Літаратура11

Выйшаў юбілейны нумар «Дзеяслова»: залаты набор аўтараў

Выйшаў з друку 100-ы нумар часопіса «Дзеяслоў». «Дзеяслоў» паўстаў 17 год таму як адказ на ўмяшальніцтва дзяржавы ў літаратурны працэс. Нагадаем, што вясной 2002 года Міністэрства інфармацыі Беларусі правяло рэарганізацыю літаратурна-мастацкіх выданняў, у выніку якой усе літаратурныя часопісы былі пазбаўленыя права на юрыдычную, эканамічную і творчую самастойнасць і аб’яднаныя ў гэтак званы холдынг «Литература и искусство». Галоўнай мэтай стварэння холдынгу было ўстанаўленне дзяржаўнага кантролю над літаратурным працэсам у краіне. На месца звольненых галоўных рэдактараў часопісаў былі прызначаныя лаяльныя ўладам кіраўнікі. На знак пратэсту многія пісьменнікі — супрацоўнікі калектываў — звольніліся з рэдакцыяў…

Вакол «Дзеяслова» аб’ядналіся самыя знакамітыя ў Беларусі пісьменнікі, а таксама найбольш перспектыўныя маладыя аўтары. Для рэдакцыі — а на сёння гэта Барыс Пятровіч (галоўны рэдактар), Алесь Пашкевіч (намеснік галоўнага рэдактара), Андрэй Федарэнка (стыль-рэдактар), Генадзь Мацур (мастацкі рэдактар), Анатоль Івашчанка (адказны сакратар) — вызначальным ёсць не ідэалагічная пазіцыя ці месца працы таго ці іншага аўтара, але выключна якасць мастацкага тэксту.

Як адзначаецца ў прадмове да 100-га нумару, «дзеяслоўцам» хацелася зрабіць яго асаблівым. «Было некалькі ідэяў, як ажыццявіць гэта. Спачатку мы думалі проста перавыдаць першы нумар часопіса. Каб паказаць, што ідзе час, але — сапраўдная літаратура не старэе, не губляе сваёй актуальнасці і значнасці, не слугуе ўладам і застаецца па-за палітыкай». Аднак урэшце рэдакцыя вырашыла ўзяць за аснову іншую ідэю: «у 100-м нумарыць даць слова тым, хто быў у першым, толькі з новымі тэкстамі». Натуральна, цалкам рэалізаваць гэтую ідэю не ўдалося. На жаль, няма ўжо побач з намі Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Алеся Пісьмянкова, Алеся Асташонка…

І вось — 100-ты нумар перад намі.

Адкрываюць яго, як і легендарны ўжо 1-шы выпуск, творы Алеся Разанава. І, як і 17 год таму, гэта эксперыментальна-аўтарская форма нашага славутага паэта. У 1-шым нумары «Дзеяслова» друкаваліся версэты Разанава, у 100-тым — зномы, філасофскія мініяцюры, часам вельмі простыя, часам дужа складаныя, часам афарыстычна-дасціпныя, часам абсурдова-аксюмаронныя… Зусім сцісла іх змест можна ахарактарызаваць словамі самога паэта як «суму немагчымасцяў».

Раздзел прозы адкрывае аповесць Барыса Пятровіча «Засада, або Лавіся, рыбка, вялікая». «Усе апісаныя падзеі — выдумка галоўнага героя» — такія словы вынесеныя ў пачатак твора. Гэта герметычная аповесць, падзеі якой адбываюцца фактычна ў адной кватэры, куды раннім ранкам, пасля перажытае горадам Плошчы і, як яе следства, — хапуна, урываюцца някліканыя госці… Гэты твор Барыса Пятровіча вызначаецца напружаным дынамізмам, глыбокай афарыстычнасцю і, безумоўна, будзе цікавы ўсім не абыякавым да сучаснай літаратуры.

Раздзел паэзіі адкрывае публікацыя Уладзіміра Някляева. У яе ўваходзіць ужо чытаная аўтарам са сцэны паэма «Калі мяне не стане» з падзагалоўкам «Ліст да Вольгі», а таксама — уласна лісты, пранізлівыя пасланні, што паэт адрасоўваў да жонкі, знаходзячыся ў 9-й камеры ўнутранай турмы КГБ у снежні 2010 г.

Адзін з самых сталых аўтараў «Дзеяслова» Леанід Дранько-Майсюк працягвае друкаваць сваё захапляльнае даследаванне «У Вільні і больш нідзе», гэтым разам прысвечанае асобе знакамітага святара і літаратара Адама Станкевіча. Спадар Леанід вынайшаў новы навукова-мастацкі стыль, калі поруч са скурпулёзнай уважлівасцю да дэталяў ды дакументальных крыніц чуваць голас аўтара — апантанага і захопленага даследніка невядомых старонак беларускай гісторыі.

Паэт Міхась Скобла, які калісьці стаяў ля вытокаў стварэння «Дзеяслова», як і ў першым нумары, выступае на старонках часопіса з нізкай вершаў. Нішто не можа сказаць лепш за паэзію, чым сама паэзія. Голас Міхася Скоблы, як заўсёды, выразна-адметны, надзённа-востры, вобразна-майстравіты.

Радаўніца

Над крыжамі птах пяе.
Гэй, аднавяскоўцы,
Мармуровыя мае!..
У адказ — ні слоўца.

Паражнілі гляк да дна,
Запівалі квасам.
Танцавалі да відна
Польку з выхілясам.

Звонкаглінныя збанкі
На платах віселі.
Спеў ляцеў на ўсе бакі,
Па тры дні — вяселлі.

Прывяла вярба наўгад,
Жоўтая, як з воску, —
Ні людзей няма, ні хат,
Закапалі вёску.

Там клады і тут клады,
Зруб ляжыць ля зруба.
Перабраліся б сюды,
Дзед Васіль мой малады,
Цётка мая Люба.

Памінальнай свечкі ўсхліп
Стыне ў халадэчы.
Можа, тут вы ажылі б,
Запаліўшы ў печы.

Экскаватарны раскоп.
Вецер рве газету.
Комін, нібы перыскоп,
Глянуў з таго свету…

Яшчэ адзін сталы аўтар «Дзеяслова», віцебскі празаік Сяргей Рублеўскі друкуе два пранізлівыя апавяданні — «Апошні палёт Артура Казюры» і «Я, мама і смерць у калідоры». Не абавязкова быць кандыдатам філалагічных навук, каб пабачыць, што ўсё, што піша спадар Рублеўскі, мае непасрэднае дачыненне да сапраўднай Літаратуры.

Адзін з самых вядомых беларускіх празаікаў Андрэй Федарэнка знаёміць чытача з пачаткам свайго новага рамана, які ўжо зачакалася ўся (каля)літаратурная грамада.

У якасці дэбютанта фігуруе на старонках 100-га «Дзеяслова» клірык гарадзенскага Свята-Пакроўскага сабора Павел Каспяровіч. Вядомы раней як паэт, ён выносіць на чытацкі прысуд сваё апавяданне «Чорная рэчка».

У раздзеле «Спадчына» друкуюцца дзённікавыя запісы Анатоля Кудраўца, рупліва сабраныя і падрыхтаваныя дачкой і ўнучкай пісьменніка, а таксама — трагіфарс у 3-х дзеях Алеся Асташонка »Марш-кідок у Дурдуны».

У 1-м «Дзеяслове» друкаваліся фрагменты кнігі Святланы Алексіевіч «Чароўны алень вечных ловаў» (кнігі, над якой нобелеўская лаўрэатка працуе ўжо больш як дваццаць гадоў!). У 100-м жа нумары друкуецца вялікая гутарка Сяргея Шапрана са Святланай Аляксандраўнай, дзе літаратарка гранічна шчыра распавядае пра сваё жыццё «пасля прэміі», пра сучасны літаратурны працэс, пра падрыў яе кнігамі «русских скреп», люстрацыю і «цану кампрамісу», пра бабулю і бацькоў, пра сваіх літаратурных настаўнікаў і яшчэ шмат пра што, чаго вы не чыталі і не чулі ў яе ранейшых інтэрв’ю.

Эпісталярнай разынкай нумару ёсць ліставанне Леаніда Галубовіча і Ніны Мацяш, якое ахоплівае 2006-2008 гады. Абодва рэспандэнты адкрываюцца тут з вельмі нечаканых бакоў. Як піша спадар Галубовіч, «я выбраў найбольш вострае, актуальнае і балючае з нашага ліставання, друкуючы лісты ў аўтарскіх арыгіналах і абсалютна бесцэнзурна».

У 1-м «Дзеяслове» ўпершыню ў беларускай перыёдыцы друкаваўся інтэрнэт-форум, ініцыяваны Сяргеем Дубаўцом, дзе вядомы публіцыст і літаратар задаваўся пытаннем семантыкі й дэфініцыі выразу «мой народ», кіруючы дыскусіяй пад рознымі імёнамі-нікамі. У №100 спадар Дубавец друкуе свае фэйсбучныя запісы (рубрыка «Сеціва»).

Празаік і мастацтвазнаўца Галіна Багданава даследуе творчасць мастачкі Алесі Скарабагатай, якая «вяртае нам чысціню».

У сваёй аўтарскай рубрыцы «Палата №6» Яўген Рагін у тонкай іранічнай манеры разважае над пытаннямі нацыянальнай ідэі, расійска-ўкраінскай вайны, арфаэпіі як працягу фізіялогіі… Сваё творчае крэда спадар Рагін акрэслівае гэтак: «Пішу, вандрую, здзіўляюся».

Даследніца літаратуры Ірына Саматой рэцэнзуе новую кнігу старшыні літаратурнага аб’яднання «Белавежа» Яна Чыквіна «Трохкрылыя птушкі». У «Дзеяслове» №1 друкаваліся вершы гэтага вядомага літаратара з Падляшша.

Кніжны аглядальнік «Дзеяслова» Леанід Галубовіч піша пра кнігу Андрэя Федарэнкі «Сузіральнік», што выйшла ў «дзеяслоўскай» бібліятэчцы.

Завяршае нумар традыцыйны агляд новых выданняў «Дзеяпіс».

Прэзентацыя сотага нумару «Дзеяслова» адбудзецца ў аўторак, 25 чэрвеня, у кавярні-клубе «Грай» (Менск, Інтэрнацыянальная, 33).

У праграме:

— выступы найлепшых айчынных літаратараў;

— прэзентацыя юбілейнага 100-га нумара «Дзеяслова»;

— віктарыны, конкурсы, забаўкі, цікавосткі, прызы ад арганізатараў;

— продаж свежых і рарытэтных нумароў часопіса.

Жывая музыка ў выкананні гурта «ПАЛАЦ».

Уваход вольны!

Пачатак а 18.30.

Каментары1

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны16

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Усе навіны →
Усе навіны

«Паўстання такіх памераў у Беларусі ніколі не было». Гісторык расказаў, чым унікальны 2020-ты і што мы возьмем з яго на будучыню78

Беларускі рэжысёр расказаў, як у маладосці пазнаёміўся ў ЗША з адным з самых уплывовых украінцаў7

Мультыкомплекс каля Камароўскага рынку ў Мінску плануюць дабудаваць у 2026 годзе2

Пажар на станцыі і спыненне цягнікоў — у Расіі кажуць пра масіраваную атаку БПЛА1

Магчыма, менавіта тут была вязніца Кейстута. Археолаг прыадкрывае сакрэты Крэўскага замка15

Як мінімум 68 мігрантаў загінулі ля берагоў Емена ў выніку крушэння лодкі, дзясяткі зніклі без вестак3

Расія моцна пашкодзіла важны мост у Херсоне. Ці кажа гэта пра падрыхтоўку да дэсанту на правы бераг?2

Лукашысты вераць, што змогуць зняць санкцыі ні за што. Гэта рэальна?25

У Вільні ў смеццевым кантэйнеры непадалёк ад амбасады Расіі знайшлі часткі цела забітага падлетка8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны16

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць