«Ёсць пэўная кропка, з якой здымаю нараджэнне дзіця»
Фатографка Настасся Галезнік сама мама дваіх дзяцей. Успамінае, што, калі ехала нараджаць, брала з сабой фотаапарат у бальніцу, каб паздымаць немаўля. Хацела зафіксаваць першыя моманты жыцця дзіцяці, якія так хутка сціраюцца з памяці.
«Для мяне гэта вельмі важныя здымкі. Яны сапраўдныя, жывыя», — заўважае Настасся.
Фота Настассі Галезнік.
Пра такі кірунак, як фота на родах, жанчына даведалася год таму: пачула пра міжнародны конкурс. Падпісалася на расійскіх фотографаў, якія спецыялізуюцца на гэтай тэматыцы, стала вывучаць іх работы і захацела сама рэалізаваць нешта падобнае.
«Мне стала крыўдна, што ў Беларусі няма магчымасці замовіць такую здымку».
Фатаграфаваць у дамашняй, сямейнай атмасферы Настассі даводзілася і дагэтуль — напрыклад, нованароджаных. Таму яна навучылася выстройваць давяральныя адносіны з незнаёмымі людзі. Але, прызнаецца, бацькоў, якія гатовы пусціць старонняга чалавека з камерай на роды, — адзінкі.
— Паслуга пакуль не запатраваная. Ад з’яўлення ідэі прайшоў год, перш чым у мяне адбылася першая здымка. Было шмат дамоўленасцяў, але пастаянна нешта зрывалася.
У нас яшчэ самі людзі не разумеюць, навошта гэта трэба, і часта ставяцца скептычна. Я, канечне, наслухалася і начыталася шмат негатыўных каментароў у свой бок.
З іншага боку, у нас жа не так даўно і партнёрскія роды не разумелі. Лічылася, што жанчына адна едзе ў радзільню і там за закрытымі дзвярыма нешта адбываецца, — дзеліцца Настасся.
Па здымку такога інтымнага працэсу звычайна звяртаюцца пары, для якіх гэта другое ці трэцяе дзіця. Тыя, у каго першынец, пабойваюцца запрашаць фатографа — вельмі хвалююцца, бо не ведаюць, як усё пройдзе.
Падчас родаў Настасся страецца быць назіральнікам і не ўмешвацца ў працэс.
— У мяне акцэнт не на фізіялогію, а на эмоцыі. Канечне, калі паглядзець работы заходніх фатографаў, у іх вельмі шмат фізіялогіі, паказаны наўпрост увесь працэс родаў. Але мне здаецца, мы яшчэ не гатовыя да такой адкрытасці. Ёсць пэўная кропка, з якой я здымаю нараджэнне дзіця, — у асноўным за спіной у мамы. Я фатаграфую так, як бачыць жанчына. Мне важна паказаць узаемадзеянне паміж сужэнцамі, першую сустрэчу з немаўлём.
Фота Настассі Галезнік.
«Гэта не тое, што адставіць ножку ў батанічным садзе»
Таццяна Ткачова — дакументальная фатографка.
— У сферу маіх інтарэсаў уваходзіць усё, што звязана з жанчынай. Таму я задумалася пра тое, што было б цікава паздымаць роды — як з дакументальнага, так і з камерцыйнага боку. Гэты кірунак вельмі папулярны ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — там пры радзільнях ёсць свае фатографы. І ніякага трэшу яны не здымаюць — паказваюць, як пара рыхтуецца стаць бацькамі, як праходзяць схваткі, першыя моманты жыцця дзіцяці.
Многія жанчыны не хочуць, каб іх здымалі ў гэты перыяд, бо баяцца, што будуць выглядаць непрывабна.
— Гэта нармальны страх. Але па-мойму, роды — адзін з самых прыгожых момантаў у жыцці, найвялікшая сакральная падзея. Гэтыя хвіліны не падробіш — гэта не адставіць ножку ў батанічным садзе і не надзьмуць вусны.
Перш чым зайсці да парадзіхі, фатографка дэзінфікуе рукі і камеру. Не таму, што інакш могуць пакараць. «Ты сам перажываеш, каб нікому не нашкодзіць».
Развіваць такую паслугу, на думку Таццяны, у інтарэсах саміх радзільняў. Гэта набліжае сістэму медыцыны да еўрапейскай, паварочвае яе ў бок жанчыны, калі усё робіцца для таго, каб ёй было камфортна.
«Фатографаў не пускаюць, а натоўп студэнтаў — калі ласка»
Ахвотных аказваць і замаўляць такую паслугу насамрэч больш, але некаторыя фатографы прызнаюцца: трапіць у радзільню вельмі складана.
Фота Настассі Галезнік.
«Усё вырашаецца ў індывідуальным парадку. Калі асабіста сустракаешся з дактарамі, калі мамы самі дамаўляюцца. Няма адзінага шляху — маўляў, прыйшоў, напісаў заяву і цябе пусцілі. У многіх радзільнях наогул катэгарычныя: не — і ўсё. Ці кажуць жанчыне: выбірайце — або тата, або фатограф. Нават калі на сайце пазначана, што здымка дазволена. І зразумела, што выбіраюць мужа», — падзяліліся з «Нашай Нінай».
«Фатографаў не пускаюць. Затое прывесці без дазволу жанчыны натоўп студэнтаў, каб паказаць, як націскаць на жывот, калі дзіця доўга не выходзіць, — гэта калі ласка…
Я не разумею, чаму радзільні гэтым яшчэ не карыстаюцца. Гэта выгадна ім самім. Можна адмовіцца ад бяздушных фота маленькіх дзяцей на калідорах, якія зняты аднолькава і не звяртаюць на сябе ўвагу, і замяніць іх шчырымі, жывымі здымкамі».