На цырымоніі развітання з былым галоўным ідэолагам краіны Уладзімірам Замяталіным прысутнічаў экс-кіраўнік спраў прэзідэнта Іван Ціцянкоў. «Наша Ніва» не прамінула магчымасці задаць колішняму топ-чыноўніку пару пытанняў. Ціцянкоў адразу папярэдзіў, што размаўляць пра сённяшнюю палітыку ён не будзе.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

«Наша Ніва»: Дзе вы цяпер? Чым займаецеся?

Іван Ціцянкоў: Пенсіянер, жыву ў Тарасаве пад Мінскам. На суседняй вуліцы жыве Іосіф Сярэдзіч, рэдактар «Народнай Волі». Ён мне яшчэ казаў: чаму не прастаўляўся, калі прыехаў? У маі было восем гадоў, як вярнуўся ў Беларусь.

«НН»: І што, нават ніякага бізнэсу тут няма?

ІЦ: Не маю права. Я атрымліваю не пенсію, а дапамогу. І вось згодна з гэтай дапамогай я не маю права тут займацца бізнэсам, што паробіш.

«НН»: А чаму з Расіі вярнуліся?

ІЦ: На той момант мне ўжо было 58 гадоў, выходзіў на пенсію. Сыны там засталіся, а я вярнуўся. Два сыны, пяць унукаў, вось так я жыву.

«НН»: У сярэдзіне 90-х, калі вы працавалі разам з Замяталіным, скажыце шчыра, спадзяваліся, што Беларусь увойдзе ў склад Расіі?

ІЦ: Калі СССР валілі, я быў дэпутатам. Мазгоў у людзей тады не было, таму і развалілі краіну. Вы ж цудоўна ведаеце, якая эканоміка Беларусі. Толькі са старэйшым братам трэба сябраваць, і тады многае можа атрымлівацца. Нават не трэба было аб’ядноўвацца! Трэба працаваць і з Расіяй, і з Еўропай.

«НН»: Іван Іванавіч, а за той учынак, калі парвалі бел-чырвона-белы сцяг, не сорамна?

«Пазняк як убачыць, во будзе!» — «Хай задушыцца», — абмяркоўвае паміж сабой каманда Ціцянкова, раздзіраючы нацыянальны сцяг.

ІЦ: Ды не, дарагі, як жа ўсё было. На мяне была ж нават крымінальная справа! Я хадзіў на допыты ў пракуратуру, усё як мае быць.

Значыць, я прыехаў на працу ў адміністрацыю. Мне прыходзіць каманда зняць сцяг з будынку. Наверх падымаемся я, мой намеснік Лявонцій Харужык, здаецца, яшчэ два намеснікі. Палезлі мы, значыць, такія наверх.

І хтосьці з намеснікаў кажа: «Іванавіч, давайце разрэжам сцяг на кавалачкі, каб было на памяць».

А хтосьці знізу з апазіцыі зняў усё гэта. І тут раздулі — ёпт. Хіба б я мог сабе такое дазволіць? І цяпер у інтэрнэце гэта ўвесь час раздзьмуваюць.

«НН»: Што скажаце ў памяць пра Замяталіна?

ІЦ: Дзелавы, актыўны работнік.

«НН»: Аляксандр Фядута ўчора сказаў, што Замяталін не любіў Беларусь.

ІЦ: А Фядута любіць? Знайшоў ты мне Фядуту! Фядута і Замяталін — гэта неба і зямля.

***

Іван Ціцянкоў

Нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна. У 1990—1994 — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі. У 1994 стаў кіраўніком спраў прэзідэнта. У адстаўку сышоў у 1999 годзе. Пасля гэтага жыў у Маскве, займаўся там бізнэсам.

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?