Папраўкі аб адной адтэрміноўцы ад прызыву істотна не паўплываюць на паступленне ў магістратуру і аспірантуру тых, хто матываваны да навукова-педагагічнай дзейнасці. Пра гэта заявілі БелТА ў Міністэрстве адукацыі.
Для ўладкавання па шырокім спектры спецыяльнасцей магістарская ступень не патрабуецца. У міністэрстве лічаць, што папраўкі не закранаюць канстытуцыйнае права на адукацыю.
Больш за тое, у сувязі з уступленнем у сілу гэтага закона грамадзянам, якія звольненыя з тэрміновай вайсковай службы (службы ў рэзерве) і маюць рэкамендацыі воінскіх часцей, плануецца пашырыць ільготы пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
У адпаведнасці з арт.49 Кодэкса аб адукацыі навучэнцам, якіх прызвалі на тэрміновую вайсковую службу і накіравалі для яе праходжання ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні краіны, даецца адпачынак на ўвесь яе перыяд. Па завяршэнні адпачынку або яго часткі, а таксама на працягу аднаго года з даты звальнення з тэрміновай вайсковай службы ў запас або адстаўку можна працягнуць навучанне ў той жа ўстанове адукацыі на ранейшых умовах.