20.06.2019 / 16:54

Астролаг падказаў, калі пачынаць: «Маці 328» зноў галадаюць у вёсцы пад Пухавічамі. Чаму? 9

У пачатку чэрвеня ў вёсцы Востраў, што ў Пухавіцкім раёне, некалькі жанчын абвесцілі галадоўку. Гэта чарговая акцыя пратэсту жанчын, чыі дзеці і сваякі асуджаныя за наркотыкі.

Рух «Матулі 328», у які раней аб’ядноўваліся жанчыны, фактычна раскалоўся на дзве часткі. І цяпер адна з іх галадае, а другая — асуджае гэтую галадоўку.

Хто такія «Матулі 328» і што з імі адбываецца

Гэта рух, які складаецца з беларускіх жанчын, чые дзеці ці блізкія сваякі адбываюць пакаранне па «наркатычным» артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў»). Адсюль, адпаведна, і назва руху.

Праўда, як высветлілася, «Матулі 328» сёння фактычна падзяліліся на дзве часткі. Адна ўзяла назву «Матчын рух», другая — «Наша права». Яшчэ пэўная колькасць жанчын вырашыла не далучацца ані да якой з іх.

«Цяпер рух разбіўся на дзве часткі: «Матчын рух» і «Наша права». Першыя пазіцыянуюць сябе як доўгатэрміновы праект, яны хочуць мяняць грамадскае меркаванне, хочуць легалізавацца, зарэгістравацца і стаць грамадскай арганізацыяй. Яны раздаюць улёткі, замалёўваюць надпісы на сценах з рэкламай інтэрнэт-крамаў па продажу наркотыкаў, праводзяць мітынгі, — кажа Таццяна Канеўская, актывістка, чый сын быў асуджаны па артыкуле 328. —

«Наша права» у сваю чаргу хоча вырашаць пытанні заканадаўча. Прасцей кажучы, «Матчын рух» хоча мяняць меркаванне людзей, «Наша права» хоча мяняць законы».

І сёння ў вёсцы пад Пухавічамі галадаюць менавіта прадстаўнікі «Матчынага руху».

Дарэчы, гэта не першая галадоўка, якую ладзяць маці і жонкі асуджаных за наркотыкі. У 2018 годзе яны таксама галадалі. Тады жанчын запрасілі на сустрэчу ў Адміністрацыю прэзідэнта і паабяцалі, што змякчэнне антынаркатычнага заканадаўства будзе разгледжана. Праўда, пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што паслабленняў не будзе.

У 2019 годзе папраўкі ў антынаркатычны закон усё ж прынялі. Але зусім не такія радыкальныя, якіх патрабавалі жанчыны на мітынгах. Цяпер за распаўсюд з мэтай збыту будуць даваць ад 3 да 8 гадоў (было ад 5 да 8); за групавы распаўсюд з мэтай збыту будуць караць зняволеннем ад 6 да 15 гадоў (раней было ад 8 да 15).

Пакаранне па астатніх частках пакінулі такім жа суворым. Ад 10 да 20 гадоў атрымаюць тыя, хто вырабляе наркотыкі ці арганізуе бізнэс па іх продажу; ад 12 да 25 гадоў — калі распаўсюд прывёў да смерці чалавека.

Як бачым, лібералізацыяй назваць гэта цяжка.

Але ж, як высветлілася, галадоўка «Матчынага руху» са зменамі ў заканадаўстве зусім не звязаная.

Астралагічны прагноз за 30 рублёў

Папраўкі ў артыкул 328 дэпутаты прынялі 14 чэрвеня. Але галадоўка пачалася раней, яшчэ 11 чэрвеня. Тады некалькі жанчын з «Матчынага руху» пачалі галадаць у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна.

«Галадоўку мы рыхтавалі загадзя за некалькі месяцаў. Пачалі 11 чэрвеня, бо гэта восьмыя месяцовыя суткі. З улікам месяцовых цыклаў, гэта спрыяльна для таго, каб увайсці ў голад», — распавядае Алена Кузьміна, адна з галадоўшчыц.

Алена Кузьміна

Інфармацыю пра месяцовыя цыклы жанчыны атрымалі ад астролагаў.

«Мы замаўлялі астралагічны прагноз у Мінску, у Авестыйскай школы астралогіі Паўла Глобы. Каштаваў 30 рублёў», — кажа Кузьміна.

Цяпер галадае чацвёра жанчын. З імі быў яшчэ адзін мужчына — Станіслаў Цыбінскі, які адседзеў раней два гады па 328 артыкуле. Ён пагаладаў з жанчынамі 8 дзён, але якраз 20 чэрвеня яму стала кепска: згубіў прытомнасць. Выклікалі хуткую, і дактары забаранілі Цыбінскаму працягваць галадоўку.

Асноўных патрабаванняў у галадоўшчыц два.

«Мы патрабуем сустрэчы з прэзідэнтам і стварэння незалежнай камісіі для перагляду спраў асуджаных па 328.

Мы спынім галадоўку, калі Лукашэнка да нас прыедзе. У нас ёсць, што яму сказаць. Можа быць, ён штосьці не разумее. Можа, не бачыць усёй карціны, можа, яму няправільна дакладваюць», — кажа Алена Кузьміна.

Патрабаванні выглядаюць даволі абсурдна — прынамсі пра візіт Лукашэнкі. Але Кузьміна так не лічыць.

«Канечне, гэта рэальна. Вы ж паглядзіце: краіна ўся ў наркаце, турмы забітыя. 95% спраў па наркотыках сфабрыкаваныя, — кажа Кузьміна. — Лукашэнка як мужчына павінен зрэагаваць на матуль».

Калі рэакцыі ўсё ж не будзе, то жанчыны збіраюцца цярпець да апошняга.

«Мы ўтраіх, якія пачыналі галадаць, адсюль з’едзем толькі на машыне хуткай дапамогі. Нам, дарэчы, ужо прапаноўвалі шпіталізацыю, мы адмовіліся», — расказвае Алена Кузьміна.

«Гэтая галадоўка — крык гістэрычнай бабы»

Вось толькі падтрымліваюць галадоўшчыц зусім не ўсе калегі па няшчасці.

Сваё меркаванне агучыла «Нашай Ніве» Таццяна Канеўская. Яна ўдзельнічала ў галадоўцы ў мінулым годзе. Сёлетнюю — асуджае.

Таццяна Канеўская (у цэнтры)

«Там галадаюць тыя, у каго дзеці сядзяць па чацвёртай частцы — выраб наркотыкаў ці распаўсюд іх арганізаванай групай. Яны хочуць перагляду спраў і сустрэчы з Лукашэнкам. Але я лічу іх дзеянні памылкай, — кажа Канеўская. —

Год назад я ладзіла тую самую першую галадоўку. Пасля з намі пайшла на кантакт Адміністрацыя прэзідэнта. Раней нас нікуды не пускалі, не чулі і не заўважалі.

А цяпер з намі працуюць, і мы абмяркоўваем змены ў заканадаўстве менавіта па частцы 4 артыкула 328. Праца паціху але ідзе. І таму сэнсу ў цяперашняй галадоўцы яне бачу. Для мяне гэтая галадоўка — крык істэрычнай бабы. Гэта маё суб’ектыўнае меркаванне.

Улады сапраўды ідуць з намі на кантакт. Цяпер мы рыхтуем наступныя дакументы, для наступных дэпутатаў, каб працаваць далей. Са мной размаўляюць у Адміністрацыі прэзідэнта, кантактуе Савет міністраў. Яны гатовыя нас слухаць, маніторыць прысуды па той самай чацвёртай частцы.

Калі сёлета жанчыны пачыналі галадоўку, я сама прыязджала ў тую вёску і спрабавала іх спыніць. Тым больш яны стартавалі за пару дзён да таго, як Палата прадстаўнікоў прымала законапраект аб зменах у артыкул 328. Мне нават падалося, што іх паводзіны — правакацыя, каб узбударажыць і раззлаваць улады».

Кузьміна з паплечніцамі настойвае на сустрэчы з Лукашэнкам. Канеўская ж лічыць, што гэта зусім не галоўнае.

«На сёння сустрэча з прэзідэнтам не патрэбная. Калі мы пачалі працаваць з уладамі, мы зразумелі структуру сістэмы і логіку яе працы. На жаль, мы — звычайныя кухаркі, з нас ніхто палітыкай раней не займаўся, таму мы думалі, што прэзідэнт усё вырашыць. Але цяпер я бачу, што можна вырашаць пытанні ў рамках закона і мяняць законы інакш, — тлумачыць сваю пазіцыю Таццяна Канеўская. —

Раней мы ішлі праз парламент. Але цяпер будзем рабіць інакш — супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі структурамі, працаваць з імі, высвятляць, на што яны гатовыя, на што пагаджаюцца, і толькі пасля звяртацца ў парламент з прапановамі зменаў у законапраект.

Можа, я надта гучную фразу скажу, але я ўвогуле лічу, што наступны прэзідэнт будзе іншым і гаварыць з Лукашэнкам увогуле не бачу сэнсу».

Адрозніваюцца і пазіцыі жанчын па зменах у артыкул 328. Канеўская бачыць у рашэнні парламента найперш пазітыўны момант.

«Гэта адбылося не без нашага ўдзелу. Ці задаволеныя мы вынікам — не. Вы ж разумееце, што два гады, на якія паменшылі тэрміны — гэта мізер. Але галоўны вынік — мы дамагліся зменаў у заканадаўстве. Паказалі іншым і зразумелі самі, што можна змяняць законы. Паступова, паціху — але можна, гэта рэальна», — кажа яна.

Алена Кузьміна кажа, што ўсё роўна без Лукашэнкі не абыйсціся.

«Гэта не перамога. Можа, наступным асуджаным будзе трохі лягчэй, чым нашым дзецям. Але нам-та што? Для нас нічога не змянілася.

Чаму трэба чакаць і мяняць паступова? Каб штосьці змяніць, патрэбныя радыкальныя меры. На сёння я не веру ў змены ў заканадаўстве. У нас усё залежыць ад нашага прэзідэнта».

Планы на будучыню

Алена Кузьміна і яе паплечніцы з «Матчынага руху» збіраюцца галадаць, пакуль хопіць сілаў. Паралельна, кажа, хацелася б сустрэцца з міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым і міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам.

«Мы хочам сустрэцца з новымі міністрамі. Падняць пытанне, каб з наркаманіяй не змагаліся сілавымі метадамі, а прызналі хваробай і лячылі людзей.

І мы хочам выйсці на міжнародную грамадскасць. Калі пачнуцца Еўрапейскія гульні, мы хочам звязвацца з пасламі іншых краін, можа, хтосьці чымсьці дапаможа», — спадзяецца жанчына.

Праўда, ладзіць перформансы падчас гульняў галадоўшчыцы не збіраюцца. «Будзем сядзець у вёсцы, галадаваць», — кажа Кузьміна.

Таццяна Канеўская збіраецца вырашаць праблемы іншым шляхам. На наступных парламенцкіх выбарах яна будзе балатавацца ў дэпутаты.

Дарэчы, Канеўская ўжо спрабавала звязацца з новым міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым. Але безвынікова.

«Спрабавала запісацца на прыём, але мне адмовіў сакратар. Растлумачылі гэта так: міністр змяніўся, але пазіцыя МУС застала нязменнай», — кажа яна.

Улад Швядовіч

2
Уладзімір1990 / Адказаць
20.06.2019 / 17:09
У астролагаў замаўляць прагноз - гэта моцна)) поспех гарантаваны
1
Грязный Гарри / Адказаць
20.06.2019 / 18:11
Понятно.У одной царь хороший,а бояре плохие и ему врут.Другая хочет менять законы,не меняя власти,правительства и вообще системы.До свидания...
6
0.5 / Адказаць
20.06.2019 / 19:47
Я имп скажу совершенно бесплатно. Дело ваше гиблое. Проморгали вы своих детей. 
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру