У Дзяржаўным памежным камітэце Радыё Свабода назвалі лічбу замежных грамадзян, якія скарысталіся магчымасьцю без візы наведаць Беларусь у сувязі з Еўрапейскімі гульнямі.
«З 20 мая больш за 12 тысяч замежных грамадзян былі прапушчаныя ў бязвізавым парадку паводле акрэдытацыі і білетаў на 2-я Еўрапейскія гульні. Дакладнай лічбы няма перад вачыма, я зараз у службовай камандзіроўцы, але памятаю, што недзе каля 12 200. Звесткі я ўдакладняў сёння раніцай», — сказаў Радыё Свабода афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага Памежнага камітэта Антон Бычкоўскі.
У гэты лік уваходзяць 4 тысячы спартоўцаў, а таксама спартовыя функцыянеры з 50 краін, якія бяруць удзел у Еўрапейскіх гульнях.
Паводле Антона Бычкоўскага, частка іншаземцаў магла прыляцець на Еўрапейскія гульні без квіткоў проста ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і ўжо тут набыць квіткі на гульні.
Паводле Антона Бычкоўскага, сярод іншаземцаў, якія прыехалі ў Беларусь у сувязі з гульнямі праз памежныя пункты пропуску, найбольш турыстаў з Польшчы, Нямеччыны, Літвы, Латвіі.
«Наземныя пункты пропуску карыстаюцца большай папулярнасцю сярод гледачоў, а ўдзельнікі гульняў і арганізатары, зразумела, прыяжджалі ў асноўным праз аэрапорт», — сказаў Антон Бычкоўскі.
Колькі турыстаў з Расіі за гэты час прыехалі ў Беларусь, Антон Бычкоўскі сказаць ня змог, бо гэтыя турысты беларускімі памежнікамі не ўлічваліся.
Улады прагназавалі, што Беларусь падчас Еўрапейскіх гульняў наведае каля 30 тысяч замежных заўзятараў.