05.07.2019 / 11:35

Што вядома пра мінчанку, якая загінула на салюце. Расказваюць муж і калега 1

3 ліпеня падчас салюту на Дзень Незалежнасці здарылася бяда: зарады пачалі ўзрывацца надта нізка, аскепкам забіла жанчыну.

Наталля Мікалаеўна — так звалі загінулую — памерла на вачах дачкі. Хуткая прыбыла імгненна, жанчыну рэанімавалі каля 30 хвілін, але безвынікова: аскепак трапіў у сонную артэрыю.

Наталлі Мікалаеўне 64 гады. Яна была на пенсіі. Раней працавала ў вучэбным аддзеле аднаго з інстытутаў.

Пра тое, што здарылася, муж жанчыны Юрый Іванавіч даведаўся толькі раніцай 4 ліпеня. У той вечар побач з жонкай яго не было, распавёў ён «Камсамолцы».

«Жонка даўно не бачылася з унукамі, іх у нас двое — сустрэцца вырашылі на свяце ў горадзе, — кажа мужчына. — Побач з жонкай была дачка. У мяне было нейкае дрэннае прадчуванне, але я тады не звязаў гэта з жонкай. Пра тое, што адбылося, мне паведамілі толькі на наступны дзень».

Расследаванне толькі пачалося, вінаватыя будуць пакараныя, мяркуе Юрый Іванавіч. Таксама ён распавёў журналістам Tut.by, што яго дачка цяпер знаходзіцца ў цяжкім псіхаэмацыйным стане.

Раней Міністэрства аховы здароўя інфармавала, што дачцэ загінулай аказалі дапамогу, пасля з ёй працавалі псіхолагі і псіхатэрапеўты.

«Камсамольская праўда» таксама пагутарыла з былой калегай Наталлі Мікалаеўны. Жанчыну ўзгадваюць выключна цёплымі словамі.

«Вельмі шкада, мы проста ў шоку, што гэта здарылася менавіта з ёй, — уздыхае Вольга Аляксандраўна. — Яна працавала ў нашым інстытуце больш за 10 гадоў: і ў навучальным аддзеле, і ў дэканаце. Яе любілі і калегі, і студэнты, да яе ўсё ішлі па параду.

Нават слоў не хапае, каб яе ахарактарызаваць: яна перш за ўсё была добрым чалавекам і добрым работнікам. Вельмі любіла сваю сям'ю, дапамагала дачцэ: на адзін год нават брала ў інстытуце дэкрэтны адпачынак, каб дачка змагла папрацаваць, а сама даглядала унучку.

Мы працавалі разам добрых паўтара дзясятка гадоў. Але не проста разам працавалі. Разам ездзілі за горад на пікнікі, на лецішча, разам гулялі ў валейбол, хадзілі ў кіно і тэатры, дзяліліся рэцэптамі і радасцю ад прыемных падзей у жыцці. Разам адзначалі святы, пяклі бліны на Масленіцу… Наталля Мікалаеўна была жыццярадаснай, безжурботнай аптымісткаю, заўсёды была гатова дапамагчы і падтрымаць. Нязменна далікатная, дыпламатычная, яна ўмела знаходзіць і падыход да людзей, і кампрамісы ў вырашэнні праблем. Яна была НАША Наталля Мікалаеўна, ёю і застанецца. Цяжка ўсвядоміць, што калега ўжо ніколі не патэлефануе… Светлая ёй памяць!»

Развітанне з Наталляй Мікалаеўнай пройдзе 6 ліпеня. Мінабароны і адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска заявілі, што аказваюць дапамогу сям’і загінулай, у тым ліку і з пахаваннем.

NN.by

8
Котіс / Адказаць
05.07.2019 / 15:14
Вайна напомніла пра сябе. Не будзіце ліха....
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру