14.06.2019 / 13:05

Ці ўлады зачыняць акумулятарны завод? Яго праціўнікі расказваюць, праз што яны прайшлі за год барацьбы 4

Самы працяглы грамадзкі пратэст сучаснай Беларусі дасягнуў апагею. 14 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Анатоль Ліс падпісаў распараджэньне прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Радыё Свабода наведала Берасьце напярэдадні.

У нядзелю 9 чэрвеня каля 200 жыхароў Берасьця і ваколіц традыцыйна выйшлі на галоўную плошчу горада «пакарміць галубоў». Рабілі яны гэта прыкладна 80-ы раз — нядзельныя сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу пад абласным цэнтрам праходзяць з канца лютага 2018 году. Сцэнар амаль заўсёды аднолькавы. Людзі сустракаюцца апоўдні, кормяць птушак, абмяркоўваюць навіны з заводу і разыходзяцца.

Пратэст набываў і больш актыўную форму. Пасьля затрыманьня актывістаў міліцыяй і завядзеньня крымінальнай справы праз падазрэньне ў незаконным абарачэньні зброі супраць аднаго зь іх, некалькі соцень чалавек прайшліся шэсьцем праз цэнтар гораду. Праваахоўнікі адрэагавалі чарговымі затрыманьнямі і адміністрацыйнымі справамі.

Акцыя 9 чэрвеня магла прайсьці так сама, як дзясяткі ранейшых. Аднак да людзей нечакана выйшлі чыноўнікі з гарвыканкаму і запрасілі ўсіх 200 чалавек на сустрэчу з «мэрам» Аляксандрам Рагачуком. Той зьдзівіў яшчэ больш, калі паведаміў пра магчымасьць закрыцьця заводу ў выпадку, «калі там сапраўды ёсьць сур’ёзныя парушэньні».

Акрамя гэтага, Рагачук запрасіў дзясятак актывістаў на сустрэчу з кіраўніцтвам берасьцейскага аблвыканкаму ў сераду 12 чэрвеня. Там людзям сказалі прыкладна тое самае — завод працаваць ня будзе, калі ён не адпавядае экалягічным нормам.

СМІ запоўніліся сэнсацыйнымі загалоўкамі, кіраўніцтва кампаніі — уладальніцы заводу «АйПаўэр» тэрмінова склікала прэс-канфэрэнцыю, а актывісты пачалі асьцярожна гаварыць пра магчымую перамогу. Праўда, ня ўсе.

«Да майго начальніка прыходзіў чалавек з КДБ, сказаў мяне звольніць»

«Мы тут стаялі і будзем стаяць, — кажа Ўладзімір Мароз, які ўжо больш за месяц прыяжджае да будынка акумулятарнага заводу ўдзень і ўначы. — Быў я на гэтай сустрэчы ў аблвыканкаме, нічога новага не пачуў. Мы ўладам ужо ня верым. Журналістаў не пусьцілі, на дыктафон запісаць размову не далі. Тры гадзіны размаўлялі, а ў выніку толькі абяцаньні ўсё праверыць і ва ўсім разабрацца. Мы гэта ўжо не адзін раз чулі. І ад нашых уладаў, і ў Менску ў міністэрстве. Так што асабіста я не паверыў, што яны сапраўды хочуць разабрацца ў сытуацыі. Калі б хацелі, то даўно б ва ўсім разабраліся».

З Уладзімірам мы гутарым апоўначы ля самага заводу. З пачатку траўня больш за 60 жыхароў Берасьця і ваколіц арганізавалі кругласутачную варту ля заводзкай брамы. Людзі пільнуюць транспарт, які прыяжджае на тэрыторыю заводу, дым з комінаў і ўвогуле ўсё, што адбываецца на не запушчаным афіцыйна прадпрыемстве. Далей за браму са шлягбаўмам актывістаў не пускаюць.

«Мы тут, на варце, усе мясцовыя пераважна, — расказвае Ўладзімір. — Людзі самі прыходзяць з вакольных пасёлкаў. Кажуць, што пачалі смурод з заводу адчуваць. Агулам 64 чалавекі цяпер у групе, пастаянна новыя зьяўляюцца. Вось сёньня паеду забіраць чалавека, які першы раз будзе дзяжурыць. Стаім, хто колькі можа. Хто ня можа сам дзяжурыць, людзей машынай падвозіць сюды альбо забірае. Нехта нават зь дзецьмі прыходзіць, калі надвор’е дазваляе. Мяняемся кожныя дзьве гадзіны. Людзі ў інтэрнэце чытаюць пра завод і прыяжджаюць сюды самі. У нас тут ужо свая тусоўка, мы пасябравалі ўсе тут паміж сабой»

«Тусоўкай» ля прахадной актывісты не абмяжоўваюцца. Здымаюць на фота і відэа выкіды з заводзкіх комінаў, перасьледуюць фуры, якія выяжджаюць за браму, выклікаюць міліцыю. Сьцьвярджаюць, што завод дагэтуль ня мае дазволу на працу і, адпаведна, ня можа выпускаць прадукцыю. А таксама забруджваць навакольнае асяродзьдзе. У кампаніі «АйПаўэр», якой належыць завод, інфармацыю пра запуск вытворчасьці абвяргаюць. Актывісты падазраюць, што пэўная дзейнасьць на прадпрыемстве ўсё ж вядзецца.

«Спынілі ў першай палове траўня фуру, якая выехала адсюль, — расказвае Ўладзімір Мароз. — Заўважылі, што яна выяжджае за браму, паехалі за ёй. Адначасова паведамілі ў міліцыю, што перасьледуем транспарт з, імаверна, незаконным грузам. Міліцыя прыехала, у кузаве знайшлі груз акумулятараў. У «АйПаўэр» патлумачылі, што яны зь пінскага заводу. Разбор дагэтуль ідзе».

Супрацьстаяньне ўдзельнікаў «сьвінцовай варты» з супрацоўнікамі заводу часам набывае форму гульні. Актывісты расказваюць, што кіраўніцтва прадпрыемства некалькі разоў знарок адпраўляла з заводу пустыя грузавікі, каб адахвоціць людзей ад назіраньня.

«Мы едзем за такой фурай, спыняем яе зь міліцыяй, — расказвае Уладзімір. — Потым кіроўца выходзіць з кабіны з усьмешкай, адкрывае прычэп, а там балванкі ад акумулятараў альбо ўвогуле паперка з пасланьнем для нас. Пасьля разварочваецца і едзе назад на завод. Вось стане так нармальны бізнэсовец паступаць, калі ў яго ўсё добра на прадпрыемстве?»

Акрамя фураў, актывісты здымаюць на відэа выкіды з заводзкіх комінаў, спрабуюць сфатаграфаваць унутраныя памяшканьні праз вокны і нават ускрываюць ліўневую каналізацыю, каб праверыць сьцёкі. Людзі расказваюць, што з заводу нешта пастаянна выцякае, нават у сухое надвор’е. На думку актывістаў, гэта можа сьведчыць аб выкідах шкодных рэчываў пад выглядам дажджавой вады. Пра гэта яны расказалі падчас сустрэчы ў аблвыканкаме, адтуль ужо выслалі для праверкі сваіх спэцыялістаў.

«Мы тут будзем стаяць, пакуль гэты завод не закрыюць, — кажа Ўладзімір Мароз. — У нас вялікая падтрымка ў горадзе. Проста так гэтая справа ня скончыцца. Ціску мы таксама не баімся. Да майго начальніка на працы прыходзіў нядаўна чалавек з КДБ, сказаў мяне звольніць. Начальнік яму адказаў, што «Валодзя ля заводу стаіць і на плошчу ходзіць у свой вольны час, а ў вольны час ён можа рабіць, што хоча». Не да аднаго мяне так прыходзілі, не аднаго мяне на плошчы затрымлівалі. Але мы тут стаялі і будзем стаяць да перамогі, так і напішыце».

«Мы таксама можам зладзіць акцыю пратэсту»

За дзень да сустрэчы праціўнікаў акумулятарнага заводу з кіраўніцтвам аблвыканкаму «АйПаўэр» зладзіла тэрміновую прэс-канфэрэнцыю на самім прадпрыемстве. Журналістаў правялі па тэрыторыі, пусьцілі ўнутр завода, паказалі слайд-шоў і запэўнілі, што ніякіх парушэньняў на заводзе няма, а чарговая затрымка ўзьнікла зь бюракратычных прычын.

Затрымка з афіцыйным запускам узьнікае ня першы раз. Яшчэ ў сьнежні 2017 году паведамлялася, што першыя акумулятары прадпрыемства выпусьціць у жніўні 2018 году. Пазьней тэрміны ссунуліся на сакавік 2019-га. Пасьля — на чэрвень.

На прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня журналістам расказалі, што запуск плянуецца ў першай палове 2020 году, а да 21 чэрвеня 2019-га павінны быць атрыманыя ўсе неабходныя для старту вытворчасьці дазволы.

Цяпер, па словах кіраўніцтва «АйПаўэр», уся справа ў лішніх 120 грамах сьвінцу. Паводле заяўленых нарматываў, прадпрыемства павінна выкідваць у навакольнае асяродзьдзе 3 кіляграмы гэтага небясьпечнага мэталу ў год. Дзяржаўныя экспэрты выявілі, што гэты паказчык будзе роўным 3 кіляграмам і 120 грамам. Для ўзгадненьня новых нормаў неабходны час. Праціўнікі запуску акумулятарнага заводу інфармацыю пра 3 кіляграмы выкідаў сьвінцу ў год успрымаюць з усьмешкай. Паводле іхнай інфармацыі, падобнае прадпрыемства выкідае ў навакольнае асяродзьдзе мінімум сотню кіляграмаў сьвінцу за кожны год працы.

«Калі дойдзе да таго, што нас будуць закрываць, мы сапраўды гэтаксама, як і яны, выйдзем, — цытуе «Брестская газета» дырэктара «АйПаўэр» Сяргея Мельніковіча. — Мы таксама будзем пратэставаць. У нас такія ж правы, як і ў іх».

Хвалявацца спадару Мельніковічу ёсьць аб чым. Агульны кошт праекту дасягае 26 мільёнаў даляраў. Завод ужо цалкам пабудаваны, усё неабходнае для запуску прадпрыемства абсталяваньне на сваіх месцах. Штат супрацоўнікаў таксама набраны.

Што будзе з усёй гэтай гаспадаркай, калі берасьцейскія ўлады насамрэч вырашаць не дапусьціць запуску прадпрыемства, можна толькі здагадвацца.

Уладальнік «АйПаўэр», пінскі бізнэсовец Віктар Лемяшэўскі, афіцыйна сытуацыю даўно не камэнтуе і на прэс-канфэрэнцыі ня ходзіць. Усімі кантактамі «АйПаўэр» са СМІ займаецца нанятая для гэтага піяр-кампанія. Яе прадстаўніца ў размове са Свабодай паведаміла, што «магчымасьці зрабіць інтэрвію зь Віктарам Лемяшэўскім цяпер не існуе». Таксама з прычыны правядзеньня пусканаладачных работ нельга наведаць само прадпрыемства.

«Да ўдзелу ў пратэсьце думала, што жыву ў нейкай іншай краіне»

Урач Тацьцяна Фесікава разам з мужам і сынам жыве ва ўласным доме за чатыры кілямэтры ад акумулятарнага заводу. Удзельнічаць у пратэстах пачала яшчэ ў студзені 2018 году, калі на месцы заводу пачалі капаць катлаван. Гэта каштавала ёй месца працы ў Цэнтральным гарадзкім шпіталі, дзе Тацьцяна прапрацавала 10 гадоў.

«Гэтыя запрашэньні актывістаў у гарвыканкам, на сустрэчу зь Лісам — гэта ўсё для мяне вельмі дзіўна, — гаворыць Тацьцяна. — Мы 10 ці 11 разоў пісалі звароты да Ліса, прасілі з намі сустрэцца. Але ён адмаўляўся. Чаму так цяпер усё павярнулася, я ня ведаю. Не магу зразумець. Нешта тут ня так. Штосьці памяняецца, напэўна, толькі невядома, у які бок. Я насьцярожана гляджу на гэтыя сустрэчы».

Тацьцяна разам зь іншымі актывістамі ўдзельнічае ў кругласутачнай вахце. Кажа, што да заводу прыходзяць пераважна новыя людзі, якія раней ня ўдзельнічалі актыўна ў кампаніі.

«Я думаю, наш пратэст некалі скончыцца, — кажа Тацьцяна. — Пытаньне толькі ў часе і наступствах. Калі завод запрацуе, яго давядзецца рана ці позна закрыць. Не павінна быць такое прадпрыемства побач зь людзьмі, труціць іх цяжкімі мэталамі. Калі пачнуцца наступствы ад гэтага заводу, улады ўсё адно зразумеюць, што гэта такое».

Па словах Тацьцяны, у студзені 2018 году яна і падумаць не магла, у што выльецца яе актыўнасьць.

«Мы тады ўсе па сваёй наіўнасьці думалі, што ўлады проста не разабраліся, — кажа лекар. — Думалі, што дастаткова прывесьці нейкія аргумэнты. Складалі прэзэнтацыі, шукалі інфармацыю пра такія заводы ў сьвеце. Думалі, што раскрыем вочы на ўсё гэта. Але, на жаль, мы памыляліся. Вось, стаіць гэтая бомба, якая можа выбухнуць у любы момант».

За горад Тацьцяна разам зь сям’ёй пераехала сем гадоў таму. Хацела пажыць у спакоі, падыхаць чыстым паветрам. Ніколі не займалася грамадзкай дзейнасьцю і тым больш палітыкай. Цяпер яна адна з самых вядомых «апазыцыянэрак» Берасьця.

«Я не шкадую, што ўдзельнічаю ў пратэсьце, — кажа Тацьцяна. — Я ў ім удзельнічаю і як маці, і як жанчына, і як доктар. Магчыма, я больш за іншых разумею, якую пагрозу нясе гэтае прадпрыемства, чым пагражае сьвінец. Я не магла маўчаць. Я калі першы раз прачытала дакумэнты гэтага завода, мне страшна стала… Уся гэтая гісторыя перавярнула мяне. Я раней думала, што жыву ў нейкай іншай дзяржаве. Думала, што праблемы вырашаюцца, што суды ў нас ёсьць. А калі сама першы раз трапіла ў суд, то ўбачыла, што гэта за суд і як ён судзіць. Нейкія ружовыя акуляры разьбіліся».

Па словах Тацьцяны Фесікавай, ціск з боку ўладаў — не адзіная праблема для праціўнікаў заводу. У большасьці зь іх няма падтрымкі і разуменьня з боку блізкіх. Муж Тацьцяны таксама не падтрымлівае яе актыўнасьці.

Звольнілі Тацьцяну праз два дні пасьля выступу на дазволеным уладамі мітынгу «Берасьцейкі супраць сьвінцу». Пазванілі зь лякарні і сказалі, што ў яе паслугах больш ня маюць патрэбы. Цяпер Тацьцяна працуе ў фармацэўтычнай кампаніі. Некалькі месяцаў таму яе асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, далі штраф памерам 30 базавых адзінак. Дадому прыходзілі зь ператрусам, шукалі агітацыйныя матэрыялы.

«Чаму людзі не здаюцца? Таму што ўсе разумеюць, што гэты завод — бяда для гораду, — кажа Тацьцяна. — Людзі разумеюць, што калі спыніць барацьбу, то завод пачне працаваць і забруджваць навакольле. Людзі зразумелі, што калі самі сябе не абароняць, то больш няма каму. Беларусы ня любяць пратэставаць, але тут прачынаецца нейкае пачуцьце ўласнай годнасьці».

Тацьцяна кажа, што спыняцца ня будзе. Іншых варыянтаў для сябе яна ня бачыць. Гаворыць, што можна было б зьехаць, але гэта зрабіць зусім ня проста.

«Мяркую, завод могуць закрыць»

«Тое, што людзі ня вераць уладам, гэта нармальна, — кажа берасьцейскі праваабаронца і праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу ля абласнога цэнтру Раман Кісьляк. — Людзей столькі гадоў падманвалі, што ўладам цяпер ніхто ня верыць. Недавер да іх абяцаньняў вельмі моцны. Але танальнасьцю сустрэча ў аблвыканкаме моцна адрозьнівалася. Улады зразумелі, што абяцаньнямі людзей не спыніць. Мы ж не спыняем ніякіх сваіх дзеяньняў, нягледзячы на сустрэчы з кіраўніцтвам гораду і вобласьці. Падаём заяўкі на новыя мітынгі, скаргі пішам. Я думаю, улады ўжо прынялі рашэньне закрыць завод. Проста так гэтага зрабіць яны ня могуць, гэта будзе некарэктна ў дачыненьні да бізнэсу, інвэстыцыйнага клімату. Таму яны павінны аформіць юрыдычна ўсе парушэньні і выйсьці на юрыдычнае рашэньне. Для гэтага патрэбен час. Думаю, яшчэ тыдзень — і ўлады прымуць рашэньне аб закрыцьці прадпрыемства».

Раман Кісьляк гаворыць, што заяўкі на правядзеньне мітынгаў пратэсту актывісты працягваюць падаваць. Ён рыхтуе заяўкі на мітынгі на працягу ўсяго 2019 году. Агулам такіх заявак падалі ўжо каля 200, задаволеная была толькі адна зь іх. Тады мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу» ў канцы красавіка 2018 году сабраў каля 2000 удзельнікаў.

«Крымінальныя справы супраць Майсея і Дзяніса Мазько ня спыненыя, — расказвае Раман Кісьляк. — Гэта такі кручок для іх. Знак, што калі яны пачнуць зноў актыўнічаць, то справа пойдзе ў суд. Яны пакуль адышлі ад спраў, ня ўдзельнічаюць у пратэстах актыўна. Але іншых людзей гэта не спалохала. Хутчэй наадварот. На апошнюю акцыю «кармленьня галубоў» прыйшлі 200 чалавек. Гэта больш, чым прыходзіла год таму».

Праваабаронца кажа, што берасьцейскі пратэст ужо перарос межы выключна экалягічнай акцыі. Актывісты разумеюць, што справа запуску акумулятарнага заводу ля Берасьця дзякуючы іх пратэстам стала палітычнай. Ня выключана, што некаторыя актыўныя ўдзельнікі берасьцейскіх пратэстаў возьмуць удзел у парлямэнцкіх выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэта можа стаць яшчэ адной праблемай для ўладаў. Берасьцейцы сочаць за ходам пратэстаў, а імёны самых актыўных іх удзельнікаў добра вядомыя ў горадзе.

«Размовы пра магчымае закрыцьцё заводу — гэта вынік працяглага пратэсту, — мяркуе Раман Кісьляк. — Улады перадусім баяцца вулічных яго праяваў. Што там у сацсетках робіцца, гэта адно. А штотыднёвы выхад на плошчу на працягу 16 месяцаў — зусім іншае. На плошчу выходзіць невялікая частка незадаволеных, большая частка сочыць за падзеямі, атмасфэра напаляецца. Шчыра кажучы, я падчас гэтага пратэсту назіраю дзіўную карціну, якой раней ніколі ня бачыў. Некаторыя мае знаёмыя прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі расчараваныя яго маўчаньнем у справе акумулятарнага заводу. Яны адкрыта пра гэта гавораць. Думаю, улады адсочваюць такія моманты. Тое, што кіраўнік краіны маўчыць, расцэньваецца як крок супраць людзей».

Пратэст супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці спыніцца толькі тады, калі завод закрыюць, лічыць Раман Кісьляк. Людзі не гатовыя адступаць нават у тым выпадку, калі прадпрыемства будзе адпавядаць заяўленым ім нормам.

«Для нас гэтае пытаньне стала, як Курапаты, — гаворыць Раман Кісьляк. — Справа зайшла так далёка, што ня можа скончыцца проста так. Улады спадзяваліся перасядзець, пакуль пратэсты скончацца, але цяпер яны зразумелі, што гэтага ня будзе і трэба нешта рабіць».

Па словах кіраўніка берасьцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса, рашэньне аб закрыцьці акумулятарнага заводу ля Берасьця можа быць прынятае ўжо да 21 чэрвеня. Зараз улады занятыя праверкай сьпісу парушэньняў, які ім падчас сустрэчы ў аблвыканкаме перадалі актывісты.

0
Вецер валос. / Адказаць
14.06.2019 / 13:11
Усе гэта падман.
1
Танчык / Адказаць
14.06.2019 / 13:50
Проста ганарышся гэтымі людзьмі! Прыклад для ўсей краіны.
1
меркаванне / Адказаць
14.06.2019 / 14:43
Менавіта такія людзі павінны быць прадстаўнікамі народа ў парламенце, а не марыянеткі павадыра.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру