30.01.2009 / 10:14

Быў ЕГУ беларускім 30

А зараз можа быць ператвораны ў «рэгіянальны».

А зараз можа быць ператвораны ў «рэгіянальны».

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт з беларускай ВНУ на выгнанні мае шанцы пераўтварыцца ў рэгіянальны Усходнееўрапейскі універсітэт, на ўзор Цэнтральнаеўрапейскага, што дзейнічае ў Будапешце (CEU).

Кіраўніцтва намякае, што на трансфармацыі ЕГУ настойваюць замежныя партнёры навучальнай установы. Маўляў, існаванне беларускай ВНУ за мяжой — справа не танная, і рэсурсы скончыліся.

Што вядома? Прынятае рашэнне пра скасаванне факультэтаў. Найхутчэй, пачнуцца скарачэнні па навучальных дысцыплінах і спецыяльнасцях. Ходзяць чуткі, што сярод першых кандыдатаў на вылет — спецыяльнасці беларусістыкі. Хоць рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў сцвярджае, што рашэнне будзе залежаць ад якасці праграм.

Паводле Міхайлава, галоўная задача ЕГУ у найбліжэйшы перыяд — выйсці на самаакупнасць.

Стаць «моцнай прывабнай адукацыйнай структурай». Цягам пятнаццаціхвіліннай размовы рэктар паўтарыў гэты выраз як мантру роўна пяць разоў.

ЕГУ быў зачынены ў Беларусі ў 2004 г. Ад 2005 году універсітэт дзейнічае за мяжой, у Літве. Напачатку моцную фінансавую падтрымку універу ў выгнанні далі Скандынавія і Фонд Сораса.

Навучанне вядзецца па бакалаўрскай і магістарскай ступенях, на вочнай і завочнай формах. Сярод спецыяльнасцяў, якія прапаноўвае ЕГУ: беларусістыка, паліталогія, еўрапейскія даследаванні, міжнароднае права, філасофія, медыі, камунікацыі, турызм.

* * *

Каб праясніць сітуацыю, мы звярнуліся да рэктара ВНУ акадэміка Анатоля Міхайлава.

«Наша Ніва»: Што сёння адбываецца ў ЕГУ? Насамрэч чакаюцца рэвалюцыйныя рэформы?

Анатоль Міхайлаў: Будзе рэформа нашай адукацыйнай праграмы, сістэмы кіравання, і я спадзяюся, што гэта пойдзе на карысць ЕГУ. Унутры ВНУ праходзіць інтэнсіўнае абмеркаванне ідэй з супрацоўнікамі. Быў зацверджаны пяцігадовы план развіцця ЕГУ, які трэба выконваць. Найбліжэйшым часам пройдзе паседжанне кіроўнай рады нашага універсітэту, у склад якой уваходзяць знаныя навукоўцы Еўропы і Амерыкі. Любыя канструктыўныя прапановы будуць вітацца.

«НН»: Што ўключае ў сябе новы план стратэгічнага развіцця ЕГУ?

АМ: Мы з’яўляемся структурай, якая павінна забяспечыць сваё якаснае існаванне. Нам трэба забяспечыць рэсурсы для развіцця ЕГУ. Урад Беларусі нам не дапамагае. Літоўскі ўрад робіць усё магчымае, але ён таксама не здольны цалкам забяспечыць наша існаванне. Нам трэба вызначыць стратэгію таго, як універсітэт пераўтворыцца ў моцную прывабную адукацыйную структуру, якая будзе дзейнічаць для карысці і Беларусі, і Літвы. Гэта нялёгкая справа.

«НН»: То бок на рэформе універсітэту настойваюць замежныя партнёры?

АМ: У рэформе і трансфармацыях няма нічога драматычнага і негатыўнага. Рэфармаванне гэта нармальны працэс. Любая структура, якая хоча выжыць у гэтым свеце, павінна быць гатовая да больш і больш адэкватных трансфармацый.

«НН»: Вы можаце назваць канкрэтныя крокі па рэфармаванні ЕГУ?

АМ: Найперш будзе дэмакратызаваная сістэма кіравання. Упершыню будзем выбіраць сенат універсітэту. Мы спрабуем зрабіць нашы праграмы міждысцыплінарнымі, бо іх занадта многа і яны вельмі адрозныя. У нас існуюць праблемы наконт якаснай рэалізацыі гэтых праграм. Павінны быць знойдзеныя шляхі максімальнага выкарыстання тых рэсурсаў, якія маем. ЕГУ існуе ў якасці літоўскага універсітэту менш за чатыры гады — гэта мізэрны тэрмін для таго, каб універсітэт ператварыўся ў магутную структуру. Непачаты край работы.

«НН»: Факультэты будуць скасаваныя?

АМ: Усяго ва універсітэце семнаццаць праграм. Я не магу назваць ніводнай іншай ВНУ, дзе было б нешта падобнае. Гэта ненармальна. Нам трэба ў большай ступені адпавядаць тым выклікам, з якімі мы сутыкаемся ў нашай посттаталітарнай, постсавецкай рэальнасці. Мы збіраемся рэструктурызавацца ў адпаведнасці з тымі існымі ўзорамі, якія прынятыя ў свеце. Мы збіраемся зрабіць навучанне для бакалаўраў і магістраў. Нам не патрэбная такая колькасць кіраўнікоў праграм, дэканаў, якую маем сёння. ЕГУ вельмі маленькі камерны універсітэт. Калі б вы сказалі, дзе нам браць рэсурсы, то можна было б стварыць яшчэ пяць факультэтаў. Жывем у цяжкія часы.

«НН»: Будуць скарачэнні спецыяльнасцей, людскіх кадраў?

АМ: Трэба разумець, што фінансаванне ад замежных донараў не будзе вечным. Нам трэба самім станавіцца на ногі, а не займацца папрашайніцтвам.

«НН»: Ці можна гаварыць пра тое, што з беларускага універсітэту на выгнанні ЕГУ можа пераўтварыцца ў рэгіянальны?

АМ: Калі наша ВНУ вырасце ў статусе, то гэта прынясе ўсім толькі карысць. ЕГУ застанецца беларускім універсітэтам. Разам з тым, падобнае пераўтварэнне падвысіць і статус Беларусі як палітычнага гульца ў гэтым рэгіёне, праясніць ролю і месца Беларусі. Дай Бог нам здзейсніць гэтую задачу. Не бывае адукацыі і навукі, абмежаванай нацыянальнымі межамі. Будзем аб’ектыўнымі: інтарэс да Беларусі ў свеце падае. Сёння я раніцай слухаў Бі-бі-сі: там расказваюць пра Мугабэ, пра Блізкі Усход. Свет жыве іншымі рэаліямі.

«НН»: Беларускамоўная адукацыя будзе скарочана?

АМ: Гэта будзе залежаць ад якасці праграм.

«НН»: Варыянт вяртання ЕГУ ў Беларусь на парадку дня не стаіць?

АМ: Гэта абсурд — вяртацца для таго, каб нас знішчылі.

Каментар Рэдакцыі чытайце тутака

Зміцер Панкавец

0
кінік / Адказаць
30.01.2009 / 12:04
"Будзем аб’ектыўнымі: інтарэс да Беларусі ў свеце падае. Сёння я раніцай слухаў Бі-бі-сі: там расказваюць пра Мугабэ, пра Блізкі Усход. Свет жыве іншымі рэаліямі". Так, страшна жыць, цяжка заставацца беларусамі. І правільна, што ЕГУ, як і сьвет, пачынае жыць іншымі рэаліямі. Пабеларусазаваліся і годзе.
0
магадан / Адказаць
30.01.2009 / 12:56
тое, будзе ці не будзе адукацыя па-беларуску - не так важа. Важна каб універ выжыў і павысіў свой статус - а беларускім ен застанецца a priori. Трэба выжываць; дзякуючы таму, што ўнівер збольшага расейскамоўны (як і ўсе універы беларускія) то там вучацца і ўкраінцы і рускія, прыбалты. Гэта падкрэслівае, на маю думку, эфектыўнасць універу. У будучым там маглі б вучыцца замежнікі і з Зах Еўропы.
0
Андрэй Мельнікаў / Адказаць
30.01.2009 / 13:44
Згодны з магаданам. Ад сябе дадам, што беларусам неабходна вызначыцца - у чым сэнс іх беларускасці. Проста быць іншым - гэта самавыражэнне па тынэйджарску. Быць сабой - а навошта ў свеце гэткі ты? Што нясе беларускасць чалавецтву, якія дыяменты духа? У адрозненне ад жывёл ды раслін, чалавеку дадзена быць творцам (ці сатворцам, разам з Творцам). Дык што ж беларусам тварыць і навошта? Пакуль грамчэй за ўсё атрымваецца ў лукашыстаў пра нашую беларускую чысціню і гасціннасць (ад якой пырскае фальшам і самазакаханасцю ва ўсі бакі), а ў Пазняка пра перашкоды антыбеларускіх рэжымаў і пастаяннае далучэнне нейкіх людзей да ворагаў (шмат праўды, але часцяком - эфект "дзям'янавай юшкі".). І тое і тое ад беларусаў і беларускасці больш адштурхоўвае, хаця кагось і прыцягвае (а потым - плоймы расчараваных і абазлённых былых фанатаў)... Рэд. Вы не зразумелі сутнасці. Гаворка пра тое, людзі, што раней набіралі студэнтаў з Беларусі, а зараз пераважна будуць набіраць з Калінінградскай вобласці, Прыднястроўя і расейскамоўных Балтыі. Колькасць месцаў для беларусаў скароціцца, і спыніцца вывучэнне беларускай тэматыкі, якое толькі-толькі было пачалося. Што да патрэбы беларускамоўнага ўніверу, то тут што нават даказваць. Ён быў бы меў вялікае нацыятворчае значэнне.
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру