24 чэрвеня ў апошнім нумары легендарнага дзіцячага часопіса «Барвінак» рэдакцыя паведаміла чытачам пра закрыццё пасля 91 года працы. На ім выраслі цэлыя пакаленні ўкраінцаў, піша kp.ua.

Галоўны рэдактар Васіль Варановіч кажа, што галоўная прычына — матэрыяльныя праблемы, часопіс не мае прыбытку, у банку страцілі паўмільёна грыўняў.

«Я разумеў, што не выканаю нават той заканадаўчай умовы па выплатах мінімальнага заробку. Я не мог гэтага дазволіць, разумеў, што не змагу пазычыць грошы і казаць людзям «ой, я там скараціў, тое не выпусціў, — кажа спадар Варановіч і дадае:

— Ёсць адзін фактар: трэба заўсёды адчуваць час і своечасова сысці са сцэны, як гэта робяць акцёры. Мы планамерна да гэтага падышлі».

Першы нумар часопіса выйшаў у Харкаве у студзені 1928 г. пад назвай «Жовтень». З 1945 года выданне перайменавалі на «Барвінак». Часопіс друкаваўся па-ўкраінску і па-руску. Выпісвалі яго і ў Беларусі. З 1928 года выйшла 916 нумароў агульным накладам 310 млн асобнікаў.

У 2000-я нават з'явілася анлайн-версія часопіса, якая выходзіла па перадаплаце ў 19 краінах свету. Украінскія імігранты, нават у экзатычных Сінгапуры, Японіі і Карэі, куплялі часопіс для сваіх дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0