21.06.2019 / 11:21

Турыстам раздадуць 30 тысяч буклетаў з беларускімі выразамі 3

Наколькі цікавая беларуская мова наведвальнікам нашай краіны? Ці стане беларускай мовы больш дзякуючы турыстам і ці варта рыхтавацца адказваць замежнікам па-беларуску пра найбліжэйшыя банкаматы? Ці можа быць наша мова прывабнай турыстычнай з'явай?

Стваральнікі SAY.BY падышлі да гэтага пытання грунтоўна і ў самы прыдатны момант, калі ў нашай краіне чакаецца вялікі наплыў турыстаў, запускаюць англамоўную версію прафесійна агучанага беларускага размоўніка ў выглядзе мабільнага дадатка для Android і iOS, а таксама, у супрацоўніцтве з арганізатарамі Еўрапейскіх гульняў, пачынаюць распаўсюджваць адмысловыя буклеты з беларускімі выразамі. 

Наклад буклетаў — 30 000 асобнікаў. 20 000 з іх будуць раздавацца турыстам на інфармацыйных пунктах Еўрапейскіх гульняў, астатнія 10 000 — у беларускіх гатэлях і кавярнях.

Акцэнт зроблены на найбольш ужываных выразах уштодзённых размовах. Усяго ў мабільным дадатку налічваецца амаль 500 выразаў, агучаных як жаночым, так і мужчынскім галасамі з магчымасцю выбару. Для зручнасці і хуткага ўяўлення, як гучыць тое ці іншае слова, акрамя агучвання была дададзена і англійская транслітарацыя.

Над самім размоўнікам працавалі праграмісты, дызайнеры, ілюстратар — беларусы тутэйшыя і беларусы замежжа — што ў сваю чаргу дало магчымасць праверыць чытэльнасць буклета і зручнасць выкарыстання мабільнага дадатка непасрэдна на іншаземцах: на англічанах, немцах, ірландцах, галандцах і канадцах.

Сачыў за правільнасцю беларускай мовы Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а тытанічную працу па агучванні ўзялі на сябе адмыслоўцы з gavarun.by, якія займаюцца прафесійным агучваннем фільмаў на беларускую мову.

Акрамя размоўнікаў, у мабільным дадатку можна знайсці месцы, у якіх як з турыстамі, так і з беларусамі могуць размаўляць па-беларуску. Гэта аўтэнтычныя беларускія рэстараны і кавярні, крамы сувеніраў і іншыя месцы. І калі да іх прыйдзе замежны турыст і са шчырай усмешкай скажа «Вітаю!», там абавязкова адкажуць узаемнасцю.

Мабільны дадатак даступны праз Apple App Store і Google Play. А якая версія будзе даступная вам — англійская або беларуская — залежыць ад наладаў лакалізацыі вашага тэлефону, а таксама заўсёды можна памяняць мову і ў наладках самага дадатка.

NN.by

1
Alieś / Адказаць
21.06.2019 / 16:21
Выдатная справа!
0
Алесь Белы / Адказаць
27.06.2019 / 14:03
меў сімвалічнае дачыненне як прадстаўнік аднаго з прыязных сервісаў. Вельмі прыемна. Але ў такіх праектаў яшчэ няпросты шлях. праз масавую пазіцыю саміх беларусОў, не замежнікаў.
4
Cepro / Адказаць
27.06.2019 / 16:59
Пры ўсёй маёй асабістай павазе да gavarun.by і да той працы, якую яны робяць, некаторыя фільмы ў іх агучцы глядзець немагчыма. Каб у гэтым пераканацца, паглядзіце фільм "Нябачны госць". Гэта, выбачайце, нельга называць прафесійным перакладам...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру