17.06.2019 / 12:49

«Дранікаў у меню не будзе». Заснавальнік бара «Каліноўскі» пра адносіны з дзяржорганамі, беларускую мову і вясковыя інтэр'еры 48

У выхадныя на самай тусовачнай вуліцы Мінска адкрыўся незвычайны бар — «Kalinoŭski». Яго заснавальнік Аляксей Славута расказаў «Нашай Ніве», чаму натхніўся менавіта гэтым героем, ці былі праблемы з узгадненнем інтэр'еру з цытатамі з «Мужыцкай праўды» і чаму ўвечары ў бары гучаў — сорамна сказаць — Леанід Агуцін.

Бар знаходзіцца на Зыбіцкай, 4.

Аляксей Славута — прадпрымальнік. Мае фермерскую гаспадарку, дзе вырошчвае яблыкі, вядзе праекты ў сферы нерухомасці. Адкрыць уласны бар было яго марай.

— Мне са школы падабаўся Кастусь Каліноўскі. Гэта беларускі нацыянальны герой. Плюс ён мой зямляк: мая сям’я — па лініі бацькі і маці — родам з Мастоўскага раёна. Я і зараз езджу ў тыя мясціны. Там дагэтуль жывуць сваякі, у стрыечнай сястры дом застаўся ад бацькоў, — расказвае Аляксей. —

Ідэі, якія Каліноўскі пісаў некалі ў «Мужыцкай праўдзе», вельмі актуальныя і цяпер. Мне не падабаецца, калі яго спрабуюць палітызаваць, кажуць, што ён паляк, а не беларус. Мне б хацелася больш расказаць пра гэтага чалавека, данесці да людзей, кім ён быў.

Аляксей Славута.

Чаму менавіта бар? Прадпрымальнік тлумачыць: цяпер гэта самае папулярнае месца для стасункаў і сустрэч.

— Бар мае на ўвазе нейкае бунтарства, вяселле, рамантыку. Многія рэвалюцыі, напэўна, зараджаюцца вось так, падчас размоў.

Вуліца Зыбіцкая была выбрана спантанна. Аляксей выпадкова ўбачыў аб’яву, што там здаецца памяшканне, заключыў дагавор арэнды і ўжо праз паўтара месяца адкрыўся бар. «Мне кажуць, што гэта адзін з рэкордаў па хуткасці адкрыцця ўстановы ў Мінску», — усміхаецца прадпрымальнік.

Дызайн інтэр’ера ён распрацоўваў сам. Хацеў адысці ад вясковай тэматыкі, якую часта абыгрываюць ва ўстановах з нацыянальным каларытам.

— Я хацеў паказаць іншую Беларусь, якая славілася тым, што ў нас было шмат шляхты. Мы павінны ганарыцца, што нашы продкі былі адукаванымі, культурнымі людзьмі. Плітка, якой дэкараваная барная стойка, пераклікаецца з кафляй для старых комінаў, дэкор сцен нагадвае інтэр’ер маёнткаў таго перыяду, жырандолі выкананы ў замкавым стылі. І ў той жа час ёсць нейкі лофт.

Бар працуе пакуль у тэставым рэжыме, таму падаюць толькі аўтарскія кактэйлі. Ежа ў меню з’явіцца праз пару тыдняў.

— Мы супрацоўнічаем з Арцёмам Ракіцкім, шэф-кухарам кафэ-гасцёўні «Чэхаў», які прапагандуе новую беларускую кухню. У меню будуць толькі халодныя закускі — гатаваць іншыя стравы тэхнічна не дазваляе памяшканне. Плюс у нас больш піцейная ўстанова.

Дранікаў не будзе, але прапануем нейкую інтэрпрэтацыю. Усе закускі — на беларускі лад. Мы не імкнемся аднавіць старадаўнія стравы — хочам паказаць нешта новае.

Урачыстае адкрыццё і прэзентацыя кухні запланаваны на 3 ліпеня, на афіцыйны Дзень незалежнасці. «Мне здаецца, будзе сімвалічна», — заўважае заснавальнік.

Праблемы на стадыі ўзгаднення? Па словах Аляксея, іх не было: «Усе, хто прыходзіў да нас, у тым ліку з дзяржаўных інстанцый, казалі: малайцы, хлопцы, што робіце нешта пра Беларусь».

А вось абслугоўвання на роднай мове не прадуглежана. Заснавальнік не хавае: персанал дрэнна размаўляе па-беларуску.

— Мы не ставілі перад імі такую задачу, калі набіралі. Тым больш сярод работнікаў ёсць расіяне, бармэн — афрыканец. Мы не хочам настойваць. Хоць вось якая цікавая рэч: мне бармэны самі напісалі ў чаце, што варта запісацца на нейкія курсы, каб падцягнуць беларускую мову, бо шмат людзей, якія прыходзілі, размаўлялі на ёй. Гэта, мне здаецца, самы лепшы вынік.

У некаторых гасцей былі нараканні на музыку ў бары — маўляў, песні Леаніда Агуціна зусім не вяжуцца з атмасферай месца.

— У нас ёсць арт-дырэктарка Даша Пушкіна, вядомая мінская дыджэйка. Яна падбірае музычнае суправаджэнне, значыцца, так бачыць, — каментуе заснавальнік «Каліноўскага». — На будучыню мы хочам запрашаць беларускія калектывы, які будуць у нас граць па выходных. У астатні час — сучасная танцавальная музыка, плюс-мінус як і ў астатніх установах.

Наталля Лубнеўская

28
zig-belarus / Адказаць
17.06.2019 / 13:05
Павесце партрэты цароў і генсекаў. Будзем гуляць у дартс. Рускамоўных не пускаць. 
82
Адыкватник) / Адказаць
17.06.2019 / 13:07
Трэш-Бар Бабланоуски... )) цырк
15
Лях / Адказаць
17.06.2019 / 13:15
Прачытау..., i неяк сорамна стала, што у Беларусi на роднай мове нават афiцыянтау цяжка знайсцi. Гэта да чаго ж краiну трэба было давесцi??? Сорам i ганьба
Паказаць усе каментары/ 48 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру