У Беларусі паспяхова правялі перасадку сэрца 10-гадовай дзяўчынцы, паведаміў журналістам намеснік дырэктара па хірургічнай дапамозе РНПЦ «Кардыялогія» доктар медыцынскіх навук Сяргей Спірыдонаў, піша БелТА.

У пацыенткі Дар'і развівалася сардэчная недастатковасць. Некалькі месяцаў яна знаходзілася ў лісце чакання на трансплантацыю, увесь гэты час падбіралі донарскі орган. Самаадчуванне дзяўчынкі пагаршалася. Паўтара месяца яна знаходзілася ў другой бальніцы, не выходзячы з рэанімацыі, таму пытанне з лячэннем трэба было вырашаць кардынальна. У РНПЦ яе даставілі за 4 гадзіны да аперацыі, якая прайшла 7 чэрвеня. На чацвёртыя суткі дзяўчынку перавялі ў аддзяленне. Умяшанне прайшло стандартна - клініка была да гэтага гатова.

Сяргей Спірыдонаў

Сяргей Спірыдонаў

Донарскае сэрца даставілі ў цэнтр верталётам МНС. «Ёсць часавы прамежак: за 4 гадзіны павінны ўзяць сэрца, прывезці і трансплантаваць», - адзначыў Сяргей Спірыдонаў.

У практыцы медыкаў РНПЦ гэта трэці выпадак, калі сэрца перасаджваецца дзіцяці. Але аперацыя ў такога маленькага пацыента прайшла ўпершыню. У беларускіх кардыяхірургаў вялікі вопыт. Усяго з пачатку года ў цэнтры праведзена ўжо 28 аперацый па трансплантацыі сэрца.

Паводле слоў загадчыка кардыялагічнага аддзялення нумар 3 РНПЦ Ларысы Рачок, пасляаперацыйны перыяд праходзіць стандартна. Стан дзяўчынкі добры: донарскі орган прыжываецца нармальна. Дар'я рыхтуецца да выпіскі.

У аўторак дзяўчынка адзначыда сваё 11-годдзе. У сувязі з гэтым калектыў РНПЦ зрабіў ёй падарунак. Дар'я ўжо загадвае жаданні і думае пра планы на будучыню: на сваё 12-годдзе яна марыць пра новы ровар, у перспектыве хоча стаць ветэрынарам.

«Мы спадзяёмся, што яна вернецца да нармальнага жыцця і будзе жыць як нармальнае дзіця», - сказаў на заканчэнне Сяргей Спірыдонаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0