05.07.2019 / 17:17

«Піў самагон і спаў п’яны на задняй парце» — што новага вядома пра нападніка на школу ў Стоўбцах 21

Раніцай 11 лютага 2019 вучань 10 «Б» класа школы №2 райцэнтра Стоўбцы (Мінская вобласць) Вадзім М. прыйшоў у школу з нажом і, як мяркуе следства, забіў дваіх чалавек.

Следчы камітэт 5 ліпеня паведаміў, што раследаванне скончылася, справу перадалі пракурору.

Вадзім М.

Ахвярамі сталі двое: настаўніца гісторыі Марына Пархімовіч і вучань 11 класа Саша Раманаў. Яшчэ дваіх школьнікаў Вадзім параніў, хлопцы выжылі.

«Наша Ніва» звязалася з Сяргеем Раманавым, бацькам Сашы. Ён будзе праходзіць пацярпелым па справе аб забойстве сына.

Саша і Сяргей Раманавы

Мужчына распавёў, што ведае на сёння.

«Не знайшлі ніякіх настаўнікаў, якія маглі падштурхнуць таго Вадзіма на яго ўчынак, ніякіх саўдзельнікаў… Нібыта вось у яго дах з’ехаў — і ўсё. Дзеля чаго ўсё зрабіў, і сам нібыта не разумее.

Следчы кажа, што не асабліва верыць Вадзіму, але што толку.

Сам Вадзім даваў паказанні, што нібыта яму надакучыла ўсё ў школе: настаўнікі, дырэктар… Там і дырэктарка, атрымліваецца, магла «падагрэць» яго сваёй ранішняй размовай. У тую раніцу яна сустрэла Вадзіма і пачала адчытваць яго, чаму ён не прысутнічаў на вайсковай падрыхтоўцы.

Але ў яго ўсё было ўжо з сабою: нож, малаток, петарды… Следчыя кажуць, што ўсё ж ён мэтанакіравана ішоў у школу ў той дзень.

Так і не раскалолі [Вадзіма], каб канкрэтна прызнаўся. Ён кажа, штосьці адбылося з галавою і вось такое ўчыніў. Майго Сашу ён нібыта ўвогуле не ведаў, і чыста выпадкова яго забіў. Бо Саша сядзеў з краю, а ўсе астатнія побач сядзелі дзяўчаты… І кажа, што сам не разумее навошта і дзеля чаго забіў, — расказаў Сяргей Раманаў. —

Прайшло столькі часу, але, па вялікім рахунку, усё выглядае так жа, як і ў першы дзень. Я нічога новага не даведаўся.

Ну вядома яшчэ, што ён усё ж рыхтаваўся да ўсяго гэтага. За некалькі дзён набыў нож. Знайшлі ўжо прадаўцоў нават. Дарэчы, нож не прызналі халоднай зброяй. Нібыта звычайны складны нож. Ды і бацька Вадзіма казаў раней, што бачыў той нож і не стаў забіраць.

Яшчэ вядома, што раніцай гэты Вадзім хадзіў курыць на стадыён і раніцай ужо выпіў. Ён піў самагон. Знайшлі таксама, дзе набываў яго — з рук.

У яго былі праблемы з алкаголем. Яго сябры казалі, што ён не раз спаў п’яны на задняй парце.

Гэты Вадзім ніякі не герой. Казалі, што вось, вучыўся добра… А ён хадзіў з сінякамі ды яшчэ і «квасіў». Настаўнікі кажуць, што яны нібыта нічога не заўважалі раней. А сябры яго тыпу прыкрывалі: спіць, маўляў, бо стаміўся…

Цяпер кажуць, дадуць гэтаму Вадзіму максімум 13 гадоў, бо непаўналетні». 

Экспертыза прызнала Вадзіма М. адэкватным: то бок, ён усведамляў, што рабіў. Цяпер яго будуць судзіць за забойства дваіх чалавек з асаблівай жорсткасцю, замах на забойства яшчэ дваіх і асабліва злоснае хуліганства. 

NN.by

8
Спадарыня / Адказаць
05.07.2019 / 17:47
Цікавыя рэчы, аднак, адбываюцца са следчым камітэтам. То "герой-міліцыянт" загінуў падчас выконвання службовых абавязкаў, а потым раптам стаў псіхічна хворым самагубцам. А зараз "ціхі і разумны" вучань стаў раптам прафесійным алкаголікам...
7
Спадарыня / Адказаць
05.07.2019 / 17:52
Цікавыя рэчы, аднак, адбываюцца са следчым камітэтам. То "герой-міліцыянт", які загінуў падчас выканання службовых абавязкаў, раптам стаў псіхічна хворым самагубцам. А зараз "ціхі і разумны" вучань стаў прафесійны алкаголікам...
8
ooo / Адказаць
05.07.2019 / 18:04
Ответ должен быть в его компе.
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру