У Горках не будуць ставіць памятны знак Пятру І, бо парушаныя працэдуры

Мемарыяльны знак расійскаму цару Пятру І планавалі адкрыць 26 чэрвеня, у гадавіну вызвалення Горацкага раёну ад нацыстаў, але аблвыканкам вырашыў, што парушаныя працэдуры ўзгаднення, паведамляе Радыё Свабода.
Пра намер ушанаваць Пятра І стала вядома з праграмы ўрачыстасцяў, якую апублікавала мясцовая раённая газэта «Горацкі веснік». Пасля публікацыяў у незалежных СМІ праграму падкарэктавалі. З яе зьнікла адкрыццё памятнага знаку расійскаму цару.
У Горацкім райвыканкаме адмаўляюцца гаварыць пра сітуацыю з памятным знакам. Ва ўпраўленні культуры Магілёўскага аблвыканкама заявілі, што «знак устанаўліваць ня будуць». Кіраўнік упраўлення Алег Стэльмашонак заявіў Свабодзе, што райвыканкам «не падаваў заяўкі ў адпаведнасці з законам» на ўстаноўку знаку.
На пастамент непадалёк ад райвыканкама (ён ужо гатовы) у Горках планавалі паставіць муляж гарматы ХVІІІ стагоддзя і шыльду. Такім чынам хацелі адзначыць знаходжанне Пятра І у Горках падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе.
Каментары