Такія крымінальныя справы з'яўляюцца альбо падчас выбараў, альбо калі Малдова «прымае рашэнні, якія не падабаюцца Маскве», упэўнены Уладзімір Плахатнюк. МУС Расеі напярэдадні абвінаваціў яго ў кіраўніцтве наркасіндыкатам, перадае РБК. 

Былы старшыня Дэмакратычнай партыі, якая была кіруючай у Малдове, адзін з найбагацейшых бізнэсоўцаў краіны Уладзімір Плахатнюк адрэагаваў на прад'яўленне яму завочных абвінавачванняў следчым дэпартаментам МУС Расіі. Расейскія ўлады напярэдадні абвінавацілі палітыка ў кіраўніцтве злачыннай групоўкай і ўдзеле ў ёй, а таксама кантрабандзе наркотыкаў і збыце забароненых рэчываў у асабліва буйным памеры.

У Расійскай Федэрацыі, нагадаў Плахатнюк, супраць яго распачата некалькі крымінальных спраў, і пра ўсе прадпрымальнік, паводле яго слоў, даведваўся са СМІ. Пра гэта бізнэсмен напісаў на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook. «Яны [абвінавачванні] з'яўляюцца альбо падчас выбараў, альбо калі Рэспубліка Малдова, кіраваная Дэмакратычнай партыяй, прымае рашэнні, якія не падабаюцца Маскве», — мяркуе Плахатнюк.

Матэрыялы ўсіх гэтых вытворчасцей, на яго думку, з'яўляюцца «фантазіямі і спробамі выкарыстоўваць яго імя ў справах, якія з ім абсалютна не звязаныя».

Інтэрпал, нагадаў бізнэсмен, менавіта з-за «палітычнага пераследу» ўжо адпрэчваў «дзясяткі спробаў Расіі жорстка абмежаваць» яго свабоду перамяшчэння. Акрамя таго, Плахатнюк, паводле яго слоў, атрымліваў паведамленні «ад уладаў некаторых краін адносна дзеянняў Расеі, якія яна распачала супраць яго праз гэтыя дзяржавы». Пра якія менавіта краіны ідзе гаворка, прадпрымальнік не распавёў.

Завочнае абвінавачванне МУС Расіі прад'явіў Плахатнюку напярэдадні. Па гэтай справе яму пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі. Па версіі расійскага следства, прадпрымальнік удзельнічаў у пастаўках мараканскага гашышу ў Расію праз Іспанію. Яшчэ адно абвінавачанне расійскія следчыя органы прад'явілі палітыку ў лютым. Тады МУС Расіі назваў Плахатнюка і бізнэсмена Вячаслава Платона арганізатарамі «малдаўскай схемы», з дапамогай якой з Расіі было выведзена больш за 37 млрд руб.

Самым багатым чалавекам Малдовы бізнэсмена называе Bloomberg, памер яго багацця агенцтва не ўдакладняе. Старшынёй Дэмакратычнай партыі Малдовы Плахатнюк быў у перыяд з 2016-га па 2019 год. У адстаўку ён падаў на фоне палітычнага крызісу, які пачаўся пасля парламенцкіх выбараў у краіне ў лютым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?