«Скуру вылечыла за паўгода»

Вольга з сям’і дактароў, таму з дзяцінства цікавілася біялогіяй і фітааздараўленнем. Любоў да траваў ёй перадалася ад бабулі. Тая часта збірала і засушвала валошкі, рамонкі, лісце вішні, яблынеў цвет.

Гатаваць касметыку Вольга пачала, бо ў яе самой была праблемная скура.

— Калі вучылася ў школе, на першых курсах універсітэта, набывала розныя крэмы ў крамах. А потым вырашыла, што калі крэм утрымлівае алей арганы ці эфірны алей лімону, то чаму б мне не набыць гэтыя складнікі ў чыстым выглядзе і не зрабіць з іх тое, што трэба. Паколькі на біяфаку ёсць яшчэ і хімічная адукацыя, то зразумець, як што змяшаць, не складана.

Свой першы крэм дзяўчына зрабіла гадоў 7 таму. Ён складаўся толькі з алееў і быў вельмі тлустым. Пасля Вольга замешвала крэмы на пчаліным воску. Але яны атрымліваліся цяжкаватымі па тэкстуры. Таму воск было вырашана замяніць на эмульгатары, якія выкарыстоўваюцца ў касметалогіі.

Скуру, дарэчы, мінчанка вылечыла за паўгода.

— Ёсць расліны, якія добра падыходзяць для сухой, камбінаванай, тлустай скуры. Anti-age эфект маюць, напрыклад, алей авакада, эфірны алей іланг-ілангі, семя льну, чырвоная канюшына — яны запасяць фітаэстрагены і дапамагаюць стымуляваць рэгенерацыю клетак, — знаёміць з асновамі Вольга.

Цяпер у яе касметычцы амаль усё зроблена сваімі рукамі. Туш — з таўчонага актываванага вуглю, масла какавы, пчалінага воску і блакітнай гліны. Пудра — з молатай костачкі авакада і рысавай мукі.

Самаробная пудра.

Самаробная пудра.

Для дэзадарантаў ёсць тры рэцэпты. Першы — на аснове паленага галыну. У складзе другога — сода і цвёрдае расліннае масла (шы ці какосу). А каб атрымаць вадкі дэзадарант у спрэі, трэба змяшаць ваду, гідралаты раслін, якія маюць антыбактэрыяльны эфект (чабор, шалфей, мацярдушка, мята) і эфірныя алеі.

Для ачышчэння твару дзяўчына робіць прыродны ўбтан — мяккі скраб. Для гэтага высушвае травы (кветкі календулы, ліст трыпутніка, шалфей, валошку, ліст падбелу) і перамолвае іх у парашок. Такую раслінную сумесь насыпаеш на далонь, змешваеш з вадой і мыеш твар.

Травяны ўбтан.

Травяны ўбтан.

Адзінае, што Вольга не ўмее пакуль гатаваць, — танальны крэм. Не ведае, чым замяніць сінтэтычны пігмент.

Касметыку дзяўчына робіць на звычайнай кухні. Ніякага спецыяльнага абсталявання для гэтага не патрэбна — дастаткова кавамолкі, ступкі і дробнага сіта (лафхак ад Вольгі — апошняе могуць замяніць капронавыя калготкі).

— Мне падабаецца сам працэс прыгатавання касметыкі. Гэта такое чараўніцтва, мой спосаб адпачынку, — дзеліцца біёлаг.

«Калі правільна падабраць прыправы, не адрозніш, мяса гэта ці травы»

Вольга — вегетарыянка. Ад мяса адмовілася ў сёмым класе.

— Вырашыла правесці эксперымент. Бо частка людзей казала, што немагчыма жыць без мяса: маўляў, захварэеш, дзе ты будзеш браць бялок, В12. І на другім баку — знакамітыя людзі, якія былі вегетарыянцамі і сцвярджалі, што гэта дапамагае ім хутчэй думаць, больш лёгка адчуваць сябе. Мне захацелася праверыць, хто мае рацыю.

Бацькі да эксперыменту дачкі паставіліся нармальна. Мама толькі крыху перажывыла, што па жаночай частцы могуць узнікнуць праблемы: як-ніяк падлеткавы ўзрост. Але ўсё было нармальна — Вольга здавала аналізы крыві, каб кантраляваць сваё здароўе.

Потым ад мяса адмовіліся яе бацькі і сябры. Зараз 90% акружэння дзяўчыны — вегетарыянцы.

Корань лопуху.

Корань лопуху.

Стравы з дзікіх раслін Вольга пачала гатаваць, каб разнастаіць свой рацыён. Плюс такія травы нічым не апрацоўваюцца, а таму запасяць карысныя рэчывы, якіх няма ў зеляніне, што расце ў цяпліцах.

На кухні ў біёлага часта прысутнічаюць снітка, крапіва, корань лопуху, баршчэўнік сібірскі (не блытаць з баршчэўнікам Сасноўскага).

Усяго Вольга выкарыстоўвае каля 20 відаў дзікаросаў: штосьці ў якасці асноўнага інгрэдыенту, штосьці — як прыправу (тыя ж кветкі крываўніка, лісце ляшчыны, хвошч). А макрыцу, якой хапае на любым агародзе, дзяўчына пасля праполкі не выкідае — дадае ў цеста для аладкаў.

Крапіва ў кляры.

Крапіва ў кляры.

— Мы часта ходзім у байдарачныя паходы і ніколі не бяром з сабой гарбату — варым з елкі, сасны, чарнічніку, багуну. Першы раз сябры ставіліся насцярожана, але больш нічога піць не было, таму пакаштавалі. Потым мы спрабавалі ўкараняць суп з кісліцы, катлеты з розных раслін (бярэш за аснову аўсяныя шматкі і туды крышыш усе ядомыя расліны — трыпутнік, падбел, снітку). Калі правільна падабраць прыправы, часта не адрозніш, мяса там ці травы.

«Матраца з травы хапае на год»

У паходы дзяўчына ходзіць з самага дзяцінства. У свой першы адправілася, калі ёй было два гады. Часта вандруе па Віцебскай вобласці — краі азёраў. Але ў паходах бывае не толькі па Беларусі.

— Адно з любімых месцаў — Кольскі паўвостраў за палярным кругам. І там вельмі шмат насякомых — без накамарніка (такой сеткі, як у пчалавода) жыць немагчыма. Жывёлы гінуць ад таго, што ўдыхаюць насякомых, — расказвае Вольга і ўспамінае, як шукала рэцэпт прыроднага рэпеленту.

— У мяне былі з сабой розныя эфірныя алеі, і я капала іх на палатку, вопратку і глядзела, ці прылятаюць камары. Пакуль алей пахне — гэта гадзіны тры, — насякомых побач няма.

Яшчэ адзін Вольжын эксперымент — сон на траве.

— Бацькі жывуць на хутары, і там вялікая тэрыторыя, якую трэба касіць. Выкідаць траву шкада: яна так пахне! Мы падумалі з мамай, што раней жа ўсе спалі на сенавале — можна сена засунуць у тканіну і паспрабаваць зрабіць матрац. Хваляваліся, што будзе збівацца, але не, — дзеліцца дзяўчына.

Яна кажа, што матрац з травы такі ж зручны, як і звычайны. Хапае яго на год — на наступнага сенаксосу.

«У горадзе быць здаровым немагчыма»

Травы біёлаг выкарыстоўвае таксама замест лекаў. Прызнаецца, што першыя ў сваім жыцці антыбіётыкі піла ўсяго два гады таму, калі яе ўкусіў клешч. Звычайна ж пры прастудзе абыходзіцца прыроднымі сродкамі.

— У Беларусі, напрыклад, ёсць ісландскі мох. Гэты лішайнік валодае антыбіятычнымі ўласцівасцямі, уздзейнічае на бактэрыі, у тым ліку на туберкулёзную палачку. Ёсць расліны, якія накопліваюць шмат саліцылатаў — гэта тое, з чаго складзены аспірын. І таму пры высокай тэмепературы замест «Тэрафлю» можна піць такія травы, напрыклад, ліст маліны.

Яшчэ адзін цудадзейны сродак — моцная гарбата з крываўніка і зверабою. Вольга заварвае яе пры першых прыкметах прастуды і п’е на працягу дня.

— Грыпам апошні раз хварэла ў класе восьмым. У мяне з дзяцінства моцны імунітэт быў, бо хадзіла босая, купалася ў рацэ. Справа ж не толькі ў травах, а ў ладзе жыцця — чым ты дыхаеш, што ясі, колькі рухаешся, спіш. І ў горадзе быць здаровым немагчыма, якія б БАДы ні піў, — мяркуе Вольга.

— Таму летам я стараюся жыць у вёсцы і ездзіць у Мінск на працу. Наогул мару пераехаць жыць за горад, як мае бацькі.

Рэцэпты ад Вольгі

Апалосквальнік для валасоў

Спатрэбіцца:

  • 2—4 лісты чорнай парэчкі;
  • 3 галінкі мацярдушкі (можна замяніць шалфеем, лавандай, чаборам, мелісай);
  • 5 лісцікаў трыпутніку;
  • 4 верхавіны крапівы;
  • 1 галінка ядлоўца.

Пучок траваў заварыць кіпенем, настаяць гадзіну, працадзіць, дадаць 5 кропель воцату ці соку лімону. Можна ўдасканаліць бальзам 2—3 кроплямі любімага эфірнага алею ці настоем семя льну.

Катлеты са сніткі

Спатрэбіцца:

  • снітка звычайна (пакет 300 гр.);
  • аўсяныя шматкі (2 жмені);
  • соль (1 ч.л.);
  • прыправы;
  • мука (лепш іржаная ці нутавая);
  • цыбуля (2 шт.);
  • яйка (2 шт.) ці настой семя льну;
  • 4 лыжкі смятаны;
  • дадаткова можна тварог, любую зеляніну, нацёртую бульбу ў мундзіры.

Снітку перабраць, жорсткія чаранкі прыбраць. Нарэзаць, памяць у місцы з соллю. Дадаць нарэзаную цыбулю, 2 яйкі, іржаную муку, аўсяныя шматкі, прыправы, добра перамяшаць да рыхлага цеста. Сфармаваць катлеты і смажыць на маленькім агні, пасля можна датушыць у каструлі (напрыклад, у таматнай пасце). Падаваць гарачымі ці халоднымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?