23.06.2019 / 16:39

Меркаванне: Што мне вашы чысценькія вуліцы, калі няма працы 29

Піша Кастусь Шыталь з Докшыцкага раёна.

Фота Сяргея Гудзіліна

У беларускіх гарадах, гарадскіх пасёлках, аграгарадках і вёсках чыста. Усё падмецена і падфарбавана. Гэтая «чысціня» стала брэндам краіны.

На першы погляд, прыемна глянуць на чыстыя і акуратныя вуліцы гарадоў. Але калі задумацца над з'явай глыбей…

Дзяржаўнае кіраванне мае шмат задач. Падтрыманне інфраструктуры і добраўпарадкаванне — адна з іх. Ёсць іншая — забеспячэнне магчымасці для функцыянавання эканомікі, для стварэння працоўных месцаў.

Вось з першай у нас усё адносна няблага. А што з другой? Чыноўнікі не могуць даць рады з руйнаваннем эканомікі рэгіёнаў. Старыя вытворчасці банкрутуюць, новыя не ствараюцца. Моладзь бяжыць з рэгіёнаў. Насельніцтва скарачаецца. Зрэшты, скарачэнне працаздольнага насельніцтва ў рэгіёнах — гэта «падарунак» для мясцовых адміністрацый. Іначай яны сутыкнуліся б са страшэнным узроўнем беспрацоўя.

Стварыць умовы для функцыянавання гаспадаркі, для прадпрымальніцтва, фермерства, для прыходу замежных інвестыцый — непасільная задача для постсавецкай беларускай сістэмы, асабліва ў правінцыі. Ні здольнасці, ні ўзровень кампетэнцый, ні ўзровень кругагляду, асабістага развіцця і грамадзянскай свядомасці чыноўнікаў не дазваляюць даць рады гэтай задачы.

Таму яны бяруць сабе задачы лягчэйшыя. Забяспечваюць падмятанне вуліц і высаджванне кветак. Патрабуюць ад сельсаветаў і арганізацый, каб была пакошаная трава на замацаваных за імі тэрыторыях.

Ствараецца ўражанне, што гэтай увагай да стварэння чыстага і акуратнага фасаду яны спрабуюць кампенсаваць перад сабой і насельніцтвам няздольнасць вырашыць фундаментальныя задачы, якія сёння мае дзяржава ў рэгіёнах. «Мы не можам даць вам працоўныя месцы, але можам пасадзіць кветкі і пафарбаваць бардзюры», — такая цяпер праграма дзеяння ўлады ў правінцыі.

А на чыста вымеценых вуліцах тым часам усё меней людзей. А ў аграгарадках усё менш працаздольных людзей. А ў вёсках, дзе абкошаныя ўзбочыны і няма паваленых платоў, хутка памруць апошнія старыя. А валавы рэгіянальны прадукт не расце, і падатковыя паступленні ў мясцовыя бюджэты скарачаюцца.

Нельга ацэньваць працу мясцовых уладаў па высаджванні кветак і падмятанні вуліц. Гэта ўсё прыгожа выглядае, але рэгіёнам дапаможа не болей чым нябожчыку кадзіла.

10
Жвір / Адказаць
23.06.2019 / 18:01
Гэтая «чысціня» стала брэндам краіны.
https://nn.by/?c=ar&i=232642
Spadar Šytaļ, prajedzcie ū Latviju, u malieņkija haradki dy miastečki, i zapeūniciesia, što čyscinia vulicaū, padvorkaū, budynkaū, dobraūparadkavaņnie hazonaū dy kvietnikaū -  heta 1)nie brend, i 2)nie brend Bielarusi, a štodzionnaja patreba liudziej, usich liudziej. Heta z toj ža šychty, jak pačyscic` zuby, naviedac` lazniu, dy apranuc` čystuju bializnu. Pry čym tut ulada ??? U Bielarusi heta ūladzie treba ?
51
Казімер / Адказаць
23.06.2019 / 18:36
У беларускіх гарадах, гарадскіх пасёлках, аграгарадках
https://nn.by/?c=ar&i=232642#startcomments

Ці ня брыдка шаноўнаму аўтару выкарыстоўваць ідыёцкія афіцыёзныя савецка-расейскія нэалягізмы замест традыцыйнага гістарычнага беларускага мястэчка?
5
Вожык / Адказаць
23.06.2019 / 18:38
Не блытайце, паважаны, квадратнае i салёнае. Зразумела, што проблема перасялення з малых гарадоу́ больш значная
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру