Dali трапілі ў фінал польскага «Еўрафэсту».

Віктар Рудэнка з гуртам Dali тройчы намагаліся трапіць на фестываль «Еўрабачанне» ад Беларусі. Але далей за поўфінал іх не пускалі. Яны граюць узорны еўрапейскі поп‑рок, да разумення якога кіраўнікі беларускага адбору ды журы, відаць, яшчэ не саспелі. Іх песні на англа‑беларускамоўнай мяшанцы ім падаваліся то надта складанымі, то не хітовымі, то яшчэ што‑небудзь. Дарэчы, менавіта Рудэнка напісаў песьню «Шпацыруем», якую сёлета ў фінале «Еўрафэсту» спявалі яшчэ адны прадстаўнікі зусім іншай беларускай поп‑музыкі – гурт «Вецер у галаве».

Ідэі паехаць на «Еўрабачанні» Dali не кінулі ды падалі заяву на польскі адбор з нязменнай англа‑беларускамоўнай поп‑песенькай. Тут ім пашэнціла болей – польскія музычныя крытыкі заўважылі іх Every Day.
Яны трапілі ў тузін фіналістаў з 120 ахвочых.

У Польшчы гэты конкурс карыстаецца куды меншай папулярнасцю. Хоць часам дзякуючы скандалам увага да яго прыцягваецца ўсеагульная. Як Польшча ўступала ў Еўрасаюз, на польскім адборы перамагла група «Ich troje» з адпаведнай песняй пра слушнасць еўрапейскага выбару. Дык потым высветлілася, што падчас фіналу SMS‑галасы гледачоў толькі за іх і прымалі.

Як і Беларусі, польскі адбор на «Еўрабачанне» паказваюць у жывым эфіры першага дзяржаўнага тэлеканалу.
Так што для Dali ужо вялікая прыемнасць выступіць ужывую на такую аўдыторыю. А калі яшчэ ўсе беларусы Польшчы прагаласуюць за іх, то ў нашага гурту ёсць усе шанцы паехаць на «Еўрабачанне» ў Маскву ад Польшчы. Вядома ж, калі галасы будуць прымаць не за аднаго ўдзельніка.

Польскі адбор адбудзецца 14 лютага.

Цікава, што ва ўмоўным пакуль інтэрнэт-галасаванні «Далі» ідуць трэцімі.

Будзе сімвалічна, калі беларускамоўны гурт упершыню трапіць на «Еўрабачанне».

Паслухаць конкурсную песьню Every Day гурту Dali можна тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?