35-гадовы жыхар Браслава да раніцы адпачываў у мясцовым кафэ. Дабрацца самастойна дадому ўжо не мог і вырашыў папрасіць падвесці яго выпадковага кіроўцу, паведамляе міліцыя.

Той доўга не згаджаўся, але ў рэшце рэшт пагадзіўся. Даехаўшы да месца прызначэння, пасажыр папрасіў кіроўцу пачакаць аплату і сышоў дадому. Вярнуўшыся, прынёс у якасці аплаты шампур з шашлыком.

Разлік кіроўцу не задаволіў, паміж імі завязалася сварка. Пасажыр праткнуў шампурам абшыўку столі салона. Кіроўца спалохаўся і ўцёк, а п'яны дэбашыр стаў біць нагамі, скакаць на даху і капоце машыны.

Затым мужчына пайшоў дадому. Не сустрэўшы там сваёй сужыцелькі, адправіўся на яе пошукі. Па дарозе яго ўвагу прыцягнуў дом суседкі, дзе часам бывала яго сяброўка. Хуліган узяў камяні і стаў кідаць іх у вокны, разбіў імі пяць шклопакетаў. Перапалоханая гаспадыня выклікала міліцыю, якая і ўтаймавала дэбашыра.

Завялі крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0