5 ліпеня а 17:00 ў Прэс-клубе адбудзецца прэзентацыя кнігі журналіста Марата Гаравога «НКВД забіваў у Курапатах…» Гэта 17 тэматычных нарысаў пра трагедыю ў Курапатах, пра драматычныя лёсы ахвяраў і катаў, больш за 100 унікальных фатаздымкаў і малюнкаў, паведамляе Радыё Свабода.

«Я вывучыў кожны квадратны метр урочышча»

Журналіст, сябра грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы напярэдадні прэзентацыі падзяліўся са Свабодай некаторымі падрабязнасцямі.

«Кніга — мая рэакцыя на ўсё тое, што адбываецца ў Курапатах і вакол іх, асабліва на апошнія падзеі з «крыжаломам». Мяне гэта вельмі закранула, і я вырашыў тэрмінова напісаць кніжку, бо ў нас няма сучаснай папулярнай літаратуры і публіцыстыкі пра Курапаты. Я востра адчуў, што гэта так патрэбна — напісаць кнігу, у першую чаргу для моладзі, для падлеткаў, дзяцей, для ўсіх, хто цікавіцца гэтай тэмай. І выкласці ўсё тое, што ў мяне баліць», — кажа Марат Гаравы.

Сур’ёзна цікавіцца тэмай Курапатаў ён пачаў з 1996 года, пасля таго як пераехаў з Гомеля ў Менск. Так атрымалася, што ягонае сталічнае жытло аказалася літаральна за 200 метраў ад урочышча Курапаты.

«Я падумаў: гэта наканаванне лёсу. Хоць я і да гэтага цікавіўся Курапатамі, бо сам шмат займаўся археалогіяй. І з 1996-га вывучыў кожны квадратны метр, я быў там кожны дзень, шмат пісаў, і мне гэта настолькі балюча…»

Кніга невялікая: 62 старонкі. Складаецца яна з 17 тэматычных нарысаў: «Адкрыццё таямніцы старога бору», «Адкуль назва Курапаты», «Гістарычная тапаграфія Курапатаў», «Як працавала «фабрыка смерці», «Ахвяры і каты», «Праведнікі», «З гісторыі сем’яў, што жылі каля плота», «Як нішчылі і баранілі Курапаты» ды іншых. Яна багата ілюстраваная — каля 100 здымкаў і малюнкаў.

«Менавіта сведчанні людзей становяцца галоўнай крыніцай»

Кніга грунтуецца ў асноўным на сведчаннях людзей, успамінах, тлумачыць аўтар.

«Я сам гісторык і ведаю: калі абмежаваныя гістарычныя крыніцы, асабліва архіўныя, то менавіта сведчанні людзей становяцца галоўнай крыніцай. Галоўнай, як паказвае мой досвед. А я ўсё жыццё займаюся краязнаўствам, гісторыяй, аднаўляю невядомыя старонкі нашай айчыннай гісторыі, і заўсёды ў гэтым пераконваўся.

Курапацкая тэма — гэта проста айсберг! Але я маю досвед, за сваё жыццё апытаў тысячы сьведак, я ведаю, як гэта трэба рабіць, і да таго ж баліць у душы», — кажа Марат Гаравы.

«Птушкі, птушкі, раскажыце людзям, што мы ні ў чым не вінаватыя!»

Адна з кранальных гісторый, якую ён адкрыў, — пра Антона Матусевіча, што жыў на хутары ў Зялёным Лузе. Ягоная жонка Таццяна была ў саўгасе «Зялёны Луг» за вартаўніка і добра ведала ўсю гэтую тэрыторыю, у тым ліку і расстрэльны палігон.

«Уначы прыйшлі да іх і забралі Антося на вачах у малых дзяцей — маўляў, ён польскі шпіён. Дарэчы, потым яго рэабілітавалі.

Жонка пачакала свайго Антося дзень, другі, а потым уначы пайшла ў Курапаты. Чуе: за загарадку заязджае машына, потым усё сціхла, празь некаторы час мужчынскі голас гучна прамовіў: «Птушкі, птушкі, раскажыце людзям, што мы ні ў чым не вінаватыя!»

Таццяна распавяла гэта дзецям, а таксама сяброўцы, зь якой працавала. А дачка сяброўкі распавяла гэтую гісторыю мне. І неяк на выставу, прысьвечаную трагедыі ў Курапатах, мы запрасілі родзічаў — унучку і праўнучку Антося Матусевіча. А яны прынеслі сямейнае фота. Яно ёсць у кніжцы.

Для мяне самае галоўнае — захаваць памяць пра гэтую трагедыю», — кажа Марат Гаравы.

Кніга «НКВД забіваў у Курапатах…» выйшла ў выдавецтве «Колас». Рэцэнзенты — археолагі, кандыдаты гістарычных навук Валянціна Вяргей, Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?