20.06.2019 / 15:58

Месца для помніка Быкаву — плошча Перамогі вы згодныя? 49

Фота Яўгена Коктыша.

Мінгарвыканкам мяркуе, што помнік Быкаву павінен стаяць там, дзе будзе вуліца Быкава. А генерал Чаргінец бачыць помнік Быкаву на плошчы Змітрака Бядулі, каля кінатэатра «Мір».

Ні першы, ні другі варыянт не падаюцца мне адпаведнымі.

Хто такі Быкаў і што такое Быкаў для Беларусі?

Быкаў — гэта сімвал. Сімвал беларуса на вайне, сціплага беларуса-пераможцы, і аднасова сімвал простага афіцэра, не маршала, лейтэнанціка, — які прайшоў усю вайну, быў за валасок ад смерці, якога палічылі забітым, адправілі сям'і пахаронку, а ён застаўся жывы.

І Быкаў таксама — гэта сімвал беларускасці. Гэта чалавек, які змагаўся не толькі супраць нацызму, але і за незалежнасць. І таксама перамог.

Быкаў — гэта постаць, якая аб'ядноўвае і магла б яшчэ мацней аб'яднаць. Я ніколі ні чуў ні ад каго адэкватнага слова супраць Быкава.

У гэтай быкаўскай сціпласці і ціхай зацятасці — і нацыянальны характар, і нацыянальны сакрэт.

Колас стаіць на цэнтральнай плошчы, на галоўным праспекце. Купала стаіць у цэнтральным парку, на галоўным праспекце.

Месца для помніка Быкаву — плошча Перамогі, між Купалам і Коласам і нароўні з імі. Архітэктары, скульптары хай скажуць сваё слова, у якім месцы плошчы ён мае стаяць і якім ён павінен быць. Я б яго бачыў не манументальным, але і не дробным, недзе ў скверы — але вызначаць гэта мусяць прафесіяналы. Можа быць, там, дзе Яўген Коктыш зрабіў сваё класічнае фота. Але адназначна на той плошчы, якая прысвечана Перамозе. 

Чытайце таксама: Як Быкаў стаў Быкавым: што зрабіла яго такім, якім ён быў — біяграфія

Андрэй Дынько

6
Васіль / Адказаць
20.06.2019 / 16:06
Падтрымліваю!
9
tumash / Адказаць
20.06.2019 / 16:12
Мне падабаецца ідэя перайменавання праспекта Дзяржынскага ў праспект Быкава. І помнік мог бы таксама там з'явіцца.
7
a.hto.tam.idze / Адказаць
20.06.2019 / 16:23
Цалкам згодны з аўтарам. З іншай уладай, гэты помнік стаяў бы на тым месцы ўжо 15 гадоў.
Паказаць усе каментары/ 49 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру