Грамадства

«Ілюзіяў не было». Беларуска пра шлях ад петрыкаўскай школы да намесніцы дырэктара Globsec

Алена Кудзько — намесьніца дырэктара славацкага Інстытуту палітыкі Globsec, адказная за дасьледаваньні. Яна займаецца пытаньнямі эўрапейскай бясьпекі, міграцыі і рэгіёнам Усходняй Эўропы. Сярод іншага, арганізацыя Globsec штогод ладзіць адну з найбуйнейшых у сьвеце канфэрэнцыяў у пытаньнях бясьпекі. Яе ўдзельнікамі былі Джон Маккейн, Мадлен Олбрайт, Зьбігнеў Бжэзінскі, прэзыдэнты і прэм’ер-міністры большасьці краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, піша Радыё Свабода.

Алена Кудзько

На сёлетнім Форуме глябальнай бясьпекі ў Браціславе Алена Кудзько расказала Радыё Свабода пра тое, як цяпер глядзяць на Беларусь эўрапейскія палітыкі і дасьледнікі, а таксама пра свой шлях ад алімпіяды ў беларускай мове праз вучобу ў Менску, Таліне, Будапэшце і Каліфорніі.

«Дагэтуль памятаю сцэны з «Чарнобыльскай малітвы»»

— Петрыкаў, дзе я вырасла, афіцыйна не Чарнобыльская зона, але ўсё навокал трапляе ў зону. У школе нас рэгулярна правяралі на рак шчытавіцы. Бацькі расказвалі, што ў мясцовай радзільні дзяцей адразу правяралі — ці ўсё ў іх на месцы, пералічвалі рукі-ногі. І ўвогуле людзі мелі шмат праблемаў са здароўем.

Школа №2 у Петрыкаве, дзе вучылася Алена

Нам сказалі ў школе: «Чытайце «Чарнобыльскую малітву»», а я была сур’ёзная дзяўчынка і чытала ўсё, што задавалі. Дагэтуль памятаю сцэны з «Чарнобыльскай малітвы» — як там людзі паміралі, як скура аблазіла. Кніга мяне вельмі ўразіла, таму я была вельмі радая, калі Сьвятлане Алексіевіч далі Нобэлеўскую прэмію.

Сэрыял HBO «Чарнобыль» я яшчэ не глядзела, але яго цяпер шмат абмяркоўвалі, таму трэба паглядзець. Людзі ў Эўропе нават асабліва ня ведаюць, што Беларусь была закранутая Чарнобылем. Калі я кажу, што ў нас паўкраіны пацярпела, усе вельмі зьдзіўляюцца.

Я размаўляла з тымі, хто тут паглядзеў сэрыял, і Беларусь як тэма ім не запомнілася. Яны больш былі ўражаныя тым, як працавала савецкая сыстэма, што рабілася пасьля катастрофы.

«Нават ня марыла, што змагу трапіць у ліцэй БДУ»

— Я з расейскамоўнай сям’і. Цікавілася беларускаю моваю, але значна больш матэматыкай. У мяне быў канфлікт з настаўніцай беларускае мовы. Я падгаварыла сваіх аднаклясьнікаў не зьявіцца на нейкую афіцыйную падзею, бо мне там нешта падалося несправядлівым. Але мой тата быў дырэктарам школы, у якой я вучылася, а мама — настаўніцай. І дома мне за гэта вельмі дасталася. Мне сказалі: «Што за сабатаж такі ў школе? Пойдзеш на алімпіяду па беларускай мове».

Давялося ісьці на беларускую алімпіяду замест матэматычнай. Ты пачынаеш са школы, а калі займаеш першае месца, дык ідзеш на раённую і гэтак далей. Закончылася гэта ў Менску, і закончылася вельмі добра, бо ў 2004-м я перамагла на агульнанацыянальнай алімпіядзе і мяне ўзялі без экзамэнаў у ліцэй БДУ. Я да таго нават ня марыла, што змагу трапіць туды — зь Петрыкава, здаецца, увогуле толькі тры чалавекі за ўвесь час туды ўзялі.

Выпускны ў ліцэі БДУ, 2006 год:

Потым быў сам Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, факультэт міжнародных адносін са спэцыялізацыяй «сучасныя замежныя мовы». Я вывучала ангельскую, нямецкую і габрэйскую, але з іўрыту нічога ўжо ня памятаю. Шкада, што ня маю магчымасьці ўжываць гэтую мову на працы ці ў жыцьці.

«У Штатах можаш паступіць ва ўнівэрсытэт, а потым вырашыць, што будзеш вывучаць»

— Калі вучылася ў БДУ, я была на гадавой праграме студэнцкага абмену, якая фінансуецца Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША. Трапіць туды было вельмі цяжка — на той час бралі пяць чалавек зь Беларусі. У 2009 годзе, пасьля трэцяга курсу ў БДУ, я атрымала гэтую стыпэндыю, але праблема была ў тым, што я вучылася «на бюджэце». Ва ўнівэрсытэце мне казалі: «Ты можаш ехаць, але мы цябе выкідаем зь бюджэтнага. Калі хочаш, потым паступай наноў ці ідзі на платнае».

Але мае бацькі ня мелі змогі на платную адукацыю для мяне, а Мінстэрства адукацыі не падпісала мой запыт на акадэмічны адпачынак.

Мне падказалі крэатыўнае выйсьце. Мая бабуля цяпер ужо памерла, а тады ёй было 87 гадоў. Яна была яшчэ вельмі бадзёрая для свайго ўзросту, але выявілася, што я мела права ўзяць акадэмічны адпачынак на год, каб даглядаць за бабуляй. Я ўзяла даведку са шпіталю, што бабуля ўжо старая і што яе трэба глядзець. Так я атрымала дазвол і «даглядала» за бабуляй у ЗША.

Падчас вучобы ў ЗША

— Ва ўнівэрсытэце штату Каліфорнія ў Бэйкерсфілдзе я вывучала паліталёгію. Але ў нас, калі ты паступаеш, ужо ў 15 гадоў мусіш ведаць, што хочаш рабіць, і рыхтавацца да тэстаў. У 15 гадоў большасьць гэтага яшчэ ня ведае. За што я вельмі паважаю амэрыканскую сыстэму — у Штатах ты можаш паступіць ва ўнівэрсытэт, а потым вырашыць, што будзеш вывучаць. Плюс яшчэ ты можаш вучыць нешта, акрамя асноўнай спэцыяльнасьці.

«Адразу прапанавалі граць з аркестрам»

У Беларусі я вельмі сур’ёзна займалася музыкай, вучылася ў музычнай школе ў клясе фартэпіяна, выйгравала конкурсы. Але ў 15 гадоў паўстаў выбар — альбо ліцэй БДУ, альбо музычны ліцэй у Менску. Пэрспэктывы быць музыкантам у Беларусі, шчыра кажучы, ня вельмі добрыя, таму я абрала ліцэй БДУ. У Штатах ты ня мусіш адразу рабіць такі выбар, і гэта, па-мойму, самае файнае, што ёсьць у амэрыканскай сыстэме адукацыі. Калі ў цябе атрымліваецца і тое, і тое, — дык рабі.

На канцэрце падчас вучобы з ЗША

Мне там адразу прапанавалі граць з аркестрам. У Беларусі для гэтага трэба быць зоркай невядома якога маштабу. А там, калі ёсьць дастаткова людзей, гатовых гэта слухаць, вось табе аркестар, ідзі грай.

Летась я купіла электрычнае фартэпіяна. Ужо зарабляю дастаткова, каб яго набыць [сьмяецца]. Але граю ўжо толькі дома, калі маю час, несур’ёзна.

«Пачытала пра Сіліцкага, толькі калі падавалася на праграму»

— Год я вучылася ў Эстонскай школе дыпляматыі, а потым была праграма імя Віталя Сіліцкага ў Будапэшце і ў Браціславе, у Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце.

Перад тым як падавацца на праграму Сіліцкага, я ўвогуле ня ведала, хто гэта такі, калі шчыра. Пачытала пра яго, толькі калі падавалася на праграму.

Алена Кудзько пасьля атрыманьня ступені магістра ў Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце ў Будапэшце

Мне балюча гэта казаць, але ў Славаччыне сыстэма адукацыі дагэтуль вельмі савецкая. Ёсьць памкненьні гэта зьмяніць, ёсьць лепшыя выкладчыкі і факультэты, але стыль прыблізна аднолькавы зь Беларусьсю. На лекцыі ўсе баяцца задаць пытаньне, ніхто нічога ня кажа. Таксама, як і ў Беларусі, адбываецца інфляцыя дыплёмаў — усе мусяць мець вышэйшую адукацыю, каб былі «корачкі».

У Штатах усё па-іншаму, бо практычна ўсе плацяць за адукацыю.

«Для эўрапейцаў Брэксыт забівае ўсе тэмы»

— У Славаччыне многія маюць нерэалістычныя чаканьні — маўляў, скончу ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці міжнародныя адносіны і буду адразу ледзь не амбасадарам. Я такіх ілюзіяў ня мела. У Globsec была вакансія адміністратара праекту, гэта адна з найніжэйшых пасадаў, дзе ты дапамагаеш іншым, — я з гэтага пачала. Плюс Globsec у тым, што калі ты добра робіш праекты, дык вельмі проста атрымаць павышэньне. І неўзабаве ў мяне зьявілася значна больш магчымасьцяў.

Алена Кудзько выступае на канферэнцыі «Змаганьне зь незаконным гандлем», Лёндан, верасень 2017

— Тэмы Беларусі ў нашай працы амаль зусім няма. Часткова гэта таму, што Беларусь цяпер ня вельмі актуальная для эўрапейцаў і амэрыканцаў. У іх шмат іншых праблемаў, якія вымагаюць хуткай рэакцыі. Для эўрапейцаў Брэксыт цяпер тэма, якая забівае ўсе астатнія, нават Украіну.

Калі здараецца нешта вялікае і жудаснае, дык адразу да гэтага шмат увагі. Але калі яно працягваецца некалькі гадоў, дык наступае стомленасьць ад тэмы. У сувязі з сытуацыяў ва Ўкраіне дагэтуль робіцца вельмі шмат працы па дыпляматычных каналах на розных узроўнях. Але на нейкія радыкальныя захады цяпер палітычнай волі няма.

Разам з прэзыдэнтам Globsec Робэртам Васам (зьлева) і міністрам замежных спраў Гішпаніі Жузэпам Барэлем (у цэнтры)

Цяпер вялікая тэма для ўсіх краін Эўразьвязу — наступствы выбараў у Эўрапарлямэнт. Зьменяцца прадстаўнікі Эўракамісіі, ідуць спрэчкі пра бюджэт на наступныя сем гадоў. Пасьля Брэксыту бюджэт будзе меншы, і ўсе чакаюць, што менш грошай будзе выдаткоўвацца на Цэнтральную Эўропу.

«Беларусь прысутнічае як частка тэмы гібрыдных войнаў»

— Расея застаецца для Эўропы праблемай у пляне бясьпекі, але мала хто чакае, што будзе нейкі канвэнцыйны канфлікт. Больш праблемныя так званыя гібрыдныя войны — інфармацыйныя і гэтак далей. Гэтаму надаюць шмат увагі і ў Эўразьвязе, і ў ЗША.

Падчас міграцыйнага крызісу шмат хто хваляваўся, што ўвага Эўропы пераключыцца на Паўночную Афрыку. Але цяпер мігранты ўжо не такая праблема для Эўропы, як некалькі гадоў таму.

— Беларусь у нашай працы прысутнічае як частка тэмы гібрыдных войнаў — больш як кантэкст інфармацыйных войнаў, якія вядзе Расея. Калі цяпер ідуць дэбаты пра магчымую вайсковую базу ЗША ў Польшчы, амаль ніхто ня думае пра наступствы для Беларусі як дзяржавы. Думаюць пра рэакцыю з боку Расеі, але Беларусь асобна ня вельмі ўспрымаецца.

Пасьля ўкраінскага крызісу, калі афіцыйны Менск не прызнаў анэксію Крыму і агулам крыху супраціўляўся Расеі ў іншых пытаньнях, Беларусь сталі ўспрымаць як суб’ект палітыкі. Пра гэта ня будуць размаўляць адкрыта, але ёсьць і ўдзячнасьць Беларусі за тое, што там няма праблемаў, якія патрабавалі б актуальнай увагі. Аднак пры гэтым усе ведаюць, што калі ідзецца, напрыклад, пра «менскі працэс», дык Беларусь тут проста пляцоўка для перамоваў, а не палітычны гулец.

Мы раней дасылалі запрашэньні на канфэрэнцыю ў Браціславу дэпутатам беларускай Палаты прадстаўнікоў, але тыя іх ігнаравалі. Былі спробы запрасіць Лукашэнку ў Мюнхэн на канфэрэнцыю ў пытаньнях бясьпекі, але ён не прыехаў — прыехаў Макей.

«Ніхто ў Эўразьвязе ўсур’ёз ня кажа пра далучэньне Беларусі ці Ўкраіны»

— Пуцін мае рэпутацыю здольнага на нечаканыя і рызыкоўныя рашэньні — такія, як вайна ў Сырыі, анэксія Крыму. Дыскусіі пра тое, што Пуцін для пераабраньня на наступны тэрмін можа скарыстаць нейкі сцэнар «аб’яднаньня» зь Беларусьсю, ужо даўно абмяркоўваюцца ў расейскіх і беларускіх мэдыя. У заходняй прэсе гэта пачало зьяўляцца зусім нядаўна, зь вялікай затрымкай. Але сам факт такіх публікацыяў сьведчыць, што і заходнія аналітыкі разглядаюць такі сцэнар разьвіцьця падзеяў.

— Сёньня ніхто ў Эўразьвязе ўсур’ёз не размаўляе пра далучэньне Беларусі ці Ўкраіны. Вядома ж, сытуацыя можа зьмяніцца. Напрыклад, перад тым як краіны Цэнтральнай Эўропы далучыліся да NATO, многія думалі, што ніколі ў жыцьці гэтага не адбудзецца. Але зьмянілася сытуацыя, зьмяніліся людзі, зьмяніліся ўмовы ў сьвеце. Таму ніколі ня варта казаць ніколі.

Але на сёньня ўсярэдзіне Эўразьвязу гэтулькі праблемаў, што нікому ня хочацца дадатковых. Цяпер узьнікаюць праблемы з краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Дзеля палітычнай карэктнасьці такое асабліва не агучваюць, але шмат хто ў Заходняй Эўропе лічыць памылкаю далучэньне гэтых краінаў да Эўразьвязу.

Большасьць сур’ёзных палітыкаў лічаць, што гэта было правільнае рашэньне — працаваць на інтэграцыю гэтых краін і не дазволіць ім ператварыцца невядома ў што па-за межамі ЭЗ. Але насельніцтва Эўразьвязу ўжо ня вельмі добра ставіцца да ідэі яго пашырэньня.

Калі ты праводзіш рэформы ў Беларусі ці Ўкраіне, ты робіш гэта не для Эўразьвязу. Калі ты беларускі, украінскі ці сэрбскі палітык, ты ня можаш сказаць: «Мы ня ўступім у ЭЗ, таму нічога ня будзем рабіць». Але, вядома ж, гэта ў інтарэсах Эўразьвязу — дапамагаць суседзям, каб тыя праводзілі рэформы.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

Мясаедская дыета — у якіх выпадках яна дапамагае3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць