Дэмакратычная партыя малдаўскага алігарха Улада Плахатнюка абвясціла, што ўрад Паўла Філіпа сыходзіць у адстаўку. Па словах дэмакрата Уладзіміра Чабатара, гэта адзінае, што можна зрабіць на гэты момант.

Рашэнне было прынята на палітычнай радзе Дэмакратычнай партыі, якая прайшла сёння.

Урад Паўла Філіпа пакіне ўрад і ўрадавыя будынкі, пачынаючы з пятніцы, 14 чэрвеня.

Прадстаўнікі партыі Плахатнюка пагадзіліся разблакаваць урадавыя будынкі пасля візіту пасла ЗША Дэрэка Хогана ў офіс партыі.

Нагадаем, 8 чэрвеня малдаўскія прарасійскія сацыялісты дамовіліся з праеўрапейскай партыяй Acum выступіць супраць Дэмакратычнай партыі алігарха Улада Плахатнюка. У выніку парламент узначаліла лідарка сацыялістаў Зінаіда Грачаны, урад — адна з лідарак Acum Санду.

Дэмакраты паскардзіліся ў Канстытуцыйны суд, які прызнаў рашэнні неканстытуцыйнымі. Дадона адхілілі ад абавязкаў прэзідэнта, каб в. а. прэм'ер-міністра ад Дэмпартыі Павел Філіп замест яго падпісаў указ аб роспуску парламента. Аднак Дадон палічыў гэта ўзурпацыяй улады і адмяніў указ Філіпа.

Расія, ЗША і Еўрасаюз падтрымалі рашэнні малдаўскіх дэпутатаў. Аднак кіраўніцтва партыі Плахатнюка не прызнала новыя парламент і ўрад і заблакавала ўваходы ў дзяржустановы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0