Прэм'ер-міністр Брытаніі Тэрэза Мэй і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правялі сустрэчу на палях саміту «Вялікай дваццаткі» ў японскай Осацы. Гэтая сустрэча стала першай пасля нападу на Сяргея і Юлію Скрыпалёў у Солсберы, піша bbc.com.

У часе сустрэчы Мэй сказала Пуціну, што «нармалізацыі двухбаковых адносінаў быць не можа, пакуль Расія не спыніць сваю безадказную і дэстабілізуючую дзейнасць, якая пагражае Вялікабрытаніі і яе саюзнікам», заявілі ў офісе брытанскага прэм'ер-міністра.

У прыватнасці, Мэй закранула атручванне Скрыпалёў. «Яна ясна дала зразумець, што Вялікабрытанія валодае неабвержнымі доказамі таго, што за гэтым нападам стаяла Расія, - [доказамі,] атрыманымі шляхам стараннага расследавання і супрацоўніцтва з нашымі саюзнікамі», — адзначаецца ў заяве Даўнінг-стрыт.

Прэм'ер-міністр заявіла на сустрэчы, што такія паводзіны ніколі не павінна паўтарыцца і што Вялікабрытанія хацела б, каб двое абвінавачаных у замаху на Скрыпалёў паўсталі перад судом.

Мэй таксама падкрэсліла, што Брытанія «працягне абараняць дэмакратыю, правы чалавека і роўнасць для ўсіх груп, у тым ліку ЛГБТ», дадалі ў прэс-службе прэм'ера.

«Расія не выдае сваіх грамадзян, але на гэтых двух чалавек выдадзены еўрапейскі ордар на арышт, і калі яны выедуць за межы Расіі, мы прыкладзём усе намаганні для таго, каб яны паўсталі перад судом», — заявіла Мэй.

«Расея павінна прызнаць свае дзеянні, спыніць дзейнічаць падобным чынам і спыніць іншую дэстабілізуючую дзейнасць па ўсім свеце - уключаючы, напрыклад, выкарыстанне дэзінфармацыі і кібератакі», — дадала прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0