18.06.2019 / 13:02

Фэйсбук анансаваў выпуск крыптавалюты зусім новага тыпу — прывязанай да звычайных валют

Фэйсбук стварае «мэйнстрымавую» крыптавалюту — якая будзе прывязаная да звычайных валют і абапірацца на пул партнёраў такіх, як Visa, Mastercard, PayPal i Uber. 

Фэйсбук абвясціў пра стварэнне даччынай кампаніі Calibra, галоўнай задачай якой стане прадастаўленне фінансавых паслуг карыстальнікам на падставе уласнай крыптавалюты — Libra.

«Calibra прадставіць свой першы прадукт — лічбавы кашалёк для Libra, новай сусветнай валюты, заснаванай на тэхналогіі блакчэйн», — гаворыцца ў паведамленні сацыяльнай сеткі.

Кашалёк для гэтай крыптавалюты будзе даступны ў дадатках Messenger і WhatsApp, а таксама ў выглядзе асобнага дадатку да 2020 года, абяцае кампания

Неабходнасць стварэння Libra ў кампаніі тлумачаць тым, што, хоць Інтэрнэт даў людзям ва ўсім свеце магчымасць кантактаваць адзін з адным, аднак базавыя фінансавыя паслугі ўсё яшчэ шматлікім недаступныя, асабліва ў краінах, якія развіваюцца.

Прыкладна 70% малых прадпрыемстваў у такіх краінах не маюць доступу да крэдытаў, і $ 25 млрд штогод губляюцца мігрантамі з-за камісій за перавод сродкаў на радзіму. Новая крыптавалюта закліканая выправіць гэтую сітуацыю.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру