22.06.2019 / 13:49

Скандал на юрфаку БДУ: выкладчык паскардзіўся, што Рыгор Васілевіч падрабіў ведамасць дзеля блатнога студэнта 75

Узімку 2018 года ў падтрымку дацэнта юрфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Івана Пляхімовіча разгарнулася сапраўдная грамадская кампанія. У Пляхімовіча адабралі курс, і хадзілі чуткі, што яго могуць звольніць. Тады студэнты юрфака і выпускнікі зладзілі збор подпісаў і накіравалі зварот у падтрымку Пляхімовіча рэктару БДУ.

Іван Пляхімовіч

Пасля справа, здаецца, сціхла. Але цяпер у «Нашай Нівы» з’явілася інфармацыя, што насамрэч барацьба адміністрацыі з «нязручным» выкладчыкам працягваецца.

Нібыта Пляхімовіч заўважыў падробку заліковай ведамасці загадчыкам кафедры — былым Генеральным пракурорам і старшынёй Канстытуцыйнага суда Рыгорам Васілевічам — і звярнуўся да рэктара Андрэя Караля. Але пакаралі за гэта самога выкладчыка. Загадам рэктара яму аб'яўлена дысцыплінарнае спагнанне.

«Кававая ведамасць»

«Наша Ніва» звярнулася па каментары да фігурантаў гэтай гісторыі.

Вось што распавядае Іван Пляхімовіч:

«Справа ў тым, што я ўбачыў свайго былога студэнта Аляксандра Доўнара гэтай зімою на факультэце. Я быў здзіўлены, бо думаў, што яго адлічылі яшчэ пасля старой няздачы.

Я пайшоў у дэканат і папрасіў старую ведамасць. Мне, як члену камісіі, далі арыгінал дакумента — і я ўбачыў у ім выпраўленую адзнаку.

Ксеракопія той ведамасці. Выпраўленая адзнака ў студэнта па прозвішчы Доўнар

Тады я ўзгадаў падзеі 2015 года, калі прымаў залік у гэтага студэнта. І напісаў скаргу на імя рэктара, што заліковая ведамасць магла быць падроблена».

Пляхімовіч расказвае цікавыя падрабязнасці таго заліку, які адбыўся чатыры гады таму.

«На факультэце было пасяджэнне камісіі: прымалі другую пераздачу канстытуцыйнага права ў першакурснікаў. У камісіі было трое: дацэнт Аліна Багалейка, загадчык кафедры Рыгор Васілевіч і я як выкладчык, што паставіў нездавальняючыя адзнакі.

Пасля кожнага адказу камісія абвяшчала адзнаку студэнту. У ведамасць адзнаку ўносіў загадчык кафедры Васілевіч, — узгадвае Іван Пляхімовіч. —

Адным са студэнтаў, які пераздаваў залік, быў Аляксандр Доўнар — унук прафесаркі кафедры тэорыі дзяржавы і права Таісіі Доўнар. Раней Доўнар атрымаў нездавальняючыя адзнакі і на заліку, і на першай пераздачы.

На другой пераздачы студэнта Доўнара камісія аднагалосна прыняла рашэнне аб нездавальняючай адзнацы, пра што і было абвешчана студэнту. Адпаведна, Васілевіч у ведамасці насупраць імя Доўнара напісаў «не залічана», усе тры члены камісіі распісаліся».

Але гэта быў толькі пачатак гісторыі.

«У той жа дзень праз нейкі час, пакуль камісія прымала пераздачу заліку ў астатніх студэнтаў, у аўдыторыю зайшла бабуля студэнта Доўнара, прафесарка Таісія Доўнар, і спытала загадчыка кафедры. Рыгор Васiлевiч выйшаў з аўдыторыі пагутарыць з ёю, — распавядае Пляхімовіч. —

Вярнуўшыся ў аўдыторыю, Васілевіч раптам папрасіў, каб дацэнт Багалейка прынесла яму кавы.

З'яўляючыся раней членам камісій па прыёме пераздач, я ніколі не бачыў, каб Рыгор Васілевіч піў каву ў часе работы.

Дацэнтка прынесла загадчыку кафедры каву. Ведамасць з адзнакамі студэнтаў знаходзілася на стале побач з Васілевічам. І падчас адказу чарговага студэнта Рыгор Васілевіч перакуліў кубак кавы на стол, дзе ляжала ведамасць, і на яе трапіла частка разлітага напою. Я адразу сказаў Васілевічу, што ён разліў каву не выпадкова».

Пасля, па словах Пляхімовіча, прынеслі новую ведамасць, Рыгор Васілевіч пачаў перапісваць у яе адзнакі студэнтаў з сапсаванай ведамасці.

«Калі Васілевіч дайшоў у ведамасці да імя студэнта Доўнара, то раптам без усякай нагоды прапанаваў мне прыняць залік у гэтага студэнта яшчэ раз. Я паведаміў, што гэта супрацьзаконна, і адмовіўся», — кажа Пляхімовіч.

Але ж у ведамасці з той пераздачы, якую Пляхімовіч нядаўна ўзяў у дэканаце, адзнака студэнта выпраўлена на «залічана». Старая адзнака «не залічана» закрэслена, а побач два подпісы — загадчыка кафедры Васілевіча і дацэнта Багалейкі — з надпісам «выпраўленаму верыць».

Тады Пляхімовіч напісаў заяву аб парушэннях заканадаўства на імя рэктара БДУ Андрэя Караля. У дакуменце ён распавёў падрабязнасці гісторыі і адзначыў, што гэта вельмі падобна да службовага падлогу — злачынства, прадугледжанае Крымінальным кодэксам.

Вось толькі зварот да рэктара скончыўся пакараннем для самога выкладчыка. Але пра гэта пазней.

Пасля гутаркі з Пляхімовічам «Наша Ніва» звярнулася да загадчыка кафедры Рыгора Васілевіча.

«Фантазіі Пляхімовіча»

Васілевіч узгадаў гісторыю і паведаміў, што насамрэч студэнт Доўнар усё здаў, а ў ведамасці памылкова напісалі «не залічана».

«Гэта была тэхнічная памылка і гэтая памылка была выпраўленая ў межах таго ж экзамена. Калі трыццаць чалавек здавала залік, яму [Доўнару] памылкова была пастаўлена не тая адзнака, якую ён заслужыў», — патлумачыў Рыгор Васілевіч.

Рыгор Васілевіч.

Па яго словах, ён і дацэнт Багалейка вырашылі, што студэнт Доўнар здаў залік. Пляхімовіч быў супраць, але «двое больш, чым адзін».

Расказ Пляхімовіча пра каву і ведамасць ён ахарактарызаваў коратка: «Гэта яго фантазіі». І выказаў свае прэтэнзіі да працы выкладчыка.

«Вы ўяўляеце сабе, каб па выніках экзамена ў аднаго выкладчыка «адлічвалася» 30 чалавек і іх даводзілася прымаць камісіі? Я не ўяўляю. У нас вельмі добры падбор студэнтаў, і ўсе студэнты вельмі моцныя. І калі ў студэнтаў пытаюцца пра тое, што не ўваходзіць у праграму, то да выкладчыка, безумоўна, могуць быць выказаныя прэтэнзіі, — кажа Васілевіч. — Выкладчык мусіць паважаць правы студэнтаў. Студэнта нельга апытваць цягам гадзіны ці дзвюх. Апытваць трэба на працягу 30 хвілін. І калі парушаюцца правы студэнта, то значыць, што выкладчык няправільна сябе паводзіць.

Выкладчык мусіць паведаміць студэнту, якія памылкі пры адказе той дапусціў. І калі мы прымаем на камісіі з удзелам вядомага выкладчыка, і я прашу: скажыце, калі ласка, за што вы настойваеце на адмоўнай адзнацы, то, на жаль, гэты выкладчык не можа адказаць.

Калі выкладчык задае пытанні, якія не маюць дачынення да прадмета, гэта таксама не вельмі добра.

Да мяне пасля сесій прыходзяць студэнты ў эмацыйным і ўзбуджаным стане, у напаўпрытомным стане. І я перажываю за іх здароўе. Я асабіста хвалююся за іх здароўе.

Да студэнтаў мусіць быць добразычлівае, нармальнае стаўленне, нават калі студэнт атрымаў двойку. І студэнт мусіць разумець, у чым ён памыліўся пры адказе».

Рыгор Васілевіч не захацеў узгадваць, чаму на тую пераздачу завітвала бабуля студэнта, прафесарка Таісія Доўнар, і пра што яны гутарылі.

«Не буду я з вамі размаўляць на тэму, хто зайшоў. Я вам яшчэ раз кажу, што гутарка ідзе пра тэхнічную памылку», — паведаміў Васілевіч.

«Наша Ніва» звязалася з яшчэ адным членам камісіі. Але дацэнт Аліна Багалейка калі пачула, пра што ідзе гутарка, адмовілася ад каментароў.

«Наўрад ці я вам дапамагу чымсьці. Баюся, я не магу адказаць на вашы пытанні, якімі б яны ні былі», — паведаміла Багалейка.

Прафесарка Таісія Доўнар паведаміла «Нашай Ніве», што не памятае пра свой візіт да загадчыка кафедры падчас заліку.

«Нікуды я не заходзіла, я штосьці такога не памятаю, — сказала Доўнар. — Хай пакрыўджаны чалавек піша, што ён хоча. Нездарма ўсе прагаласавалі супраць яго [прадстаўнікі рады юрфака выбіралі кандыдатуру на пасаду, якую займаў Пляхімовіч — НН], таму што так не добра: казаць, што ўсе злачынцы.

Гэта ані ў якія вароты не лезе. Гэта надзвычайная сітуацыя, калі народ амаль што адназначна прагаласаваў супраць. Бо людзі ведаюць, што гэта ўсё глупства, пра якое ён там усё расказвае.

Таму я ніякіх каментароў даваць не буду. Хай ён дае каментары, якія пажадае».

«Помста за нязручнасць»

Іван Пляхімовіч настойвае, што яго выжываюць з юрфака як нязручнага работніка.

У якасці прыкладу Пляхімовіч прывёў гісторыю са сваёй скаргай рэктару на той залік студэнту Доўнару.

«Справа ў тым, што рэктар прымае толькі раз на месяц, а прызначаны мне час перасякаўся з лекцыяй у раскладзе заняткаў. Як гэта заўсёды рабілася ў нас на кафедры, я папрасіў калег, якія вядуць такі ж прадмет, прачытаць замест мяне лекцыю і 10 хвілін пачатку наступнай лекцыі. Замена з заняткамі — нярэдкая з'ява ў нашай працы, калі ў сілу тых ці іншых аб'ектыўных прычын выкладчык не можа сам правесці занятак.

У сваёй дакладной запісцы загадчык кафедры — той самы Рыгор Васілевіч — абвінаваціў мяне ў тым, што я не ўзгадніў з ім замены і што лекцыі вялі выкладчыкі, а не старэйшыя выкладчыкі. Але раней ён ніколі не абавязваў нас узгадняць з кім-небудзь замену і не выстаўляў патрабаванняў да пасады выкладчыка, які праводзіць занятак замест калегі. Калі на пасяджэннях кафедры заходзіла гаворка аб парадку замен, то загадчык прасіў выкладчыкаў толькі дамовіцца з калегам пра замену, забяспечыўшы тым самым правядзенне заняткаў без яго пераносу на іншы час альбо дату, — кажа Іван Пляхімовіч. —

Але галоўнае нават не ў гэтым. Не мог жа я паведаміць загадчыку кафедры або кіраўніцтву факультэта, што іду ў рэктарат, каб перадаць доказы падробкі імі ведамасці. Згодна з Працоўным кодэксам, калі работнік не выканаў працоўны абавязак у сілу ўважлівай прычыны, гэта не прызнаецца дысцыплінарнай правінай. Ці гэта не ўважлівая прычына прымаць меры для расследавання прыкмет злачынства на юрфаку, фігурантамі па якім праходзяць тыя, хто вучыць будучых суддзяў, пракурораў, адвакатаў?

Але да мяне вырашылі паставіцца па-асабліваму. Толькі мой калега пачаў замест мяне лекцыю, як у аўдыторыю зайшоў загадчык кафедры, прычым са «сведкам» — іншым выкладчыкам. Патлумачу, што да гэтага выпадку загадчык кафедры не наведваў маіх заняткаў не менш за пяць апошніх гадоў. Неўзабаве і з'явілася яго дакладная запіска.

За ўсе папярэднія сямнаццаць гадоў працы ў БДУ я не меў дысцыплінарных спагнанняў», — падкрэслівае Пляхімовіч.

Калі выкладчык атрымлівае два дысцыплінарныя спагнанні за год, то яго можна звольніць, тлумачыць Пляхімовіч.

«Да таго ж, гэта адбылося напярэдадні конкурсу на маю пасаду, таму гэтая інфармацыя дыскрэдытавала мяне як работніка. Больш за тое, я мяркую, што асноўная мэта гэтага пакарання і была дыскрэдытацыя мяне. Гэта помста за мой зварот да рэктара, — мяркуе выкладчык. —

Я не зусім падобны да іншых работнікаў. Працуючы на юрфаку з 2002 года, увесь час раблю прапановы, у тым ліку пісьмовыя, па ўдасканаленні працы, імкнуся супрацьдзейнічаць парушэнням заканадаўства на кафедры і факультэце. На такім факультэце, як юрфак БДУ, гэта няпроста, бо ў нас заўжды былі дзеці статусных бацькоў, дзяржслужачых і супрацоўнікаў самога факультэта. Але я стаўлю адзнакі толькі па адказах. Маё жыццё — працяг той лекцыі, якую я чытаю. Свае прапановы і заўвагі я перадаваў і рэктару. Дый каву я ніколі не любіў.

Незадаволенасць мной факультэцкіх начальнікаў з цягам часу назапашвалася. Усё гэта вылілася ў жаданне адміністрацыі пазбавіцца ад такога работніка, як я».

21 мая на радзе факультэта, дзве траціны складу якой — прадстаўнікі факультэцкай адміністрацыі, Івана Пляхімовіча не абралі па конкурсе на займаную пасаду.

«Радзе факультэта папярэднічала пасяджэнне кафедры, на якім большасць таксама прагаласавала супраць мяне. Гэтыя вынікі былі прадказальныя, — запэўнівае Пляхімовіч. — Людзі баяцца непадаўжэння кантрактаў, да таго ж не вераць, што такія прывілеяваныя начальнікі, якія дзесяцігоддзямі займаюць свае крэслы, калі-небудзь гэтыя пасады пакінуць».

Неабранне па конкурсе з'яўляецца падставай для незаключэння новага кантракта. Гэты кантракт Пляхімовіча сканчаецца 30 чэрвеня. З вельмі вялікай імавернасцю хутка выкладчык стане беспрацоўным.

«Але справа не толькі ў той гісторыі з «кававай» ведамасцю. Толькі за апошнія месяцы ў дачыненні да мяне здзейсненыя дзеі, якія трэба расследаваць на прадмет цэлага шэрагу службовых злачынстваў, у тым ліку злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, пераследу за крытыку, службовага падлогу, адмовы ў прадастаўленні інфармацыі. Адпаведныя матэрыялы я перадам праваахоўным органам, — кажа Іван Пляхімовіч. —

У прафесарска-выкладчыцкім складзе факультэта нямала таленавітых і добрасумленных выкладчыкаў. У нас ёсць і заўжды былі старанныя, здольныя студэнты. Але развіццё факультэта стрымліваецца такімі фактарамі, як застой кіраўнічых кадраў, бюракратызм, узаемазалежнасць прадстаўнікоў адміністрацыі факультэта, выкарыстанне імі пасад ва ўласных інтарэсах і інтарэсах сваіх сваякоў. Змагацца з гэтым вельмі складана, таму што факультэцкія начальнікі карыстаюцца заступніцтвам чыноўнікаў самага высокага рангу ў юрыдычных органах улады, Адміністрацыі прэзідэнта, а тыя, у сваю чаргу, не супраць заняць пасады на юрфаку, у тым ліку на выпадак адстаўкі з дзяржслужбы, — мяркуе Пляхімовіч. — Васілевіч узначаліў кафедру неўзабаве пасля таго, як быў прызначаны старшынёй Канстытуцыйнага суда, і займае пасаду загадчыка кафедры ўжо больш за 20 гадоў. Акрамя таго, ён з'яўляецца старшынёй рады па абароне дысертацый пры БДУ.

Сярод супрацоўнікаў кафедры Васілевіча — яго сын, які знаходзіцца на службе ў Генеральнай пракуратуры, дзеці прарэктара БДУ, папярэдняга рэктара ўніверсітэта.

У 2004 годзе ўзначаліў толькі што створаную кафедру на юрфаку і тагачасны старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў, які кіруе кафедрай і дагэтуль, а яшчэ займае пасаду старшыні рады па абароне дысертацый пры БДУ. Дэкан юрфака Сяргей Балашэнка 18-ы год на чале факультэта, ён тут і старшыня рады па абароне дысертацый, а да нядаўняга часу меў яшчэ трэцюю пасаду — загадчыка кафедры», — наракае нязгодны выкладчык.

Пляхімовіч мае намер звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай прыцягнуць да адказнасці вінаватых і вызваліць факультэт ад, як ён кажа, «засілля людзей, якія дзякуючы сваім сувязям і апецы зверху адчуваюць усёдазволенасць».

Студэнты называюць Пляхімовіча надзвычай строгім і патрабавальным выкладчыкам, аж да дзівацтва.

Адзін з калег Пляхімовіча звязвае яго звальненне не толькі з канфліктам з Васілевічам, але і з крытычным каментаром да дзейнай канстытуцыі, які выкладчык нядаўна падрыхтаваў. Ён нагадвае, што раней з юрфака быў у падобнай сітуацыі звольнены выкладчык Марчук, аднак той не стаў ісці на канфлікт і дабівацца аднаўлення.

«Як чалавек ён вельмі цяжкі, але як спецыяліст таленавіты, адзін з тых, на якіх усё трымаецца. Як студэнт, я яго ненавідзеў і лічыў яго ненармальным з неабгрунтавана высокімі патрабаваннямі, завёрнутым на сваёй працы. Але з часам зразумеў, наколькі гэта выдатны выкладчык», — кажа мінскі юрыст, які вучыўся ў Пляхімовіча.

NN.by

6
odin / Адказаць
19.06.2019 / 08:31
Попавшая в логово волков овца просто обязана стать волком, иначе сожрут. И это на самом правовом факультете БГУ, где пенсионерят такие бонзы юриспруденции, как Василевич и другие заслуженные юристы страны.
59
Dzianisken / Адказаць
19.06.2019 / 10:05
Толькі мне здаецца, што ён падобны да Шэлдана?
53
Dzianisken / Адказаць
19.06.2019 / 10:07
Толькі мне здаецца, што ён падобны да Шэлдана?!

Паказаць усе каментары/ 75 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру