З удзельніц групы Pussy Riot Вольгі Курачавай і Веранікі Нікульшынай знята забарона на ўезд у Беларусь. Пра гэта Tut.by распавёў кіраўнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун. Прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант пацвердзіла, што з дзяўчатамі звязвалася кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

Літаральна на наступны дзень Курачавай патэлефанавала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

— Кіраўнік Адміністрацыі, сапраўды, па даручэнні прэзідэнта звязвалася напярэдадні з Вольгай Курачавай. Галоўнае, што было адзначана ў размове — гэта тое, што ні пытанняў, ні прэтэнзій да гэтых дзяўчат у Беларусі няма, — распавяла прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант.

Кіраўнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун распавёў, што забарона знята з сённяшняга дня, з 19 чэрвеня, гэта рашэнне МУС.

— А на якой падставе забарону ўвялі?

— Ну, яны ж сябе праявілі на чэмпіянаце свету па футболе ў 2018 годзе [у Расіі]. І ў мэтах прафілактыкі, каб у нас не паўтарылася такая гісторыя, забарона была ўведзена.

— Дык чаму забарону знялі? Вырашылі, што яны выправіліся?

— Бо знайшлі разуменне, што гэтага не паўторыцца. Разуменне знайшлі ў індывідуальным парадку: з імі звязаліся супрацоўнікі МУС, - растлумачыў Бягун.

Нагадаем, падчас фіналу ЧС-2018 актывісты групы Pussy Riot, у ліку якіх былі Пётр Вярзілаў, Вераніка Нікульшына, Вольга Курачава выбеглі на поле «Лужнікоў» з акцыяй «Міліцыянт уступае ў гульню». Удзельнікі былі затрыманыя і па судзе атрымалі 15 сутак арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0