Супрацоўніца храма расказала Свабодзе, што не верыць у новыя абвінавачваньні супраць Канстанціна Бурыкіна, вядомага як «бацюшка са свастыкай».

Праваслаўную царкву ў пасёлку Гатава ля Менску Бурыкін пабудаваў для таго, каб мець магчымасьць стаць сьвятаром без неабходнай адукацыі. Пасьля арышту Бурыкіна набажэнствы ў храме праводзяць па чарзе два іншыя сьвятары — протаіерэй Іаан Задарожын і сьвятар Аляксандар Грачышнікаў.

Па словах людзей, якія працуюць пры храме, цяпер набажэнстваў тут мала. Яны адбываюцца пераважна па выходных. У працоўныя дні ў царкву амаль ніхто не прыходзіць.

Пры царкве зьбіраюць сродкі для сям'і Бурыкіна

Пры царкве зьбіраюць сродкі для сям'і Бурыкіна.

«Я чула пра новыя абвінавачваньні супраць айца Канстанціна, чытала гэты артыкул, — расказала адна з жанчын, якія працуюць пра храме ў Гатаве. — Я ня веру ва ўсё гэта, не магу паверыць. Верагодна, яго дачка расказала пра ўсё гэта пад нейкім узьдзеяньнем, у мяне няма іншага тлумачэньня».

Жанчына гаворыць, што ведае Канстанціна Бурыкіна з 2011 году, калі прыйшла працаваць у царкву. Па яе словах, для ўсіх прыхаджан храма ў Гатава стала шокам яго затрыманьне па абвінавачваньню ў незаконным захоўваньні зброі. Што мяркуюць прыхаджане пра новыя абвінавачваньні, сказаць цяжка. Набажэнстваў у царкве пасьля гэтага яшчэ не было.

«Мы не верым у тое, што айцец Канстанцін мог гэта ўсё рабіць, — працягвае жанчына. — З намі з усімі ён заўсёды быў добры, ніякіх заўваг. Ён заўсёды абараняў нас ад усяго гэтага… Ад эўрапейскага, заходняга. А тут такія абвінавачваньні».

Сьвятар Аляксандар Грачышнікаў, які цяпер служыць у храме ў Гатава і зьяўляецца намесьнікам старшыні Сынадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай праваслаўнай царквы, ня стаў камэнтаваць новыя абвінавачваньні на адрас Канстанціна Бурыкіна. Протаярэй Іаан Задарожын пакуль недасяжны для камэнтароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0