Сёлета грамадзкаму актывісту Аляксею Трубкіну з Наваполацку споўнілася 19 гадоў, і ён падлягае прызыву на вайсковую службу. Падчас апошняй выбарчай кампаніі яго арыштавалі на 7 сутак, а пасьля заканчэньня тэрміну, адразу ж з ізалятару, завезьлі ў Полацкі ваенкамат. Там яму паведамілі аб прызыве ў войска. Праходзячы мэдкамісію, прызыўнік паведаміў, што зьяўляецца сябрам Беларускага Народнага Фронту.

Што было потым, распавядае сам Аляксей Трубкін:

(Трубкін: ) «Амаль кожны тыдзень наведваў ваенкамат. Былі сумоўі з прадстаўнікамі розных вайсковых частак. Размаўлялі са мной дэсантнікі зь Віцебску, спэцназаўцы з Мар’інай Горкі, памежнікі, танкісты… Усе яны адмаўляліся мяне браць з-за маёй партыйнасьці. Пры мне памежнік тэлефанаваў таварышу і пытаўся: што са мной рабіць? Адказ я пачуў на адлегласьці. Той крычаў: «Не! Ні ў якім выпадку!» Урэшце мне і яшчэ аднаму хлопцу, які стаіць на ўліку ў псыхдыспансэры, сказалі, што мы радзіме не патрэбныя, і што мы ня годныя служыць у беларускім войску».

Мы патэлефанавалі вайсковаму камісару Полацкага аб’яднанага ваенкамату палкоўніку Нячаеву з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю. Вось што ён нам паведаміў:

(Нячаеў: ) «У нас да адбору вельмі сур’ёзны падыход. Па-першае, чалавек павінен валодаць пэўнымі маральна-валявымі якасьцямі, мець добрае здароўе. Таму тут ніякіх палітычных падыходаў быць ня можа. А непасрэдна адбор ажыцьцяўляюць прадстаўнікі вайсковых частак. Яны задаюць пытаньні, датычныя спэцыфікі службы, і глядзяць – ці падыходзіць чалавек. Скажам, ці добра ён бегае крос, як ён падцягваецца… Ці той у яго склад розуму. Ёсьць з каго выбіраць і выбіраюць самых лепшых».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0