фота Юліі Дарашкевіч

фота Юліі Дарашкевіч

Калі я прызнаўся ў сваёй арыентацыі, мне стала лягчэй, не трэба весці падвойнае жыццё. Але і крычаць пра гэта я не збіраюся, — кажа рэдактар сайту gay.by Аляксандр Палуян.

Мазырскі ваенкамат некалькі тыдняў таму даў яму адтэрміноўку ад службы праз ягоную гомасексуальнасць. Гэта першы такі выпадак у Беларусі. Менавіта гэтая навіна і стала нагодай для гутаркі пра агульнае становішча секс-меншасцяў у Беларусі.

Аляксандр Палуян: Наша войска, як і грамадства, не гатовае прыняць геяў. Я б не змагаўся супраць прызыву, калі б ведаў, што да мяне там будзе нармальнае стаўленне. Але ўпэўнены, што ў войску будуць і здзекі, і жартачкі, тым больш цяпер, калі ўсе ведаюць, што я гей. Гэта фактычна падпісаны самому сабе прысуд.

«Наша Ніва»: Як бы Вы ўвогуле ацанілі стан секс-меншасцяў у Беларусі на сёння?

АП: Цяжкое становішча. Секс-меншасцяў не прымае ні грамадства, ні ўлада, ні апазіцыя. Знайсці тую групу людзей, якая б нармальна ставіліся да геяў, лесбіянак і транссексуалаў, складана. Трэці сектар [незалежныя грамадскія арганізацыі — Рэд.] гатовы да супрацоўніцтва, улады маўчаць, некаторыя апазіцыянеры ж выказваюцца рэзка адмоўна.

Адна толькі Партыя зялёных гатовая стварыць камітэт па абароне правоў секс-меншасцяў.

«НН»: Калі параўноўваць з суседнімі дзяржавамі, то дзе становішча лепшае?

АП: Калі параўноўваць з Расіяй, то там ціск з боку ўлады нават большы — забараняюць усё, ладзяць аблавы на забаўляльныя ўстановы, дзе збіраюцца гомасексуалы, не дазваляюць парады. Калі браць Украіну, то там сітуацыя больш-менш нармальная. Ствараюцца і рэгіструюцца арганізацыі, праводзяцца адукацыйныя і інфармацыйныя мерапрыемствы.

«НН»: Што можа зрабіць дзяржава для паляпшэння ўмоваў жыцця гомасексуалістаў?

АП: Проста адукоўваць людзей. Расказаць ім, які сапраўдны лад жыцця вядуць геі. Даваць людзям інфармацыю, хто такія геі. Трэба прымаць нейкія праграмы ў Міністэрстве адукацыі. У Беларусі ж цалкам адсутнічае сексуальнае выхаванне.

«НН»: А гэта не будзе прапагандай гомасексуалізму?

АП: Чаму прапагандай?

Мы ж не кажам, што геем быць класна. Мы проста гаворым пра тое, што ёсць такія людзі і да іх патрэбнае гуманнае стаўленне.

«НН»: Дык з якімі канкрэтнымі бытавымі праблемамі сутыкаюцца гомасексуалісты ў Беларусі?

АП: Людзі робяцца закрытымі. Яны баяцца сказаць пра сваю гомасексуальнасць. Напрыклад, я ведаю не больш за пяць чалавек у нашай краіне, якія б адкрыта заявілі, што яны геі ці лесбіянкі. Транссексуалы ж цалкам мяняюць свой лад жыцця — яны мяняюць працу, кола знаёмых, пераязджаюць жыць на іншае месца. Калі прызнаешся некаму, што ты гей, то стаўленне людзей досыць неадэкватнае, а часам агрэсіўнае.

«НН»: Дык наша грамадства гамафобскае?

АП: Вось нядаўна радыё TUT.BY праводзіла апытанне на гэтую тэму. Дык большасць водгукаў, якія пайшлі ў эфір, былі кшталту таго, што кожны мае права на сваё прыватнае жыццё. Разам з тым, ёсць і іншыя моманты. Некаторыя кажуць, што мы хворыя. Працуе стэрэатыпнае мысленне. Людзі ведаюць, што гей — гэта кепска, а вось у нас ёсць традыцыйныя каштоўнасці. Дык, прабачце, мы не выступаем супраць гэтых каштоўнасцяў. Мы толькі кажам, што кожны чалавек мае права на свой лад жыцця і ўласную свабоду.

«НН»: Дык а чаму грамадства не гатовае прыняць секс-меншасцяў?

АП: Гэта мысленне навязвалася нам дзесяцігоддзямі. У людзей склаўся нейкі свой погляд на гэта, і яны нават не думаюць яго памяняць, разабрацца, хто такія геі.

«НН»: Шмат хто кажа, што гомасексуалізм супярэчыць хрысціянскім каштоўнасцям. Што Вы можаце адказаць на гэта?

АП: У нас шмат ідзе дыскусій па гэтым пытанні. Пачнем з таго, што Бог адзіны для ўсіх, і сярод вернікаў, упэўнены, таксама хапае гомасексуалаў. Проста казаць, што ўсе геі — садаміты, па меншай меры, некарэктна.

Бог стварыў усіх, у тым ліку гомасексуалістаў.
Мы не самі сябе прыдумалі, то бок немагчыма захацець пабыць геем, а потым зноў стаць гетэрасексуалам.
Гэта прырода і не залежыць ад чалавека.

«НН»: Дык значыць, геямі нараджаюцца, а не становяцца?

АП: Я лічу, што нараджаюцца. Ну як ты станеш геем? Людзі з падлеткавага ўзросту (12—14 гадоў) пачынаюць задумвацца аб сваёй сексуальнай арыентацыі. Заўважаюць, што ім падабаюцца людзі таго ж полу. Паступова гэта развіваецца. Некаторыя прыходзяць да гэтага ў трыццаць гадоў. У іх могуць быць сям’я, дзеці, але яны прыходзяць да высновы, што гэта не іхняе. Кажуць, ёсць такая тэндэнцыя, што геем быць модна — глупства гэта. Няма нейкага стэрэатыпнага гея. Кожны індывідуальны. Апранаюцца, вядуць свой лад жыцця абсалютна па-рознаму.

«НН»: А якія ўвогуле найбольш распаўсюджаныя стэрэатыпы пра гомасексуалістаў у нашым грамадстве?

АП: У першую чаргу

думаюць, што ўсе геі педафілы. Поўнае глупства.
Нават паводле афіцыйнай статыстыкі колькасць педафілаў у працэнтных суадносінах сярод гетэрасексуалаў нашмат большая. Яшчэ лічаць, што геі падобныя да дзяўчат. Ведаеце, ёсць такія людзі, але іх адзінкі. А то часам паказваюць, што нейкі хлопец увесь у пёрах і ходзіць у такім выглядзе па вуліцах. Геі працуюць побач з вамі, карыстаюцца грамадскім транспартам. Яны такія самыя людзі, як і іншыя.

«НН»: Колькі чалавек на сёння ўваходзіць у вашу арганізацыю?

АП: Каля дваццаці. Зрэшты, наша арганізацыя досыць свабодная. Гэта ініцыятыўная група. Здараецца, што людзі прыходзяць ці сыходзяць, але цякучка вельмі невялікая. Ёсць касцяк, які абмяркоўвае, што зрабіць, куды з’ездзіць. Мы пачалі працаваць з людзьмі з Віцебску, Гомелю. Бо трэба, каб інфармацыю атрымлівалі не толькі ў Мінску.

«НН»: Дык а які сённяшні сярэдні гей? Можаце адказаць?

АП: Калі даваць агульную характарыстыку, то гэта досыць адукаваны, вольны чалавек, які любіць мастацтва.

«НН»: Значыць, збольшага геі — творчыя асобы?

АП:

Ніхто не будзе адмаўляць, што шмат паэтаў, мастакоў (з вядомых — Чайкоўскі, Леанарда да Вінчы) былі геямі. У той жа час мы не ведаем, колькі геяў працуе, скажам, на МТЗ. Можа, там дакладна такая ж колькасць, як і сярод інтэлігенцыі.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у свеце 5—10% працэнтаў гомасексуалістаў. Што да Беларусі, то некаторыя міжнародныя крыніцы даводзяць, што ў нас 70 тысяч геяў.

«НН»: Што значыць у беларускім грамадстве адкрыта заявіць, што ты гей?

АП: У некаторых узнікае неадэкватная рэакцыя. Я прызнаўся ў гэтым — адны асудзілі, іншыя сказалі, што малайчына: маўляў, не спалохаўся рэакцыі калег, сяброў, знаёмых.

Калі ў мяне запытаюцца, ці гей я, адкажу, што так. Калі пытацца не будуць, то і крычаць пра гэта я не збіраюся. Калі я прызнаўся ў сваёй арыентацыі, мне стала лягчэй, не трэба весці нейкае падвойнае жыццё,
як робяць многія. Гэта вельмі складана, бо людзі жывуць не сваім жыццём, а граюць ролі.

«НН»: Калі Вы прыйшлі да ўсведамлення, што Вы гей?

АП: У падлеткавым узросце. Заўважыў, што не звяртаю ўвагі на дзяўчат, а гляджу на хлопцаў. Гэта таксама было для мяне складана. Я не стаў з гэтым змагацца, як робяць некаторыя. Прырода ўсё адно возьме сваё. Як бы ты ні хацеў змяніць сябе, то ўсё адно не ўдасца. Я прыняў гэта як належнае.

«НН»: Сябры, знаёмыя не адмовіліся ад кантактаў з Вамі?

АП: Блізкія сябры і калегі ведаюць, што я гей. У прынцыпе, у нашых размовах мы імкнемся не закранаць гэтыя тэмы. Ну так, былі людзі, якія пісалі смс-кі, што яны не ведалі і гэта для іх вялікі сюрпрыз, але каб нехта адмовіўся, то такога няма.

«НН»: А як бацькі паставіліся?

АП: Яны не ведаюць. Хаця, можа, ужо і даведаліся, але ніякай рэакцыі не было.

«НН»: Ці магчымы ў Беларусі гей-парад?

АП: Ідэя ёсць. Але нават унутры нашай ініцыятывы да яе ставяцца па-рознаму.

Грамадства не гатовае да гей-параду.
Разам з тым, падобныя мерапрыемствы становяцца тым момантам, калі людзі даведваюцца пра геяў. Пачынаецца абмеркаванне тэмы. Усяму свой час, у нас гэты час яшчэ не прыйшоў.

«НН»: А які сэнс увогуле ў гей-парадаў?

АП: Людзі проста добра праводзяць час. Паказваюць сваю пазіцыю, заяўляюць аб правах. Кажуць, што роўныя з астатнімі. Нават тыя, хто ніколі не цікавіўся гэтай тэмай, пачынаюць самаадукоўвацца.

«НН»: У Мінску ёсць месцы, дзе збіраюцца прадстаўнікі секс-меншасцяў?

АП: Ёсць, як у кожнай іншай субгрупы, але я іх не назаву. Але такога адзінага месца, дзе мы збіраліся б увесь час, няма. Гэта проста небяспечна.

У нас хапае гамафобаў, якія гатовыя на многае.
На наш сайт досыць часта прыходзяць раз’юшаныя водгукі. Але фізічнай расправай не пагражалі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?