21.06.2019 / 12:31

«Калі вочы на праўду адкрывае толькі замежны серыял, нацыя асуджаная на нешта страшнае…» 7

У сябе ў фэйсбуку піша літаратар з Івацэвіч Валер Гапееў.

Мне прапануюць паглядзець «Чарнобыль».

Тады — 1 мая ў той год — я прыехаў дадому клеіць шпалеры, і да бабы Лідзькі ў той дзень прыехаў яе ўнук, мой сябар дзяцінства. Ён ляжаў — балела галава. Пасля МРТІ ён працаваў на станцыі. «У магазінах гарэлка стала без талонаў, бяры колькі хочаш. Бралі і пілі. Бо праз тры гадзіны быццам стрыжань распалены працінае шыю, і ні сагнуць, ні павярнуць галаву… вып’еш шклянку — адпускае…». Тады нам было па 23. Праз два гады Сяргей аблысеў, імпатэнцыя. І хутка памёр. Мы з ім былі разам кожнае лета ад 5-гадовага ўзросту.

Кажуць: трэба глядзець серыял…

На «Інтэграле» мы мелі некалькі схем дазіметраў, я выбраў не самую простую, з лічбавым індыкатарам і дэфіцытнай мікрасхемай, але сабраў — і ён запрацаваў. Праўда, за індыкатар заплаціў кошт пяці бутэлек гарэлкі. У Мінску было тады 17—25. Ад шашы дадому ішоў ля школы — 45—80. А на адным месцы, дзе некалі садзілі з біялагіцай гладыёлусы — да 300. На маім Восаве — плямамі, да 100. Такім жа быў фон у падполлі дома, дзе ляжала бульба. На страсе хлява — 400… Не паверыў адразу, тройчы перамераў.

У кіно, кажуць, праўда…

Першым пайшоў з жыцця мой хросны бацька, Венька. Пад пахамі лімфавузлы раздуліся да курыных яек. Балела яму, ажно плакаў слязьмі. Не вытрымаў, засіліўся. Пасля яшчэ дзядзька Іван, маўляў, гемарой. Тады не казалі пра рак прамой кішкі. І пайшлі мужчыны, адзін за другім: адразалі ногі па адной з-за нечаканай гангрэны ў дзядзькі Толіка, праз год — на могілкі. Дзядзька Васіль распаўнеў ажно раздуўся — цукровы дыябет… Два дзядзькі Міколы пачалі раптоўна кульгаць, апухалі ногі без дай прычыны. Чамусьці мужчыны, адны мужчыны напачатку… Больш за 76 не пражыў ніхто.

Паглядзець серыял «Чарнобыль»…

Штогод яго гляджу — на Радуніцу. Іду вуліцай — а па баках сцэны для здымкаў таго «чарнобыля». Ціш. Лясныя птушкі спяваюць раніцай. І нават удод прылятае, ходзіць па дарозе…

Пра што падумаў… Калі замежны серыял адкрывае самай малой частцы беларусаў вочы на праўду, у якой яны жылі і жывуць, нацыя асуджаная на нешта страшнае…

19
Вецер валос. / Адказаць
21.06.2019 / 12:38
Нашаму народу вочы не адчыніць ніхто.
9
Усяслаў / Адказаць
21.06.2019 / 14:01
Быццам бы не было Чарнобыльскай малітвы Алексіевіч
6
Siarzhuk / Адказаць
21.06.2019 / 15:04
Савок адвучыў людзей самастойна думаць і аналізаваць. Нажаль і зараз гэтая традыцыя мае працяг.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру