05.07.2019 / 14:46

Прэм’ера Marvel, спектакль па кнізе Алексіевіч, выстава пра Быкава — куды пойдуць мінчукі на гэтых выхадных

1. «Чалавек-павук: Удалечыні ад дома»

4 ліпеня адгрымела прэм’ера чарговага фільма Marvel. Шмат экшна і спецэфектаў. Смешны, месцамі кранальны фільм з не самымі чаканымі паваротамі сюжэту.

Пітэр Паркер разам з сябрамі адпраўляецца на летнія канікулы ў Еўропу. Аднак адпачыць прыяцелям наўрад ці ўдасца — Пітэру давядзецца пагадзіцца дапамагчы Ніку Ф'юры раскрыць таямніцу істот, якія выклікаюць стыхійныя бедствы і разбурэнні па ўсім кантыненце.

Цяжка пісаць пра фільм, пазбягаючы спойлераў, але, калі вы збіраецеся на яго ісці, гэта вам ведаць варта:

Рэйтынг фільма на Кінапошуку — 7,7 з 10.

Калі: 6-7 ліпеня ў любы зручны для вас час

Набыць квіткі можна праз нашу Афішу.

Кошт: 5.50 — 10.00 BYN.

2. Джаз ля Ратушы

Субота 6 ліпеня ў мінчукоў апошні шанец бясплатна паслухаць джаз у Верхнім горадзе. Для нас выступіць Джоі Дэ Франчэска  амерыканскі музыкант у чацвёртым пакаленні, віртуозны джазавы арганіст і вакаліст, двойчы намінант на прэмію Грэмі. Ён пачаў вучыцца граць на клавішных у 4 гады. Крытыкі і чытачы часопіса Down Beat штогод выбіраюць яго найлепшым джазавым арганістам  з 2003 года!

Калі: 6 ліпеня (субота) 20:30 — 23:00

Дзе: Верхні горад

Колькі: бясплатна

3. Спектакль «Апошнія сведкі»

Спектакль «Апошнія сведкі» — гэта сумесная праца Святланы Алексіевіч і нямецкага рэжысёра Ёхана Лангнера.

У сваім «рамане галасоў» Святлана Алексіевіч сабрала і змантавала дзіцячыя ўспаміны дарослых людзей пра нацысцкі тэрор і злачынствы Вермахта супраць грамадзянскага насельніцтва ў Беларусі. Гэты мантаж успамінаў для тэатральнай сцэны спалучае маналог з «харавым сведчаннем», апавядае пра жахі вайны і спрабуе зразумець сутнасць і механізм уласна ўспамінаў.

Пасля паказу вас запрашаюць на дыскусію — выказаць свае думкі і абмеркаваць убачанае.

Калі: 6 ліпеня (субота), 20:00

Дзе: Корпус (Мінск, пр-т Машэрава, 9/8)

Колькі: 5.00 — 7.00 BYN

4. «Мышаняты і Месяц»

Ствараючы падборку падзей на выходныя, мы паклапаціліся і пра тых, хто хоча адпачыць з дзеткамі. У суботу і нядзелю Мінскі планетарый ладзіць паказы паўнакупальнага мультфільма «Мышаняты і Месяц».

Гісторыя пра тое, як аднойчы два мышаняты Піп і Скрып задаліся пытаннем: хто з'ядае зіхатлівы Месяцовы Сыр на небе? Кажаны не ведалі адказу, Сава таксама не ведала. Але разумныя робаты-астраномы дапамаглі мышанятам даведацца, што такое на самай справе Месяц, распавялі пра Месяцовыя моры без вады і без Месяцовых рыб. Мышаняты шмат пра што даведаліся і ўбачылі з дапамогай тэлескопа мноства кратараў. Іх так уразіў Месяц, што яны і самі захацелі там калі-небудзь пабываць!

Рэкамендаваны ўзрост для прагляду — 4+. Працягласць мультфільма — 15 хвілін.

Пасля мультфільма вас чакае экскурсія па зачаравальным зорным небе.

Калі: 6 ліпеня (субота): 11:00, 17:00

7 ліпеня (нядзеля): 12:00

Дзе: Мінскі планетарый (Мінск, вул. Фрунзе, 2)

Колькі: 3.80 BYN (для дзетак), 4.50 BYN (для дарослых)

5. Выстава «Васіль Быкаў. Пункціры жыцця»

У суботу раім наведаць таксама літаратурна-дакументальную экспазіцыю, прысвечаную Васілю Быкаву. Яна раскрывае старонкі жыцця Васіля Быкава праз аўтографы на кнігах, якія пісьменнік дарыў сябрам, калегам, знаёмым: Марыі Хайноўскай, Лідзіі Арабей, Алесю Адамовічу, Рыгору Барадуліну, Генадзю Бураўкіну, Івану Чыгрынаву і іншым на працягу свайго жыцця. На выставе прадстаўлены фотаздымкі, лісты і паштоўкі з архіва Васіля Быкава.

Сама экспазіцыя працуе да 15 верасня.

Калі: 6 ліпеня, 9:30 — 17:30

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, вул. Максіма Багдановіча, 13)

Колькі: 1.50 BYN (студэнты), 3.00 BYN (дарослыя)

Плануйце свае выхадныя разам з Afisha.nn.by.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру