэзерват «Жувінтас», дзе будзе праходзіць наступны этап транслакацыі: перавод птушак у авіярыі, кальцаванне, далейшы выпуск у дзікую прыроду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0