У гэты аўторак Аляксандр Лукашэнка прызначыў Уладзіміра Караніка міністрам аховы здароўя. Апошнія восем гадоў ён узначальваў Мінскі гарадскі анкалагічны дыспансер. А чым ён вядомы яшчэ?

Вырас у Гродне на вуліцы Сухамбаева

Фота з facebook.com.

Фота з facebook.com.

Уладзімір Каранік нарадзіўся ў 1973 годзе ў Гродне. Сям’я жыла па вуліцы Агадзіла Сухамбаева (гераічна загінуў пад Гроднам падчас вызвалення ад фашысцкай акупацыі). Уладзімір Каранік хадзіў у школу №16 на той жа вуліцы.

Ягоная класная Кацярына Мікалаеўна Будзевіч расказала нам пра Караніка: «Незвычайны хлопец, мой любімы вучань. Вельмі прыстойны, добры. У яго заўсёды было шмат сяброў, і грамадскай дзейнасцю ён займаўся, калі быў у сёмым класе, то яго адзінаццацікласнікі бралі гуляць у КВЗ. У яго была фенаменальная памяць, ніколі больш такой не бачыла».

Кацярына Мікалаеўна выкладала ў Караніка беларускую мову. «Так, і па-беларуску ён добра гаварыў. Але, можа, матэматыка яму і лепей давалася».

«Ён вельмі сумленны чалавек. Бывае, вось атрымае пару троек, сварышся на яго. Ён галаву звесіць, кажа, усё выпраўлю, толькі маме не званіце», — смяецца Кацярына Будзевіч.

Мянушка ў міністра была «Карантос»

Фота «Мінск-новості».

Фота «Мінск-новості».

Мы спыталіся ў спадарыні Будзевіч, ці быў Уладзімір Каранік папулярным у дзяўчат у школе. «Ой, не», — смяецца настаўніца.

«Ён быў такі, ведаеце, худзючы, доўгі, няскладны. Дзяўчыны не дужа на такіх западалі, — расказвае спадарыня Кацярына. — А яшчэ яго ўсё дражнілі «Карантос, Карантос». У мяне ў памяці засталося, як ён выконваў на сцэне «Танец маленькіх лебедзяў». Кацярына Мікалаеўна ўжо даўно на пенсіі, але з колішнім сваім любімым вучнем стэлефаноўваецца па сёння.

«Ён мне званіў у сераду. Я яму набрала ў той жа дзень, калі даведалася пра прызначэнне, але ён не зняў. А потым сам перазваніў. Кажа, Кацярына Мікалаеўна, без вас гэтага ўсяго не было», — расказвае настаўніца.

Мама казала: «Калі будзеце браць хабар, то заб’ю асабіста»

Фота sb.by.

Фота sb.by.

Бацька міністра аховы здароўя Сцяпан Каранік памёр мінулай восенню, пра гэта нам расказаў колішні дырэктар школы №16 Леанід Шкута. Мама працягвае жыць у Гродне.

«Мама дакладна бухгалтарам была, але я не помню дзе, а тата, здаецца, з аграрнай галіной быў звязаны, — кажа Кацярына Будзевіч. — Выдатныя бацькі. Я помню, мама Валодзі казала, калі мае дзеці будуць браць хабары, то заб’е асабіста».

«Гэта ж мой анёл-абаронца, — адразу кажа жонка Леаніда Шкуты, калі здымае тэлефон. — Яшчэ 17 гадоў таму зрабіў аперацыю, калі была пухліна на лёгкіх, жывая па сёння, як бачыце».

Ва Уладзіміра Караніка ёсць старэйшы брат Аляксандр. Ён вучыўся ў Ленінградзе ў Вайскова-медыцынскай акадэміі. У пачатку 2000-х ён узначальваў упраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама.

Уладзімір Каранік жанаты, выхоўвае дачку і сына. Зусім нядаўна ён яшчэ жыў у інтэрнаце аграгарадка Лясны ля Бараўлянаў.

Хобі — баскетбол

Дзмітрый Гаўрон (злева) і Уладзімір Каранік сябруюць са школы.

Дзмітрый Гаўрон (злева) і Уладзімір Каранік сябруюць са школы.

Уладзімір Каранік доўгі час захапляўся баскетболам. Ён і цяпер штогод прыязджае ў Гродна на турнір імя трэнера Алега Калтанюка. Гэты спецыяліст памёр ва ўзросце 37 гадоў, і ў школе №16 ужо чатыры гады ладзіцца турнір ягонай памяці. Каранік бярэ ў ім удзел у складзе каманды Гродзенскай абласной бальніцы. Нават прызнаваўся найлепшым гульцом сваёй каманды.

Разам з ім удзельнічае вядомы ў Гродне мамолаг Дзмітрый Гаўрон — гэта аднакласнік і найлепшы сябра Караніка, разам з ім яны вучыліся і ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце.

Адразу пасля сканчэння ВНУ Каранік трапіў на працу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава ў Бараўлянах. Стаў там загадчыкам анкалагічнага аддзялення таракальнай (органаў грудной клеткі) хірургіі. Абараніў дысертацыю на тэму клініка-біялагічных асаблівасцяў розных варыянтаў недробнаклетачнага раку лёгкіх.

Калі перайшоў на кіраўніцкую працу, то ад асабістага аперавання давялося адмовіцца. Уладзімір Сцяпанавіч казаў, што дзвюх аперацый у месяц мала, каб трымаць форму.

Фэйсбук і даведка для курэй

Фота «Звязда».

Фота «Звязда».

На сайце doctora.by пад профілем Уладзіміра Караніка толькі станоўчыя водгукі. «Прафесіянал з вялікай літары, найлепшы доктар Беларусі», — пішуць пра яго.

Кажа, што ніколі не мяняў свой нумар тэлефона. І за дзень на мабільніку можа быць да сотні званкоў, у тым ліку і ад былых пацыентаў.

У інтэрв’ю «Вячэрняму Мінску» расказваў анекдатычную гісторыю са сваёй практыкі: «Не забуду, як прыязджаў да мяне пасля аперацыі на лёгкіх вясковец, прасіў напісаць даведку, што ён не заразны для хатніх птушак. Жонка небараку запіліла: ён кашляе, плюецца, а ў гаспадарцы… куры дохнуць. Мы спачатку пасмяяліся, пакуль не зразумелі: калі гэтую даведку не дамо, спакойнага жыцця мужчыну не будзе», — смяяўся Каранік.

Ён мае сваю старонку ў сацыяльнай сетцы фэйсбук, але зусім там не актыўнічае. У сябрах у асноўным калегі-дактары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?