26.01.2009 / 15:26

Cаміт Юшчанка‑Лукашэнка: старт для Вышаградскай групы 2.0?

Момант удалы, сур'ёзнасць можна будзе ацаніць па вырашэнні застарэлай праблемы міждзяржаўнага доўгу. Піша Дзяніс Мельянцоў.

Момант удалы, сур'ёзнасць можна будзе ацаніць па вырашэнні застарэлай праблемы міждзяржаўнага доўгу. Піша Дзяніс Мельянцоў.

20 студзеня адбылася двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Ўкраіны, якая планавалася яшчэ з 2007 года, але кожны раз адкладалася з розных прычынаў. Нягледзячы на тое, што пад час гэтае сустрэчы не ўдалося вырашыць усіх праблемаў беларуска‑ўкраінскіх адносінаў, яна па праве можа лічыцца лёсавызначальнай для ўсёй Усходняй Еўропы.

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Чарнігаў стаў прарыўным не ў сэнсе дасягнутых пагадненняў, але ў сэнсе глыбокага сімвалізму і выразнасці «паслання», у прыватнасці, Крамлю.

Па‑першае, гэты візіт рыхтаваўся два гады, і кожны раз яму заміналі розныя чыннікі, галоўным з якіх быў пат у вырашэнні праблемы ўкраінскага доўгу, праз якую немагчыма было канчаткова закрыць пытанне ўкраінска‑беларускай мяжы. Аналітыкі падкрэслівалі, што візіт можа адбыцца толькі тады, калі будзе знойдзена рашэнне праблемы доўгу, або калі ў бакоў з’явіцца палітычная воля заплюшчыць вочы на гэтае пытанне дзеля вырашэння стратэгічных праблемаў. Таму гэтая сустрэча гаворыць пра з’яўленне супольных праблем, якія каштуюць больш за стомільённы доўг.

Па‑другое, сустрэча Юшчанкі і Лукашэнкі адбылася не ў адной са сталіц, а ў Чарнігаве, які размешчаны паміж Мінскам і Кіевам.

Па‑трэцяе, сустрэча прайшла менавіта 20 студзеня, у дзень інаўгурацыі новага прэзідэнта ЗША. Такім чынам, змена адміністрацыі сімвалізуе і перамены ў рэгіянальнай палітыцы ва Ўсходняй Еўропе.

Па‑чацвёртае, візіт адбыўся практычна адразу пасля завяршэння расійска‑ўкраінскай газавай вайны, што падкрэслівае ягоную тэматыку і значнасць не толькі для Ўкраіны і Беларусі.

Афіцыйная сустрэча двух лідэраў у Чарнігаве сталася завяршэннем даволі працяглага перыяду ў беларуска‑ўкраінскіх адносінах, які распачаўся пасля «Памаранчавай рэвалюцыі» і характарызаваўся інтэнсіфікацыяй гандлю пры агульным нізкім узроўні палітычных кантактаў. На прасторы СНД Украіна і Беларусь займалі супрацьлеглыя палітычныя пазіцыі, аднак на сёння супольныя выклікі прымушаюць Мінск і Кіеў шукаць шляхі каардынацыі сваёй палітыкі.

Сустрэча мела вынікам падпісанне цэлага пакету другасных дакументаў. Значнасць падпісаных дакументаў не патрабавала сустрэчы на вышэйшым узроўні, тым больш што ані пытанне доўгу, ані пытанне мяжы вырашана не было. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў была важнай сама па сабе, а не ад падпісаных пагадненняў.

Яна дала магчымасць пры зачыненых дзвярах абмеркаваць тыя пытанні, якія пакуль што рана выносіць на паперу, сярод якіх каардынацыя ў межах ініцыятывы «Ўсходняе партнёрства» ЕС, Балта‑Чарнаморскі транспартны калідор і нафтаправод «Адэса‑Броды».

Факт і змест сустрэчы Юшчанкі і Лукашэнкі ў Чарнігаве дазваляюць зрабіць шэраг высноваў датычных развіцця ўсяго рэгіёну.

1. Беларусь паслядоўна праводзіць палітыку выхаду з міжнароднай ізаляцыі,

у тым ліку і праз спробу прыняць удзел у пабудове рэгіянальнага інтэграцыйнага блоку, што падвысіла б яе значнасць як для Расіі, гэтак і для Захаду. Момант для гэтага выбраны ўдала: і агульная міжнародная сітуацыя, і сусветны эканамічны крызіс пашыраюць магчымасці для перафарматавання адносінаў у рэгіёне Ўсходняй Еўропы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дзейнічае такім чынам, каб прадэманстраваць сваю надзейнасць і дамоваздатнасць як у адносінах з Расіяй, гэтак і ў адносінах з Захадам і Ўкраінай.
2. Палітычнае збліжэнне з Украінай з’яўляецца часткай нармалізацыі адносінаў з Захадам
. Пры гэтым Украіна будзе адыгрываць ролю пасярэдніка ў дыялогу паміж Беларуссю з аднаго боку і ЕС і ЗША – з іншага.
3. Наладжванне кантактаў з Украінай сведчыць пра спробы знайсці альтэрнатыўную ЕС і Расіі апору ў рэгіёне.
Пры гэтым сур’ёзнасць намераў усталяваць доўгатэрміновыя палітычныя адносіны з Украінай будуць вымярацца аператыўнасцю вырашэння галоўнага пытання беларуска‑ўкраінскіх дачыненняў – пра дзяржаўны доўг.
4. Распачынаецца праца ў накірунку каардынацыі транзітнай палітыкі Беларусі і Ўкраіны,
што ў перспектыве можа стаць магутным інструментам уплыву на палітыку Крамля ў рэгіёне.

5. Пачатак абмеркавання супольных дзеянняў што да ўдзелу ва Ўсходнім партнёрстве ЕС і каардынацыі падыходаў Кіева і Мінска ў стасунках з Еўракамісіяй сведчаць пра

магчымасць нараджэння ва Ўсходняй Еўропе другога выдання Вышаградскай групы, мэтай якой, нагадаю, была каардынацыя ўступлення ў Еўрапейскі саюз.
Супольная палітыка Ўкраіны і Беларусі што да ЕС падвысіла б геапалітычную вагу абедзвюх краін у вачах ЕС, а таксама паспрыяла б нармалізацыі стасункаў Беларусі з Брусэлем з перспектывай перагляду стаўлення беларускіх уладаў да інтэграцыі краіны ў Еўрасаюз. Аднак, дзеля таго, каб «Вышаград 2.0» сапраўды паўстаў, Беларусь мусіць выканаць сур’ёзную папярэднюю працу па лібералізацыі ўласнай эканомікі і палітычнай сістэмы.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру