Завяршыўся разгляд пытання аб тым, з кім застанецца падлетак — бабуляй або маці. Рашэнне суда задаволіла іск пракурора Маладзечанскага раёна па справе пазбаўлення бацькоўскіх правоў 37-гадовай жанчыны на яе 14-гадовага сына, піша Рэгіянальная газета.
Маці будавала новую сям’ю
Ад чатырох гадоў хлопчык жыў з бабуляй у Маладзечне. Пры гэтым зарэгістраваны быў у мінскім інтэрнаце па месцы прапіскі маці. Больш чым дзесяць год даглядала дзіця бабуля. Яна клапацілася пра ўсебаковае развіццё, удзельнічала ў жыцці і выхаванні, разам з мужам забяспечвала матэрыяльныя ўмовы.
Маці ў справе выступае адказчыкам. На судзе жанчына патлумачыла, што не была ў шлюбе з бацькам хлопчыка.
Калі сыну было чатыры гады, добраахвотна аддала яго сваёй маці. Так склаліся абставіны, патлумачыла яна. Праз год абставіны змяніліся, наладзіла асабістае жыццё. Але сына так і не забрала.
Праз два гады, у 2011 годзе, яна нарадзіла яшчэ адно дзіця ў новых адносінах. З новым мужчынам яна не ў шлюбе, але пара жыве восем гадоў разам з дзіцем у мінскай кватэры маці сужытніка.
Дзіця непатрэбнае
Органы апекі спрабавалі вярнуць старэйшага сына маці. Ёй прапаноўвалі забраць дзіця ў Мінск або выхоўваць яго ў Маладзечне, наладзіць дзіцяча-бацькоўскія адносіны. Адказчык не выказвала жадання наладзіць адносіны з сынам, не хацела забіраць яго ў новую сям’ю.
У 2017 годзе на паседжанні камісіі па справах непаўнагадовых у Мінску патлумачыла, што забраць сына не дазваляюць жыллёвыя ўмовы.
Прадстаўнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама распавяла, што ў 2018 годзе падчас гутаркі склалася ўражанне, што дзіця жанчыне непатрэбнае.
Адносіны паміж сынам і маці страчаныя
11 год з 14 хлопчыка выхоўвала бабуля, яна і была яго сям’ёй. Ад 2008 года, з таго часу, як яго аддалі, сустрэчы з роднай маці былі хуткія і эпізадычныя. Больш за дзесяць год жанчына не прымала і не хацела прымаць удзел у выхаванні сына.
Жанчына не злоўжывае спіртным, не з’яўляецца асацыяльнай асобай. На судзе яе запыталіся, калі яна планавала пачаць гадаваць сына. Адказала: «Ад гэтага года я вырашыла».
Псіхолаг правёў дыягностыку дзіцяча-бацькоўскіх адносінаў. Праверка паказала, што паміж хлопчыкам і яго маці няма эмацыйнага кантакта.
Хлопчык адштурхоўвае маці, узаемаадносіны паміж імі страчаныя.
На судзе адказчык іск не прызнала і была супраць пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Абскардзіла рашэнне суда Маладзечанскага раёна аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда пакінула рашэнне ў сіле.