У нядзелю, 30 чэрвеня, у Польшчы будуць сьвяткаваць 450-годзьдзе падпісаньня Люблінскай уніі — зьвязу паміж Каронай Польскай і Вялікім Княствам Літоўскім. На ўрачыстасьцях зьявяцца і беларускія дэпутаты. Але прадстаўляць ВКЛ будуць літоўскія палітыкі, піша радыё «Свабода».
Галоўныя ўрачыстасьці з удзелам іншаземных прадстаўнікоў пройдуць у Любліне. Прэс-служба польскага парлямэнту, якая арганізуе сьвяткаваньні, ня згадвае ў прэс-рэлізе пра ўдзел ва ўрачыстасьцях беларускай дэлегацыі. Пра гэта гаворыцца ў календары на сайце Палаты прадстаўнікоў Беларусі адным сказам. Хто канкрэтна будзе там ад імя Беларусь і на якім узроўні — не паведамляецца.
З афіцыйных відэаролікаў, якія рэклямуюць падзею, і запрашэньнях па-польску і літоўску вынікае, што галоўным прадстаўніком Вялікага Княства Літоўскага на ўрачыстасьці будзе сучасная Літва. У Люблін прыедзе сьпікер літоўскага Сэйму Віктарас Пранцкеціс, адбудзецца таксама паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі Польшчы і Літвы.
1 ліпеня 1569 году была падпісаная Люблінская унія. Дзьве краіны — Вялікае Княства Літоўскае і Польшча — аб’ядналіся ў адну фэдэратыўную Рэч Паспалітую. Унія ўзмацніла сярэднявечную беларускую дзяржаву, якая сама ўжо не спраўлялася са зьнешнімі агрэсіямі, але ўрэшце паспрыяла палянізацыі тагачаснага кіраўніцтва краіны.