Расія не разглядае просьбу Беларусі аб выдзяленні крэдыту ў 100 мільярдаў рублёў у абмен на пераход на разлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі,
заявіў 24 студзеня журналістам намеснік міністра фінансаў РФ Дзмітрый Панкін.

«У іх былі ў лістах лічбы — 100 мільярдаў рублёў, мы гэта нават не разглядаем», — цытуе чыноўніка Мінфіна РІА Новости.

Ён нагадаў, што раней расійскі бок згадзіўся выдзеліць Беларусі крэдыт у аб'ёме 2 мільярды долараў, з якіх адзін мільярд у лістападзе 2008 года паступіў у распараджэнне Мінска.

Панкін паведаміў, што другая частка крэдыту будзе перададзена Беларусі пасля падпісання плана сумесных дзеянняў дзвюх краін па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансавага крызісу.

«Цяпер ідзе абмеркаванне плана сумесных дзеянняў па пераадоленні крызісу. Будзе падпісаны план сумесных дзеянняў, тады пяройдзем да другой часткі крэдыту — яшчэ мільярд», — сказаў ён.

Дзяржаўны крэдыт РФ дадзены Беларусі на 15 гадоў па стаўцы LIBOR плюс 3% гадавых з адтэрміноўкай пагашэння асноўнага доўга на пяць гадоў. Гэта ўжо другі расійскі крэдыт для Беларусі — у 2007 годзе РФ выдзеліла краіне крэдыт на 1,5 мільярда долараў на 15 гадоў пад стаўку LIBOR плюс 0,75%, таксама з пяцігадовай адтэрміноўкай плацяжу па асноўным доўгу.

Аб'ём тавараабароту Расіі і Беларусі, паводле звестак расійскай статыстыкі, павялічыўся ў 2008 годзе больш чым на 40% у параўнанні з папярэднім годам і, згодна з прагнозамі, дасягне рэкорднага ўзроўню ў 33 мільярды долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?