Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня наведаў спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ II Еўрапейскіх гульняў. Разам з кіраўніком дзяржавы на трыбунах былі заўважаныя тры яго сыны.

Віктар і Дзмітрый размясціліся вышэй, у другім шэрагу, а Мікалай — разам з бацькам. З другога боку побач з Лукашэнкам сядзела Міс Беларусь — 2018 Марыя Васілевіч.

Таксама кампанію кіраўніку дзяржавы склаў бізнэсовец Аляксандр Машэнскі, уласнік кампаній «Санта Брэмар» і «Савушкаў прадукт». Былі і трэнеры — хакеіст Міхаіл Захараў і тэнісіст Сяргей Цяцерын, з якімі Лукашэнку звязваюць нефармальныя адносіны. Побач з Цяцерыным сядзела гімнастка-алімпійка Ксенія Санковіч. Была і асабістая доктарка кіраўніка дзяржавы Святлана Канашэнка.

Лукашэнка прыйшоў на спаборніцтвы ў спартовай куртцы з элементамі нацыянальнага арнаменту.

Беларускія весляры ў гэты дзень спаборніцтваў папоўнілі скарбонку медалёў на Еўрапейскіх гульнях. Золата ўзялі Арцём Козыр і Алена Наздрова ў веславанні на каноэ на спрынтарскай дыстанцыі 200 метраў. Яшчэ адно золата заваявала сёння Марына Літвінчук у заездзе на 5000 м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0