22 чэрвеня пара са Слуцка зарэгістравала шлюб. А той жа ноччу падчас святкавання вяселля нявеста скончыла жыццё самагубствам.
«Наша Ніва» высветліла падрабязнасці трагічнай гісторыі.
Пара пазнаёмілася прыкладна з год таму на Тройцу дзякуючы сябру жаніха.
Прапанову мужчына зрабіў арыгінальна. У яго каханай было хобі: яна разводзіла ружы, і жаніх падарыў ёй той куст, якога ў яе не было. Пры гэтым ён сказаў: «Выходзь за мяне замуж, і ў цябе ёсць два адказы — «так» або «так». Мядовы месяц яны планавалі правесці дома ў сямейным коле, паведамляе мясцовае выданне kurjer.info.
Вядома, што для 37-гадовай Алены К. гэта быў чацвёрты шлюб. Ад першага мужа яна мела дваіх дзяцей. Ад двух наступных — яшчэ па адным дзіцяці.
Алена К., фота з сацсетак
Працавала жанчына то тут, то там: тэхнічкай у школе, паштальёнкай…
Цяперашні муж быў значна маладзейшы за Алену — прыкладна на 10 гадоў.
«Алена заўсёды была вельмі жыццялюбівым чалавекам. Любіла кампаніі, любіла і выпіць — але не магу сказаць, каб у яе былі праблемы з алкаголем, — расказвае пра жанчыну яе сяброўка. —
Таму ў суіцыд верыцца з цяжкасцю. Але раней, па маладосці, яна рабіла спробы, на руках і па сёння засталіся шнары»
Іншыя знаёмыя сям’і кажуць, што спробы суіцыду былі не толькі па маладосці. Нібыта і за апошнія год-два Алену некалькі разоў даставалі з пятлі. Нібыта жанчына скардзілася, што надакучылі пастаянныя фінансавыя праблемы: пазыкі, крэдыты…
А аднойчы яна прыйшла ў госці да сваякоў, выпіла і пасля стаяла ў вакне дзявятага паверха. Пагражала скінуцца, але ў той раз абышлося.
Што стала прычынай учынку на вяселлі, сказаць цяжка. Жанчына не пакінула перадсмяротную запіску.
Вядома толькі, што вяселле адзначалі дома ў маладых. Былі і дзеці Алены. Каля гадзіны ночы нявеста ўжо падвыпіла, пачала скандаліць непасрэдна за сталом, злаваць і сварыцца.
Пасля ўсе госці выйшлі на вуліцу: ці то пакурыць, ці то правесці кагосьці. Алена засталася ў доме.
Праз пару хвілін у доме раптам выключылася святло. Спачатку падумалі, можа, Алена вырашыла спыніць святкаванне і пайсці спаць.
Але калі вярнуліся ў дом, сын-падлетак знайшоў цела маці.
Версію з забойствам не разглядаюць, ніякіх прычын не было. Некаторыя грашылі на мужа. Маўляў, падазрона: надта малады, але ўзяў жанчыну з чатырма дзецьмі. Але цяпер, кажуць, мужчына зусім забіты горам.
Ёсць версія, што Алена хацела напужаць сваякоў, разлічвала, што і ў гэты раз яе выратуюць. Але ўсё пайшло не па плане, і адбылася бяда.
Пахаваюць Алену ў панядзелак.