З 15 студзеня латвійскія школы пачалі прымаць дакументы ад бацькоў будучых першакласнікаў.

Апошні тэрмін падачы дакументаў – 1 красавіка.

Чакаюць будучых вучняў і ў Рыжскай Беларускай асноўнай школе.

З гэтае нагоды – некалькі пытанняў да дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Уладзіславаўны Іванэ.

– Ці ёсць нейкія патрабаванні да будучых вучняў? Маецца на ўвазе, штосьці накшталт прыёмных экзаменаў...

– Такая праверка недазваляецца законам. Таму, калі вашаму дзіцятку прыйшоў час ісці ў школу – а згодна закона «Аб агульнай адукацыі» ў першы клас залічваюцца дзеці, якім у гэтым годзе споўнілася сем гадоў – калі ласка, да нас у школу!

– А калі дзіця не ведае ніводнага беларускага слова...

– Якраз для гэтага і існуе наша школа, каб навучыць дзяцей беларускай мове. І не толькі беларускай, але і латышскай, расейскай, ангельскай. Добра, калі будучы першакласнік займаўся ў падрыхтоўчай групе нашай школы. Тут для будучых нашых вучняў наладжаны заняткі па беларускай мове, а таксама яны знаёмяцца з латышскай і ангельскай мовамі, якія ў школе выкладаюцца ўжо з першага класа. Заняткі ў падрыхтоўчай групе ў нашай школе пачаліся з кастрычніка мінулага года. І на сённяшні дзень група цалкам укамплектавана.

– Ці не здарыцца так, што, калі дзіця не наведвала падрыхтоўчую групу, вы можаце адмовіць яму ў прыёме...

– Такіх абмежаванняў не прытрымліваемся. Не існуе і этнічнага крытэрыю.

Галоўны крытэрый – цікавасць да беларускай культуры, мовы, традыцый – таго, што мы звыкла называем беларушчызнай.

- Ці з'явіліся ўжо першыя жадаючыя вучыцца менавіта ў беларускай школе?

- Так, на сёняшні дзень у нас ужо маецца 15 чалавек, якія выказалі жаданне стаць вучнямі нашай школы. Астатнім - раю паспяшацца.

***

Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы:

Рыга, вул. Келдыша, 4
Тэлефон для даведак у Рызе: 724-75-45

svitanak.lv

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0