Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў не разумее, чаму вакол яго візіту на гей-парад у Вільні да гэтага часу ідзе такая шуміха. І кажа, што ён не адзіны беларускі палітык, які там быў, піша belaruspartisan.by.

«У той дзень у Вільні былі прадстаўнікі амаль усёй беларускай апазіцыі, — тлумачыць Рыгор Кастусёў. — Я нават не ўсіх ведаю па прозвішчах, таму што было вельмі шмат прадстаўнікоў з рэгіёнаў — ад БХД, руху «За Свабоду».

На праспект Гедыміна на гей-парад мы пайшлі разам з Мікалаем Казловым, з намі разам была яшчэ адна жанчына, прозвішча не памятаю, баюся памыліцца, яна эколаг. Але Казлоў зайшоў у кафэ выпіць кавы, а я прайшоўся па праспекце, дзе якраз фарміравалася калона ўдзельнікаў парада. Па дарозе сустрэў знаёмых грамадскіх дзеячаў з Беларусі, мы сфатаграфаваліся…

Самае цікавае, што ўсе, хто пайшоў паглядзець на гэтае мерапрыемства з беларускай апазіцыі, правялі там значна больш часу, чым я! Так супала, што пачалося шэсце, а ў мяне ўжо падціскаў час, трэба было ехаць на вакзал, на аўтобус. А астатнія засталіся, таму што пазней з'язджалі. Дарэчы, на гэтым парадзе планаваў быць і ўжо былы намеснік старшыні нашай партыі Аляксандр Стральцоў. Ён хацеў арганізаваць пікет супраць гэтага парада. Але гэтага я ўжо не бачыў. І не ведаю, адбылося пікетаванне ці не. Што тычыцца яго выхаду з партыі, то сваю заяву ён аддаў асабіста мне ў рукі. Не ведаю, якая на самай справе была прычына такога ўчынку. Можа, ён даўно шукаў нагоду, каб пакінуць партыю… Ва ўсякім разе на пасяджэнні сойма, якое адбылося ў мінулую суботу, мы гэтае пытанне не абмяркоўвалі. У кулуарах пагаварылі аб небывалым рэзанансе гэтай тэмы, пасмяяліся, і ўсё на гэтым. Сышліся на тым, што любы чалавек можа паглядзець на гей-парад. Нічога страшнага ў гэтым няма. Глядзець на жыццё трэба шырэй!»

Экс-старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард была ў курсе, што беларускія палітыкі збіраюцца наведаць гей-парад.

«Я сама не хадзіла — з'ехала раней, але спакойна вельмі паставілася да таго, што некаторыя нашы палітыкі сабраліся туды пайсці, — кажа Ірына Вештард. — Гэта быў такі, скажам так, спартыўны інтарэс: што за мерапрыемства, як арганізоўваюць. І яны пайшлі туды зусім не таму, што прытрымліваюцца нейкай пэўнай ідэалогіі або хочуць у Мінску правесці гей-парад — пра гэта нават і гаворка не ішла! Ну проста ім, як дзецям, хацелася паглядзець на ўсё гэта. Ніхто з беларусаў шэсце ўзначальваць не збіраўся…»

Выконваючы абавязкі старшыні АГП Мікалай Казлоў кажа, што ўся справа ў недакладных фармулёўках.

«Я дзеля справядлівасці хачу сказаць, што Кастусёў не збіраўся ісці на парад. Можна сказаць, ён там апынуўся выпадкова. Хадзіў на парад — гэта значыць, ішоў у калоне. А нічога такога не было. Я дакладна ведаю, што Кастусёў у парадзе не ўдзельнічаў. Я бачыў.

Звычайных людзей, дарэчы, там было значна больш, чым удзельнікаў.

Калі шчыра, я сам не разумею, чаму паднялася такая шуміха вакол усяго гэтага. Я проста прапаную ўсім больш не смакаваць гэтую тэму. Мне нават шкада Кастусёва, якога ўсе зараз спрабуюць крыжаваць на гэтай тэме. Ну прайшоўся, ну паглядзеў. А яму што, трэба было выязджаць з горада тэрмінова, калі там гей-парад? Прайшоў міма, паглядзеў і пайшоў далей.

А ўсё пачалося з таго, што нехта напісаў: «Кастусёў узяў удзел у гей-парадзе». І пачалося цкаванне чалавека. Таму трэба быць дакладнейшым у фармулёўках. Ды і наогул трэба гэтую тэму згортваць. Выбары на носе, а ўся апазіцыя абмяркоўвае Кастусёва і гей-парад!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0